viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: 52 палітвязні ў верасні выйшлі на волю, 45 з іх — па заканчэнні тэрміну

2023 2023-10-05T14:29:49+0300 2023-10-05T14:36:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chromavy.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1476 палітвязні, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію") ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у верасні на волю выйшлі мінімум 52 палітвязняволеныя: 45 чалавек цалкам адбылі свае тэрміны, 12 з якіх — жанчыны, а сем чалавек былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што яны адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

45 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю

Публікуем гісторыі некаторых з іх.

Палітвязень Сцяпан Талкачоў — 1 год, 11 месяцаў і 7 дзён у зняволенні 

Сцяпан Талкачоў

Сцяпана затрымалі 29 верасня 2021 года, на наступны дзень пасля таго, як у кватэры айцішніка Андрэя Зельцэра ў Мінску адбылася перастрэлка з сілавікамі, у выніку якой загінуў і сам Зельцэр, і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Падчас суда Сцяпан не прызнаў сваю віну

26 жніўня 2022 года Брэсцкі абласны суд прызнаў Талкачова вінаватым і прызначыў яму два з паловай гады калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Палітвязень Ілля Палхоўскі — 2 гады і 24 дні ў зняволенні 

Хлопца асудзілі па берасцейскай "справе карагодаў", распачатай паводле падзеяў 13 верасня 2020 года ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня 2021 года палітвязняў асудзілі да 2 гадоў "хіміі" паводле арт. 342 КК.

Пасля прысуду Ілля спрабаваў збегчы з Беларусі, але быў затрыманы каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Пасля 15 сутак арышту быў змешчаны ў СІЗА, а потым пераведзены на "хімію". Палітвязень з верасня 2021 года адбываў пакаранне ў ПУАТ № 39, а на пачатку верасня 2022-га быў пераведзены ў віцебскую ПУАТ № 9.

Палітзняволеныя Святлана і Яна Хромавы — 1 год, 11 месяцаў і 8 дзён у зняволенні

У судзе Ленінскага раёна Мінска 12 красавіка асудзілі палітзняволеных маці і дачку: Святлану і Яну Хромавых. Суддзя Марына Клімчук прызнала іх вінаватымі паводле ч.1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і агучыла прысуд: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожнай. Вядома, што ў віну ім ставіўся ўдзел у трох маршах.

Нагадаем, намесніца дырэктара гімназіі № 42 Мінска Святлана Хромава была затрыманая разам з дачкой Янай 22 снежня 2021 года. Яны адбывалі тэрміны ў гомельскай калоніі № 4.

Палітвязень Аляксандр Юніцкі — 2 гады і 22 дні ў зняволенні

Жыхара Светлагорска абвінавацілі паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) у тым, што ў жніўні мінулага года ў "Аднакласніках" напісаў "абразлівы" каментар пад пастом пра тое, што інспектар ДПС маёр міліцыі Андрэй Баграёнак удзельнічаў у разгоне мірных сходаў і штрафаваў за падачу гукавых сігналаў салідарнасці. 

З 21 жніўня 2021 адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу. 11 верасня 2023 года стала вядома, што Аляксандр выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Аляксандр Гладкіх — 1 год, 5 месяцаў і 28 дзён у зняволенні 

Аляксандр быў асуджаны да 2 гадоў "хіміі" за абразу супрацоўніка ДАІ паводле арт. 369 КК. Таксама суд абавязаў яго выплаціць Вольнічу 1500 рублёў кампенсацыі “маральных пакутаў”.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына пакінуў каментар у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад пастом актывісткі Вольгі Карач з нашумелым відэа, на якім бачна, як супрацоўнік аўтамабільнай інспекцыі Ганцавіцкага РАУС Ігар Вольніч стаў нагой на шыю ўдзельніку мірнага сходу грамадзян, не згодных з палітыкай улады. На судзе палітвязень патлумачыў, што быў абураны такім стаўленнем міліцыянта да мірнага пратэстоўца. Аляксандр адбываў тэрмін у ПУАТ-36.

Палітзняволеная Кацярына Батура — 1 год, 1 месяц і 15 дзён у зняволенні 

34-гадовую Кацярыну асудзілі за размяшчэнне ва "Укантакце" відэазвароту, у якім яна нібыта абразіла Лукашэнку паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Суд прызначыў ёй 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").

З 1 жніўня 2022 года Кацярына адбывала тэрмін у гродзенскай ПУАТ-25. 15 верасня яна выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Віктар Фенчук — прыкладна 2 гады і 1 месяц у зняволенні

Віктар Фянчук

Віктар — прафесійны арнітолаг, каардынатар праграм Франкфурцкай заалагічнай супольнасці і арганізацыі "Ахова птушак бацькаўшчыны". Узначальваў апошнюю з 2007 па 2014 год, затым быў яе супрацоўнікам. Яго называюць "адвакатам дзікай прыроды".

Палітзняволенага асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, "ён блакаваў рух транспарта на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім".Фенчук адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15.

Палітвязень Ігар Повараў — 2 гады, 9 месяцаў і 19 дзён у зняволенні

Ігар Повараў.

Ігар — былы супрацоўнік БМЗ у Жлобіне, актывіст забастоўкі. 17 жніўня 2020 года на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Ігар разам з Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК. Усім траім суд прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. 16 верасня Баброў і Говар былі памілаваныя па ўказу Лукашэнкі. Ігар Повараў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

У сярэдзіне снежня 2021 года Ігару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 1 год. Па заканчэнні гэтага тэрміну яго зноў змясцілі назад у ПК № 1.

Палітзняволеная Ларыса Беражнова— 1 год, 11 месяцаў і 22 дні ў зняволенні 

Ларыса была затрымана 29 верасня 2021 года ў межах "справы Зельцара" за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. У пачатку жніўня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд справы Ларысы. Суддзя Алена Шылько прысудзіла ёй 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама прызначыла штраф памерам 200 базавых велічыняў. Жанчына адбывала свой тэрмін гомельскай жаночай калоніі № 4.

Палітвязень Павел Ракоца — 1 год, 2 месяцы і 9 дзён у зняволенні 

Павел — жыхар Гомеля, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Актыўны гулец у квіз. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну мужчына на сваёй старонцы "Укантакце" актыўна выказваўся супраць вайны. Пазней яго старонку заблакавалі па рашэнні Генпракуратуры РФ.

Антываенныя выказванні Ракоцы ў сацсетках маглі стаць прычынай абвінавачвання яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сем палітвязняў выйшлі на волю пасля суда

У верасні беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі сем чалавек у мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:


Каму з былых палітвязняў цяпер патрэбна фінансавая дапамога?

Дапамога сям'і былога палітвязня Дзяніса Іванова

Дзянісу з сям'ёй патрэбна дапамога, каб ачуняць і пачаць жыць нанова ў новай краіне.

Фінансавая дапамога былому палітвязню, які знаходзіцца ў Беларусі

Мужчына не можа знайсці працу ў Беларусі, але яму трэба пагасіць доўг за арэндную кватэру за некалькі месяцаў, а таксама аплаціць рахунак за ўтрыманне на Акрэсціна.

Дапамога ў адаптацыі былой палітзняволенай па "справе студэнтаў" Настаcсі Булыбенцы

Дзяўчына з'ехала з Беларусі і цяпер аднаўляе свой псіхалагічны і фізічны стан. Яна шукае сябе і хоча атрымаць новую спецыяльнасць, каб працаваць.

Дапамога былому палітвязню наладзіць побыт у новай краіне

Здароўе ў Максіма падчас зняволення значна пагоршылася, таму яму трэба атрымаць медыцынскую дапамогу і пагасіць даўгі, якія з'явіліся падчас зняволення.

Дапамога сям'і былога палітвязня

Беларус знаходзіцца ў Беларусі і не можа знайсці працу. Таму цяпер яму неабходна сплаціць запазычанасць па квартплаце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства