viasna on patreon

Агляд навінаў палітвязняў з 19 па 26 верасня

2023 2023-09-26T11:53:01+0300 2023-09-26T12:52:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

На мінулым тыдні палітзняволеным быў прызнаны адзін чалавек — бацька Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1484 чалавек. На мінулым тыдні стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 16 палітвязняў: Павел Ракоца, Сімон Канцэвіч, Міхаіл Шабалюк, Віктар Пыцько, Юрый Нагорны, Мікалай Лёгкі, Дзяніс Кісялёў, Святлана Шарамецьева, Святлана Брацянкова, Кірыл Паўлавец, Вячаслаў Дашкевіч, Міхаіл Хаміцэвіч, Таццяна Заяц, Алена Несцяровіч, Вольга Мацко, Дзмітрый Зеляняк.

На мінулым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах 10 палітвязняволеным: 

Палітвязня Алега Канавалава перавялі на турэмны рэжым

Уладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну публікаваў інфармацыю пра іх. Таксама яму ў віну паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.

У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Вядома, што ў судзе Шклоўскага раёна 18 ліпеня разглядзелі справу палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", палітвязня перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса этапавалі ў шклоўскую калонію 

Яўген Меркіс

Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку. 30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.

Па інфармацыі БАЖ, 9 верасня Яўгена этапавалі ў папраўчую калонію № 17.

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка, якога перазатрымалі па заканчэнні тэрміну, асудзілі па новай крымінальнай справе 

У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы).

Суддзя Наталля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі.

Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту. 

Палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча перавялі ў івацэвіцкую калонію

Аляксандр Данілевіч

У Мінгарсудзе 10 красавіка агучылі прысуд адвакату — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адваката абвінавацілі ў "пасобніцтве ў закліках да санкцый" спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК), і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю "экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу" Tribuna.cоm.

Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.

У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме 14 ліпеня палітвязню пакінулі прысуд у сіле.

Журналісту Паўлу Падабеду пакінулі прысуд без зменаў 

Павел Падабед.

У Мінску ў чэрвені палітзняволенога журналіста і відэааператара асудзілі да 4 гадоў калоніі. Яму інкрымінавалі «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 КК. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

Падабеда абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для раследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненьне відэаапэратара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамет.

Па інфармацыі БАЖ, днямі Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязня без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Юрыя Руткоўскага. Хутка Паўла перавядуць у калонію.

Палітзняволенага Дзяніса Дзікуна змясцілі ў ПКТ 

Дзяніс Дзікун

Нагадаем, напрыканцы 2022 года трох "рэйкавых партызанаў" з Салігорску, у тым ліку Дзяніса Дзікуна, асудзілі да 21-23 гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.

Дзяніса Дзікуна напрыканцы красавіка перавялі ў горацкую калонію, дзе адразу змясцілі ў штрафны ізалятар. Пасля заканчэння тэрміну яго перавялі ў атрад, але потым зноў адпраўлялі ў ШІЗА некалькі разоў. Цяпер "Медыязоне" стала вядома, што 21 чэрвеня палітвязня змясцілі ў ПКТ. З ім няма сувязі некалькі месяцаў.

Сусветная асацыяцыя польскіх СМІ за мяжой узнагародзіла палітзняволенага Андрэя Пачобута 

Андрэй Пачобут

Узнагароду "За свабоду слова" атрымаў журналіст і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Андрэй Пачобут.

"Як вы добра ведаеце, гэтая статуэтка стаіць і чакае яго. Мы напісалі шмат зваротаў, заклікаў, пратэстаў і лістоў адносна Андрэя Пачобута. На дадзены момант ягонае становішча трагічнае, таму што, як Лукашэнку не ўдалося зламаць яго духоўна і ідэалагічна, так цяпер яго спрабуюць зламаць фізічна. Давайце пастаянна звяртацца да ўсяго свету па гэтай справе", — заклікала старшыня Сусветнай асацыяцыі польскіх СМІ за мяжой Тэрэса Сыгнарэк.

Нагадаем, Пачобута асудзілі да 8 гадоў калоніі паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (распальванне варожасці).


Агляд навінаў палітвязняў з 12 па 19 верасня

"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства