Затрыманне навуковай супрацоўніцы, ціск на дырэктара Беларускага дома ў Варшаве: хроніка пераследу 10 кастрычніка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Да бацькоў Дырэктара Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка прыходзілі сілавікі
Пра гэта паведаміла "Гарадзенская Праваабарона". Сілавікі пыталіся ў бацькоў Алеся, ці яны ведаюць, што супраць іх сына ў Беларусі распачата ажно тры крымінальныя справы. Міліцыянты прасілі польскі нумар Алеся, распытвалі пра яго асабістае жыццё, цікавіліся пра яго дзейнасць і функцыі у Беларускім Доме ў Варшаве.
Па месцы жыхарства мастака Аляксея Кузьміча прыходзіла міліцыя
Мастак прыехаў у Беларусь у пачатку жніўня. Ён памяняў свой пашпарт і пасведчанне кіроўцы, а таксама правёў новую акцыю ў цэнтры Мінска — Аляксей паказаў голы зад, стоячы пасярод праспекта Пераможцаў. Пасля гэтага ён з'ехаў у ЕС.
"Па месцы майго жыхарства, у дом самазабойцаў, які цягнецца праз усю вуліцу Няміга, прыходзіла міліцыя. Участковы.
— Ён жа ў Францыі жыў!.. — Цікавіўся ўчастковы ў суседзяў, — А дупу паказаў у Беларусі... не зразумела...", — напісаў мастак.
Сілавікі затрымалі старэйшую навуковую супрацоўніцу інстытута гісторыі НАН Зарыну Канапацкую
На "пакаяльным відэа" жанчына кажа, што "займалася выключна сваёй навуковай дзейнасцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію па тэматыцы аб беларускіх татарах. Вінаватая ў тым, што была падпісаная на "экстрэмісцкія" каналы і знаёмілася з іх зместам".
Яе прымусілі таксама прызнацца ў падпісцы на чат-бот плана "Перамога" і ў тым, што яна "знаходзілася побач з мітынгамі", фатаграфавалася на фоне "пратэснага натоўпу і пратэстнай сімволікі", піша "Зеркало".
Вяскоўца з Докшыцкага раёну арыштавалі на 10 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Паводле судовай пастановы, Валер Яцкоўскі "захоўваў у адкрытым доступе з мэтай распаўсюду" інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — "выяву лагатыпа у выглядзе шчыта з гербам П. І незарэгістраванай бел-чырвона-белай сімволікай" і некалькі лагатыпаў інфармацыйных рэсурсаў, таксама прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Старшыня Дошыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка прызначыў вяскоўцу 10 сутак арышту, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
Суд над Валерам адбыўся 11 верасня, падчас судовага працэсу ён не адмаўляў, што падпіскі на групы інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, насамрэч захоўваліся на ягонай старонцы з "Аднакласніках". Іх знайшлі міліцыянты падчас маніторынгу сацсетак, піша "Віцебская Вясна".
Палітвязня Уладзіміра Гундара перавялі на турэмны рэжым
Пра гэта паведамляе "Берасцейская Вясна".
Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.
Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Акрамя гэтага, у лісце да родных ён паведаміў, што яго хочуць перавесці ў турму.
Напачатку кастрычніка блізкім стала вядома, што Гундара ўсё ж адправілі ў магілёўскую турму № 4. Па якой прычыне і ці быў суд па замене рэжыму — сваякам не патлумачылі.
Падтрымайце Уладзіміра: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Старонка ў Facebook «Светлик. Светлогорск»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Владимир Лисица»;
- TikTok-акаунты «Страна для жизни», «Ksenia Mija».
У Оршы за "экстрэмізм" затрымалі Алену Янушэўскую
Праўладныя тэлеграм-каналы здзекліва напісалі, што цяпер жанчына "не закрые дачны сезон, а пойдзе ў ізалятар".
Яе паведамляе "Витебск, я гуляю!", 5 кастрычніка суддзя Дзмітрый Разумовіч разглядаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да жанчыны. Яго вынік — невядомы.