viasna on patreon

Front Line Defenders асудзіў рашэнне пакінуць прысуд Насце Лойцы ў сіле і запатрабаваў вызвалення праваабаронцы

2023 2023-10-05T12:57:14+0300 2023-10-05T17:12:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nasta_loika_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 кастрычніка 2023 года Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле рашэнне Мінскага гарадскога суда, які асудзіў праваабаронцу Насту Лойку да сямі гадоў турэмнага зняволення. 20 чэрвеня 2023 года Мінскі гарадскі суд прызнаў праваабаронцу вінаватай у "распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" ў адпаведнасці з ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай, у якой асудзіла рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле сямігадовы турэмны прысуд праваабаронцы Насце Лойцы і выказала сваю сур'ёзную занепакоенасць сістэматычным жорсткім абыходжаннем і парушэннямі правоў актывісткі цягам яе ўтрымання пад вартай.

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты
Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

Наста Лойка — вядомая беларуская праваабаронца са сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека. Актывістка выступала супраць "антыэкстрэмісцкіх" законаў і прасоўвала абарону мігрантаў і асобаў без грамадзянства ў Беларусі. Улетку 2021 года беларускія ўлады закрылі арганізацыю Human Constanta, у якой раней працавала Наста Лойка. Гэтая арганізацыя прасоўвала грамадскія інтарэсы і сумесную дзейнасць, каб вырашаць актуальныя праблемы ў галіне правоў чалавека. Ліквідацыя Human Constanta была часткай арганізаванай атакі на грамадзянскую супольнасць Беларусі. У 2022 годзе Беларускі дом правоў чалавека назваў Насту Лойку праваабаронцай года.

З моманту яе затрымання 28 кастрычніка 2022 года Насце Лойцы сістэматычна адмаўлялі ў ажыццяўленні яе правоў падчас знаходжання ў турме. Яна не магла адпраўляць або атрымліваць асабістую карэспандэнцыю, што з'яўляецца дадатковай формай псіхалагічнага ціску. Цягам усяго перыяду ўтрымання актывісткі пад вартай беларускія ўлады таксама пераследавалі адвакатаў, што прадстаўлялі інтарэсы Насты Лойкі, і ўжывалі супраць іх розныя формы рэпрэсій, уключна з затрыманнямі і пазбаўленнем адвакацкай ліцэнзіі. Пераслед юрыстаў Насты Лойкі ўяўляе сабой сістэмнае парушэнне права актывісткі на абарону. У першыя дні свайго ўтрымання пад вартай Наста Лойка таксама паведаміла, што з ёй бесчалавечна абыходзіліся, ужывалі фізічны і псіхалагічны гвалт.

Front Line Defenders асуджае рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле сямігадовы турэмны прысуд праваабаронцы Насце Лойцы і выказвае сваю сур'ёзную занепакоенасць сістэматычным жорсткім абыходжаннем і парушэннямі правоў актывісткі цягам яе ўтрымання пад вартай.

"Мэтанакіраваны пераслед Насты Лойкі адлюстроўвае больш шырокую тэндэнцыю ўзмацнення пераследу праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з боку ўладаў Беларусі. Арганізацыя Front Line Defenders працягвае заклікаць улады Беларусі неадкладна вызваліць праваабаронцу, паколькі лічыць, што актывістка неаднаразова пераследавалася ў пакаранне за яе мірную праваабарончую дзейнасць у Беларусі і за яе адмову пакінуць краіну", — сказана ў заяве праваабарончай арганізацыі.

Read in English

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства