viasna on patreon

Затрыманні за кветкі і сцяг Украіны: хроніка пераследу 18 кастрычніка

2023 2023-10-18T13:10:00+0300 2023-10-18T15:25:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sasnovy-bor-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговыя злівы ГУБАЗіКа

ГУБАЗіК затрымаў двух мужчын і дзяўчыну, якія падчас маршаў у 2020-ым годзе нібыта раздавалі жанчынам кветкі.

Затрыманая беларуска распавяла, што хадзіла практычна на ўсе нядзельныя маршы і прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, атрымлівала штрафы і брала крэдыты на іх пагашэнне.

Сілавікі паведамляюць, што супраць іх распачаты крымінальныя справы.


Мужчына зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг і павесіў украінскі — распачата крымінальная справа

Светлагорскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Паводле сілавікоў, у рабочым пасёлку Сасновы Бор нехта перарэзаў дрот з флагштока, зняў дзяржаўны сцяг і выкінуў яго ў смеццевы кантэйнер. Замест яго павесілі сцяг Украіны.

Паведамляецца, што гэта зрабілі 41-гадовы грамадзянін В. С., які раней працаваў у Светлагорскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Таксама вядома, што праз пэўны час В. звольніўся. Быў законапаслухмяным грамадзянінам.

У кватэры па месцы жыхарства В. С. і яго брата І. С. быў праведзены вобшук. У адным з пакояў на сцяне вісеў бела-чырвона-белы сцяг з выявай «Пагоні».

Цяпер мужчыны затрыманыя. Вядома, што І. С. атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але невядома па якім артыкуле КоАП РБ  і вырашаецца пытанне аб прымяненні меры стрымання ў адносінах да В. С.

Пазней, па інфармацыі Гомельскай Вясны, стада вядома, што былі затрыманыя браты Самсоненкі: Валер і Ігар.


Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча хочуць перавесці на турэмны рэжым

Аляксей Храловіч — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання "падпалкоўнік". Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.

Аляксей Храловіч

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.


Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў

17 кастрычніка 2023 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў здарылася чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:

старонка ў сацсетцы "Аднакласнікі" па спасылцы (мае 4.7 тысяч сяброў, больш за 700 падпісчыкаў);

старонка ў сацсетцы "Аднакласнікі" з імем "(((((праўда» па спасылцы (тут 2.7 тысяч сяброў, 1 тысяча падпісчыкаў);

тэлеграм-канал "Беларусы (скі) Нюрнберга".

Абодва профілі  ў "Аднакласніках" прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" лунінецкі суд 9 кастрычніка 2023. У абодвух выпадках за рашэннямі стаіць суддзя Святлана Братанава, вынікае з раскладу суда за той дзень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства