Маці палітвязня Сальмановіча: "Яны хочуць забіць майго сына"
Палітзняволенага Дзяніса Сальмановіча, які адбывае дзесяцігадовы тэрмін зняволення ў папраўчай калоніі №3 “Віцьба”, у чарговы раз змясцілі ў штрафны ізалятар, прычым пасля складанай аперацыі па выдаленні жоўцевага пухіра. Пасля аперацыі Дзяніс яшчэ тыдзень знаходзіўся ў санчастцы калоніі, пакуль яму не знялі швы.
Нагадаем, Брэсцкі абласны суд 30 верасня 2022 года прызнаў Дзяніса вінаватым па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса і па сукупнасці абвінавачанняў прысудзіў яму пазбаўленне волі тэрмінам на 10 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 6 400 рублёў. Сілавікі называлі Дзяніса "галоўным візуальным рэдактарам" ролікаў "Кібер-партызан" і "Супраціву".
Ягоная маці, непакоячыся за стан здароўя сына, вырашыла звярнуцца да праваабаронцаў і журналістаў, каб звярнуць увагу на дзеянні адміністрацыі калоніі, якія могуць прынесці непапраўныя для здароўя наступствы.
“Два месяцы майго сына трымаюць у ШІЗА, за што не ведаю. Кіраўніцтва калоніі ведае, што ў майго сына сур'ёзнае хранічнае захворванне нырак – хранічны гломеруланефріт пасля, некалькі месяцаў таму яму зрабілі аперацыю па выдаленні жоўцевага пухіра.
Я ведаю, што яго не плануюць у бліжэйшы час адпускаць, на мае званкі кіраўніцтва калоніі адказвае што ў іх няма такога зняволенага, што гэта можа значыць? Яны хочуць забіць майго сына, я дакладна ведаю што ён ШІЗА “Віцьба” і хачу сказаць кіраўніцтву калоніі: “Спыніцеся, вы ўжо столькі бед прынеслі людзям, знайдзіце ў сабе мужнасць не выконваць злачынныя загады, успомніце што ў вас таксама ёсць дзеці, ёсць бацькі”, – напісала яна ў адчаі.
Па яе словах Дзяніса і раней неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, але тады тэрміны былі меншымі.
26 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс Дзяніса у спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці", а 30 снежня МУС уключыў палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".
Дзянісу Сальмановічу 34 гады. Ён жыў у Менску, і паводле следства, прымаў актыўны ўдзел у пратэстах.
І "тэрарыст", і "экстрэміст" адначасова: суровы прысуд палітвязню Дзянісу Сальмановічу