viasna on patreon

Крымінальныя справы супраць Рады БНР: хроніка пераследу першага-другога кастрычніка Дапоўнена

2023 2023-10-02T12:35:00+0300 2023-10-09T17:31:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rezanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР 

У дачыненні да кіраўнікоў і сябраў Рады БНР распачалі крымінальныя справы:

  •  змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК);
  • кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, а роўна фармаваннем, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо ўдзелу ў ім (ч.1 арт. 361-1 КК);
  • уцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць і іншае садзейнічанне такой дзейнасці, учыненае групай асоб (ч.2 арт. 361-4 КК);
  • распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, учыненае групай асоб (ч.1 арт. 130 КК);
  • наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб (ч.3 арт. 130-1);
  • падбухторванне да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы (ч.5 арт. 16, ч.1 арт. 361-3 КК);
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).

Затрымалі амапаўцы з шчытамі і змясцілі ў СІЗА жыхара Гомеля

Адзін з каналаў, які належыць сілавікам, “адсправаздачыўся” пра затрыманне жыхара Гомеля.

На думку сілавікоў, ён “штампаваў мноства абразлівых каментароў на адрас Прэзідэнта, супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады ў розных экстрэмісцкіх памыйніцах”.


Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча змясцілі ў ПКТ

Па інфармацыі тг-канала «Права на паўстанне», палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча перавялі ў памяшканне камернага тыпу да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.

Дзмітрый Рэзановіч

Нагадаем, Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

Падтрымайце палітвязня паштоўкай альбо лістом: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Дзмітрый Рыгоравіч Рэзановіч.


Палітычны пераслед у Лідскім ЖКГ

 28 верасня ў Дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці ЖКГ затрымалі каля 7 мужчын узростам 40-45 гадоў за "экстрэмісцкія" пасты і каментары ў сацсетках. Пасля затрымання нікога не адпусцілі, загад — звольніць «парушальнікаў парадку», піша @lida_grab_court.

Апошнім часам звольнілі да заканчэння кантракту 3 праграмістаў на ЖКГ, а таксама адну жанчыну.

Пачатая крымінальная справа супраць Рады БНР. Генпракуратура ў сваім паведамленні называе яе "пранацысцкім экстрэмісцкім фармаваннем".


Сілавікі затрымалі жыхара Салігорска за перапіску з прадстаўніком батальёна "Тэрор".

На відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты перапіскі, затрыманы салігарчанін кажа, што паведаміў у чаце з прадстаўніком «тэрору» сваю вайсковую спецыяльнасць і тэрмін службы, піша "Медыязона".

"Пасля гэтага яны хацелі мяне завербаваць для ўдзелу ў ваенных дзеяннях», — кажа ён на відэа.

Па якім менавіта артыкуле затрыманы мужчына - не паведамляецца, аднак на відэа ён кажа, што яму «свеціць артыкул за здраду дзяржаве і за найміцтва» (артыкулы 356 і 133 КК).


Паэта з Барысава арыштавалі за сімволіку ў тэлефоне

У судзе Барысаўскага раёна 26 верасня вынесеная пастанова аб адміністрацыйным арышце на 10 сутак 70-гадовага Уладзіміра Толкача.

У ягоным тэлефоне выявілі выявы б-ч-б сімволікі і свастыкі, якія ён змясціў яшчэ ў 2021 годзе.


Cтан здароўя гомельскага палітвязня Аляксея Ільінчыка пагоршыўся

Стала вядома, што Аляксей Ільінчык змешчаны ў неўралагічнае аддзяленне рэспубліканскай бальніцы, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА № 1 г. Мінска.

Аляксей – вядомы гомельскі бард і арганізатар канцэртаў бардаўскай песні. Вясной 2022 г. ён паехаў з гастролямі ў Расію. Там у яго нечакана здарыўся інсульт. Некалькі месяцаў мужчына лекаваўся ў шпіталі, аднак стан яго заставаўся кепскім і правая частка цела была паралізаваная. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы, паведамляе "Гомельская вясна".

Аляксей Ільінчык

28 сакавіка 2023 г. суддзя Гомельскага абласнога суда Хлышчанкоў Аляксей прысудзіў Ільінчыку 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд абскарджваўся  ў Вярхоўным судзе, але яго пакінулі без зменаў, пасля чаго палітвязень быў этапаваны ў ПК № 14, што ў в. Навасады Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль не дзейнічае, парушаны маўленчы апарат, таму гаворыць ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не можа. Да таго ж, лісты яму перадаюць не спраўна, нават ад сваякоў.


Следчы камітэт распачаў новую спецвытворчасць у дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева

Паведамляецца, што яму інкрымінаваныя:

• ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці);
• ч. 3 арт. 361 (заклік да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);
• ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
• ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
• арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Раней яму прызначылі 25 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму завочна, штраф у адну тысячу базавых велічынь і пазбаўленне ўсіх воінскіх званняў па "справе Гайдукевіча".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства