viasna on patreon

Актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе заявіла пра збіванні і ціск у калоніі

2023 2023-10-02T15:29:44+0300 2023-10-05T17:15:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/4polina_sharendo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Рэчыцкага раёна 2 кастрычніка пачалі разглядаць чарговую крымінальную справу супраць палітзняволенай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк, асуджанай да трох гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка. Жанчыну зноў абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса). На судзе яна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Па ініцыятыве пракурора ў працэсе зрабілі перапынак да 9 кастрычніка. Вясна распавядае, што адбывалася на першым судовым пасяджэнні па справе Шарэнды-Панасюк. 

Паліна Шарэнда-Панасюк

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка 2022 года актывістку асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. 

"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных

"Вясна" распавядае, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для "рэцыдывістак", хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын.

У чэрвені 2022 года ёй пакінулі прысуд без зменаў і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24. Па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК.

Нядаўна Паліну накіравалі на экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя "Навінкі". Этап туды адбываўся праз "Валадарку". Але Паліна адмовілася ад экспертызы — яна не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама адмовілася здаваць любыя віды аналізаў.

У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на "Валадарку" і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 яе адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы. Пазней з'явілася інфармацыя, што напрыканцы чэрвеня Паліна была моцна збіта ў зарэчанскай калоніі.

Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі

Паводле былой зняволенай, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы".

Паводле мужа палітзняволенай Андрэя Шарэнды, сёння на судзе Паліна публічна пацвердзіла, што ў чэрвені яе збілі іншыя зняволеныя папраўчай калоніі № 24 па наводцы адміністрацыі, піша "Берасцейская Вясна". Тады ёй моцна пашкодзілі твар і ўнутраныя органы. Таксама яна заявіла пра жорсткія ўмовы ў калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА цягам года.

Акрамя гэтага, яна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў рэчыцкім ІЧУ: яна спіць на падлозе, бо ёй не выдалі ні матраца, ні пасцельнай бялізны, а таксама забралі ўсе асабістыя рэчы. Таксама яна неаднаразова падкрэслівала, што ўсе парушэнні былі проста фармальнасцю за яе грамадзянскую пазіцыю.

На пачатку працэсу Паліна нагадала, што не лічыць гэты суд законным і не належыць гэтаму суду, бо напісала адмову ад беларускага грамадзянства, а сам працэс назвала проста фарсам. На сённяшні дзень паспелі даць паказанні ўсе сведкі. Таксама паспела сказаць сваё слова Паліна.

Калі падышлі да спрэчкі бакоў, пракурор нечакана запрасіў перанос пасяджэння на наступны тыдзень на 9 кастрычніка. Пазіцыю сваю ён не патлумачыў.

Па словах мужа, Паліна перадала падзяку ўсім людзям, якія падтрымалі яе за гэты час. Жанчына падкрэсліла, што не лічыць сябе зняволенай, а лічыць сябе ваеннапалоннай. Яе фізічны стан адлюстроўвае тыя жорсткія ўмовы, у якіх яе ўтрымліваюць.


Падтрымайце палітзняволеную грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:

ІЧУ АУС Рэчыцкага райвыканкама. 247483, Гомельская вобл., г. Рэчыца, вул. Савецкая, 35

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Read in English

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства