У Брэсце асудзілі майстра цеплавых сетак, які нібыта абразіў Лукашэнку і прэм'ер-міністра
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 6 кастрычніка завяршыўся судовы працэс над 45-гадовым майстрам цеплавых сетак Аляксандрам Доўгалем. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Судовае пасяджэнне вяла суддзя Марына Скалковіч, вядомая шматлікімі прысудамі па “справе карагодаў”.
Аляксандра Доўгаля затрымалі за каментары ў сацыяльных сетках у красавіку 2023 года і да суда змясцілі ў СІЗА №7 Брэста.
Як стала вядома “Берасцейскай вясне”, паводле версіі абвінавачвання, 23 жніўня 2021 года Доўгаль напісаў каментар пра прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку. Каментар быў пад навіной канала "Беларусь галаўнога мозгу". У каментары гаварылася пра тое, што Галоўчанка з расейскім чыноўнікам Мішусціным "абмяркоўвалі інтэграцыйныя дакументы".
Паведамленне Доўгаля расцанілі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Абвінавачанне запрасіла па гэтым эпізодзе адзін год калоніі і штраф у памеры 50 б.а.
Яшчэ адно паведамленне было напісана ў кастрычніку 2021 у тэлеграм-чаце «Лухтавікінгі». Там абвінавачванне ўбачыла абразу Лукашэнкі, і пракурор прасіў яшчэ год калоніі паводле ч.1 арт. 368 КК.
Сумарна па двух артыкулах пракурор прапанаваў прысудзіць Доўгалю паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд праваабаронцам пакуль невядомы.
Падтрымайце Аляксандра: СІЗА-7, 224030, Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Аляксандр Анатольевіч Доўгаль.