viasna on patreon

Супраць удзельнікаў марафона салідарнасці з палітвязнямі ўзбудзілі крымінальную справу: хроніка пераследу 3 кастрычніка Дапоўнена

2023 2023-10-03T12:44:00+0300 2023-10-03T17:10:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marafon_paliatviazni.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Віцебскі абласны суд прыме рашэнне аб ліквідацыі трох грамадскіх аб'яднанняў

Суд разгледзіць пазоў юстыцыі па ліквідацыі ГА «Віцебская абласная федэрацыя кікбоксінга і тайландскага бокса», а таксама яшчэ адной спартыўнай грамадскай арганізацыі — «Хакейны клуб "Паўночная Зорка"».

Таксама па пазове Міністэрства юстыцыі абласны суд разгледзіць ліквідацыю ГА «Міжнародная грамадская арганізацыя па рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей "Алмаз"», якая была зарэгістраваная ў Віцебску ў 2000 годзе, піша «Віцебская Вясна».


ГУБАЗіК затрымаў яшчэ адну супрацоўніцу ТАА «ЮрСпектр»

На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што працуе вядучай спецыялісткай і нібыта ў 2020-ым годзе выходзіла на акцыі пратэсту, а таксама пакідала «абразлівыя каментары пра дзеючую ўладу».

Нагадаем, у мінулы чацвер сілавікі паведамілі пра затрыманне намесніцы выканаўчага дырэктара «ЮрСпектра».


Палітзняволенай Насце Лойцы пакінулі прысуд без зменаў

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты
Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.

Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Хутка яе перавядуць у калонію.

Падтрымаць Насту лістамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Анастасія Юр'еўна Лойка


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы "ШОС Chat", "Малиновка 8/9: ЧАТ", "Бармалеи/партизаны", "Праскаловiч";
  • Instagram-старонкі "rushennie", "Borisov ok", "твой Барысау Борисов", "Тот Борисов ТБ";
  • TikTok-профіль "beregi_sebia".

Супраць удзельнікаў прамой трансляцыі марафона салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно" завялі крымінальную справу 

Па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў прамой трансляцыі пад назвай "Анлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі "Нам не ўсё адно". Падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек.

"12-гадзінны эфір з развагамі злачынцаў і іншых дэструктыўных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, трансляваўся на youtube-каналах радыкалаў, якія пакінулі Беларусь. Мерапрыемства, завуаляванае пад збор сродкаў для асуджаных нібыта па палітычных матывах беларусаў, арганізатары правялі з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання. Па іх заяве, яны атрымалі больш за 500 тысяч еўра", – заяўляе МУС.

Следчымі распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі).

Раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі відэакантэнт пад назвай "Нам не ўсё адно".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства