viasna on patreon

За данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне праграміста асудзілі да 6 гадоў калоніі

2023 2023-10-18T12:47:42+0300 2023-10-18T22:38:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/raichonak_leanid.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 17 кастрычніка да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 36-гадовага мясцовага праграміста Леаніда Райчонка, піша "Берасцейская Вясна". Яго асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса. Такі прысуд вынесла Вера Філонік па прапанове дзяржабвінаваўцы Генадзя Бурага. Леаніда затрымалі гэтым летам на беларуска-польскай мяжы, узбудзілі крымінальную справу і змясцілі пад варту ў берасцейскае СІЗА. 

Леанід Райчонак
Леанід Райчонак

Згодна версіі абвінавачвання, 17 траўня 2022 года Леанід Райчонак перавёў 400 даляраў на бронекамізэлькі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Другое ахвяраванне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысць "Prague Support Team" (аб'яднанне беларусаў Прагі, якія збіраюць данаты і на іх закупляюць абмундзіраванне, часам на зброевыя аксэсуары для беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны). Дзеянні берасцейца кваліфікавалі як "фінансаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях" паводле ч. 2 арт. 361-3 КК.

Пракурор Генадзь Буры запрасіў для Райчонка 16 кастрычніка шэсць гадоў калоніі. На наступны дзень суддзя Вера Філонік вынесла менавіта такі прысуд.

Пра Леаніда Райчонка вядома, што ў яго двое непаўналетніх дзяцей. "Медыязона. Беларусь" звяртала ўвагу, што супрацоўнік Viber, iOS-распрацоўшчык Леанід Райчонак у жніўні 2020 года пакінуў подпіс у калектыўным звароце з асуджэннем гвалту сілавікоў, а ў 2021 годзе поўны цёзка Леаніда праводзіў трэнінг па кібербяспецы для Брэсцкай ініцыятывы "Няма месца".

Падтрымайце берасцейца: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Леанід Валер'евіч Райчонак

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства