viasna on patreon

Затрымліваюць, збіваюць, штрафуюць: хроніка пераследу 4 кастрычніка

2023 2023-10-04T16:08:00+0300 2023-10-04T16:58:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nazdryn-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За «распаўсюд экстрэмізму» грамадскімі працамі пакаралі жыхара Лёзненскага раёна

Суддзя і старшыня суда Лёзненскага раёна Алена Шарэц 13 верасня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы Instagram пакарала грамадскімі працамі на 20 гадзін і канфіскавала тэлефон у маладога жыхара аграгарадка Дабрамыслі Іллі Самохіна.

У судзе высветлілася, што малады чалавек паставіў «лайк» на допіс «Радыё Свабода» ў Instagram, піша «Віцебская Вясна».


ГУБАЗіК затрымаў трактарыста "Зелянбуда" за сцяжок з "Пагоняй"

Паведамляецца, што на яго сілавікам паскардзіліся «неабыякавыя грамадзяне».


Гродзенскага святара аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмізму"

Святар Андрэй Наздрын быў затрыманы некаторы час таму — сілавікі праверылі яго тэлефон і сацсеткі, і знайшлі ў інстаграме падпіску на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сацсеткі якога былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені.

З гэтай нагоды супраць святара быў распачаты адміністрацыйны працэс: складзены пратакол і прызначылі судовае разбіральніцтва.

Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла святару штраф у памеры 15 базавых велічыняў. Таксама была канфіскаваная «прылада злачынства» — мабільны тэлефон.


"Гомельская Вясна": у Светлагорскім РАУС збілі чалавека

Як стала вядома праваабаронцам, у аддзеле ўнутраных спраў Светлагорскага райвыканкама быў збіты чалавек. Па наяўнай інфармацыі, пацярпелы падаў скаргу, прызначана праверка.

Здарэнне адбылося ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у жніўні. Чалавека, які быў змешчаны туды па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, збіў супрацоўнік міліцыі.

Пасля выхаду з ІЧУ пацярпелы звярнуўся ў медыцынскую ўстанову, сляды збіцця былі зафіксаваны.


Сілавікі апублікавалі чарговую партыю "пакаянных" відэа з Ваўкавыска

У відэа мужчыны распавядаюць, што былі затрыманыя за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Інтэрнэце.

Частка з затрыманых распавядае, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, піша @Grodno_grab.


У "спіс тэрарыстыў" дадалі яшчэ трох чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек.

Сярод іх Дзмітрый Лагуценка, Андрэй Цалюк, Павел Нявыглас.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1113 чалавек, з іх 361 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1122 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства