viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 новых палітычных зняволеных

2023 2023-09-26T17:17:58+0300 2023-09-26T17:18:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/difamacija_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

26 верасня 2023 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

  1. Яўген Шышкаў асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;  
  2. Ігар Шкіраў асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;  
  3. Руслан Глушанок асуджаны за знявагу дзяржаўных сімвалаў па арт. 370 КК да 3 месяцаў арышту;
  4. Дзмітрый Сямак асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК да 3 месяцаў арышту;
  5. Аляксандр Ніканаў змешчаны пад варту за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі па арт. 367 і 368 КК;
  6. Аляксандр Юшкевіч змешчаны пад варту за перадачу дадзеных тэлеграм-каналу;
  7. Сняжана Амосава змешчана пад варту за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнка  па арт. 367 і 368 КК;
  8. Святлана Кароль змешчана пад варту за паклёп на А. Лукашэнку па арт. 367 КК;
  9. Ігар Папоў судом накіраваны на прымусовае псізхіятрычнае лячэнне ў бальніцу з строгім наглядам за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  10. Андрэй Матузаў асуджаны па арт. 369 за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года 6 месяцаў абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;
  11. Анжэла Сікорская асуджанапа арт. 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (Знявага Лукашэнкі), ч. 2 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак) да чатырох гадоў калоніі.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць палітвязняўАндрэя Матузава, Аляксандра Ніканава, Аляксандра Юшкевіча, Сняжану Амосаву, Яўгенія Шышкава, Ігара Папова, Руслана Глушанка, Дзмітрыя Семака, Святлану Кароль, Ігара Шкірава, Анжэлу Сікорскую і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

  1. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства