Праваабаронцы: перад вяртаннем у Беларусь варта пільна ацэньваць рызыкі затрымання
У пачатку 2025 года працягваюцца затрыманні беларусаў на мяжы. Гэта стала асабліва заўважна, калі людзі сталі вяртацца дадому на калядныя вакацыі. Таксама працягваюцца дадатковыя праверкі на мяжы людзей, якія так ці інакш былі заўважныя ў пратэснай дзейнасці.
Традыцыйна пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, большасць з якіх — украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Калі чалавек знаходзіцца ў базе "БЕСпорядки", куды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падставаў можа і не быць.
Цягам двух тыдняў 2025 году BYSOL вядома мінімум пра восем арыштаў на мяжы пры вяртанні беларусаў на радзіму на святы. Частку людзей на мяжы дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых наўпрост у аўтобусе надзяваюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён. Так, праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што на мяжы за каментар у бок міністра ўнутраных спраў Кубракова затрымалі цяжарную беларуску. Паведамлялася, што ў 2020 годзе жанчына нібыта пакінула абразлівыя каментары на адрас Кубракова, пасля чаго з'ехала ў Літву. За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму. Як толькі яна перасякла мяжу, яна была затрыманая.
Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю
Праваабаронцы раяць пільна ацэньваць рызыкі пры вяртанні ў Беларусь і гатовыя кансультаваць людзей па любых пытаннях, якія ў іх з'яўляюцца ў сувязі з гэтым. Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што сітуацыя з затрыманнямі на мяжы працягваецца не першы месяц, хаця і мае моманты, калі праверкі і арышты павялічваюцца.
"Сітуацыя на мяжы традыцыйна застаецца напружанай, — распавядае яна. — Як на выездзе, так і на ўездзе ў краіну, людзі часта трапляюць пад рознага кшталту праверкі, што было ў гісторыі нашай краіны заўсёды. Правяраюцца людзі, унесеныя ў базу "БЕСпорядки", — гэта тысячы беларусаў, што прыцягваліся да адміністратыйнай адказнасці. Таксама ў беларускіх уладаў заўсёды існавалі і існуюць непублічныя спісы праваабаронцаў, актывістаў, анархістаў, журналістаў, апазіцыйных палітыкаў і гэтак далей, хто сутыкаецца з дадатковымі праверкамі.
Але паведамляецца пра дадатковыя праверкі нашмат больш шырокага колу людзей. Кажуць, што абавязковая размова са "штатным" КДБ-шнікам на мяжы чакае ўсіх, хто не быў у Беларусі больш за два гады. Відавочна, ніякіх публічных пастановаў ці законаў, паводле якіх бы гэта рабілася, няма, таму такія выпадкі мы адсочваем толькі на ўзроўні практыкі. Магчыма, на мяжы дзейнічаюць, згодна з нейкімі закрытымі службовымі інструкцыямі".
Наталля адзначае, што з верасня 2024 году рэпрэсіі на мяжы павялічваюцца праз абвяшчэнне даты выбараў* у 2025 годзе:
"Чым бліжэй да даты, тым напружаней атмасфера. Аднак гэта таксама традыцыйная з'ява ў сувязі з выбарамі як у Беларусі, так і ва ўсіх недэмакратычных рэжымах. Асабліва гэта адчуваецца апошнія 3-4 гады, улічваючы, што выбары ў 2020 годзе прайшлі для беларускіх уладаў досыць балюча. Аднак, безумоўна, такая тэндэнцыя больш заўважная пасля абвяшчэння даты выбараў у 2025 годзе".
Мінімум 1213 адміністрацыйна асуджаных
У Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі ўзмацніліся рэпрэсіі.
Праваабаронцы папярэджваюць: трэба заўсёды быць уважлівымі — асабліва тым, хто даўно не быў у Беларусі.
"Знаходжанне па-за краінай, падаецца, крыху залагоджвае людзей, — упэўненая Наталля Сацункевіч. — Калі вы чытаеце, захоўваеце ці перасылаеце "экстрэмісцкія" матэрыялы, падпісаныя на іх, то вы ўжо знаходзіцеся пад пагрозай. А толькі рэспубліканскі спіс такіх матэрыялаў утрымлівае больш за шэсць тысяч крыніц. Адсачыць усе з іх проста немагчыма.
Апроч таго, пратэсты 2020 году ахоплівалі вялічэзную частку грамадства — значыць, існуе вельмі шмат людзей, якія маглі трапіць на фотаздымкі з Маршаў ці застацца падпісантамі старых груп ці чатаў. Гэта могуць трактаваць як нелаяльнасць дзейнаму палітычнаму рэжыму ў краіне і пакараць за гэта.
Досыць проста знайсці амаль кожнага чалавека ў Беларусі, тым больш пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам беларускія ўлады выкарыстоўваюць ці барацьбу са звычайнай нязгодай з палітычным рэжымам, ці карыстанне людзьмі сваімі правамі. Напрыклад, правам на выказванне меркаванне, права на ўдзел у выбарах, права на ўдзел у мірных сходах".
Улічваючы гэта, праваабаронцы перш за ўсё рэкамендуюць быць пільнымі: узважваць індывідуальныя рызыкі пры рашэнні вяртацца ў Беларусь, карыстацца правіламі бяспекі. Калі рызыкі вяртання высокія, лепш не вяртацца ў краіну ўвогуле. Калі нешта здараецца, варта папярэдзіць сяброў, сваякоў, каб яны маглі перадаць інфармацыю незалежным СМІ ці праваабаронцам, а таксама скарыстацца іх юрыдычнымі парадамі.
"Зараз ніякая інфармацыя ў адкрытым выглядзе не публікуецца, — падкрэслівае Наталля. — Але нам важна прэзентаваць беларускаму і міжнароднаму грамадству хаця б абагуленыя даныя, каб людзі разумелі, што, чаму і як адбываецца, а таксама масштаб гэтага. Акрамя інфармацыйнай фунцыі, праваабаронцы намагаюцца рознымі шляхамі дапамагаць людзям, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Таму мы ў тым ліку гатовыя кансультаваць людзей перад паездкамі ў Беларусь: калі ласка, звяртайцеся да праваабаронцаў".