Дайджэст вызваленых: 49 палітвязняў у кастрычніку выйшлі на волю, 47 з іх — па заканчэнні тэрміну
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1462 палітвязні, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію") ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у кастрычніку на волю выйшлі мінімум 49 палітвязняволеныя: 47 чалавек цалкам адбылі свае тэрміны, сем з якіх — жанчыны, а дзве палітзняволеныя былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што яны адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
47 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю
Публікуем гісторыі некаторых з іх.
Палітвязень Сяргей Антусевіч — 1 год, 6 месяцаў і 13 дзён у зняволенні
Сяргей — намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, амаль 10 гадоў ён кіраваў незалежным прафсаюзам "Гродна Азот". Палітвязня затрымалі 19 красавіка 2022 года і змешчаны ў СІЗА КДБ.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У Мінскім гарадскім судзе 20 снежня 2022 года пачаўся разгляд справы. 26 снежня быў вынесены прысуд: Сяргей Антусевіч атрымаў 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 31 кастрычніка, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Анатоль Пугач — 1 год і 11 дзён у зняволенні
Хлопца затрымалі 13 снежня, на наступны дзень пасля вяртання з Польшчы. У Беларусь ён прыехаў на абследванне, бо за мяжой у яго вынайшлі анкалагічнае захворванне. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык.
Па матэрыялах абвінавачання, хлопец «пасля прагляду відэазапісаў, якія змяшчалі абразу прэзідэнта, размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ўказаныя відэазапісы, тым самым прынізіў гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі». Суд прызначыў Пугачу 1 год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Свой тэрмін Анатоль адбываў у наваполацкай калоніі № 1. Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", 23 кастрычніка ён выйшаў на волю.
Пяць палітзняволеных мінчукоў — больш за 7 месяцаў у зняволенні
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 ліпеня за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту асудзілі адразу пяць чалавек: Уладзіміра Ганусевіча, Аляксандра Конанава, Альберта Гарбуза, Сяргея Глінскага, Максіма Сташулёнка. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя Юлія Крэпская прызначыла ім па году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Да суда ўсе ўтрымліваліся пад вартай.
Максім Сташулёнак быў затрыманы на пачатку лютага 2023 года пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь. У 2020 годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў "Каскаду", што іх нацыяльны сцяг едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.
Ганусевіч — ураджэнец Гомеля, камандзір другога аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 26 Фрунзенскага раёна г. Мінска.
Усе палітвязні цалкам адбылі тэрмін і ў кастрычніку выйшлі на волю.
Палітзняволеная Аксана Аляксеева — 1 год, 2 месяцы і 25 дзён у зняволенні
Аксана была затрымана разам з іншымі лідарамі Мінскай гарадской арганізацыі АГП 27 ліпеня 2022 года. Вядома, што падчас ператрусу сілавікі выбілі дзверы ў ейную кватэру.
У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 лістапада 2022-га вынеслі прысуды па крымінальнай справе супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Аляксеевай — 1,5 года калоніі, Мікалаю Казлову — 2,5 года калоніі і Антаніне Кавалёвай — 1 год калоніі. Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года (арт. 342 КК).
Па інфармацыі Анатоля Лябедзькі, сёння Аксана выйшла на волю з гомельскай калоніі № 4, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітзняволеная Міа Міткевіч — 2 гады, 8 месяцаў і 23 дні ў зняволенні
Міа — менеджэрка ў сацыяльна-культурнай сферы з Мінску, арт-дырэктарка івэнт-агенцтва Nuestro Amor. У дзяўчыны дзве вышэйшыя адукацыі: яна скончыла БДУКМ і Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры і мастацтваў. Таксама ў яе свой бізнэс у сферы кінавытворчасці.
Міткевіч абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы па ч. 1 арт. 130 КК. 20 траўня 2021-га Мінскі гарадскі суд асудзіў яе да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
11 кастрычніка Міа выйшла на волю з гомельскай калоніі № 4, цалкам адбыўшы тэрмін. У зняволенні яна адбыла 955 дзён.
Палітзняволеная Іна Панова — 1 год, 2 месяцы і 29 дзён у зняволенні
У судзе Ленінскага раёна Мінска 31 кастрычніка 2022 года палітзняволенай прысудзілі паўтара года калоніі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вядома, што жанчына выхоўвае чацвярых дзяцей.
Падчас пасяджэння адвакат Іны настойваў, каб жанчына прызнала віну. Палітзняволеная прыняла пазіцыю абароны, але разам з тым аспрэчвала свой удзел у акцыі пратэсту. Пракурор расцаніў яе словы як непрызнанне віны. Тое, што Іна была на Маршы разам з дзіцём, абвінавачанне расцаніла як абцяжваючыя абставіны.
Тэрмін жанчына адбывала ў гомельскай жаночай калоніі № 4, адкуль днямі выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Арсень Чыжык — 2 гады і 6 дзён у зняволенні
Арсень быў затрыманы ў Гомелі па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
21 лістапада 2022 года яму прызначылі два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядаў суддзя Руслан Царук.
Уначы 5 кастрычніка палітвязень выйшаў на волю
Палітвязень Андрэй Чудзінаў — 1 год, 9 месяцаў і 11 дзён у зняволенні
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 17 сакавіка 2022 года Андрэя асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у "Маршы Новай Беларусі" 23 жніўня 2020 году. Асноўным і адзіным доказам віны Чудзінава стаў фотаздымак на ягоным тэлефоне, які раней забралі супрацоўнікі міліцыі.
Вядома, што ў зняволенні на палітвязня ціснулі і змяшчалі яго ў ШІЗА. У лістападзе 2022 года яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
13 кастрычніка Андрэй выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітзняволеныя Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч — 1 год, 9 месяцаў і 15 дзён у зняволенні
Іх затрымалі па даносе 9 жніўня 2021 года за расклейванне пратэсных налепак і ўлётак у Чачэрску. Але пазней іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 28 снежня 2021 года іх зноў затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 341 КК (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці) іарт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У сакавіку 2022 года суд прызначыў ім па два гады калоніі. Рыта адбывала тэрмін ў гомельскай жаночай калоніі № 4, а Мікіта — у івацэвіцкай калоніі № 22. Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", яны цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
Палівязень Антон Якавук — 1 год і 12 дзён у зняволенні
Антон — жыхар Брэста, захапляецца футболам, аматар ФК "Ліверпуль", з 2015 па 2019 год гуляў у аматарскім клубе "Змена". Быў затрыманы 29 верасня 2022 года ў сябе дома па крымінальнай справе аб абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Вядома, што Антон у адной з сацсетак выклаў відэа з Лукашэнкам, якое суправаджалася адным «абразлівым» словам — за гэта суддзя Марына Скалковіч прызначыла яму 1 год зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вядома, што ў калоніі палітвязень пабраўся шлюбам.
Дзве палітзняволеныя выйшлі на волю пасля суда
У кастрычніку беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі дзве жанчыны ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:
- Юлія Колас — два гады "хатняй хіміі";
- Надзея Старавойтава — тры гады "хатняй хіміі";
Каму з былых палітвязняў цяпер патрэбна фінансавая дапамога?
Дапамога сям'і былога палітвязня Дзяніса Іванова
Дзянісу з сям'ёй патрэбна дапамога, каб ачуняць і пачаць жыць нанова ў новай краіне.
Фінансавая дапамога былому палітвязню, які знаходзіцца ў Беларусі
Дапамога былому палітвязню аплаціць курсы для новай прафесіі
Мужчына запісаўся на дарагія курсы, каб засвоіць новую прафесію і знайсці працу ў IT сферы.
Дапамога былому палітвязню, асуджанаму за абразу Лукашэнкі
Яму трэба пагасіць запазычанасць памерам 5400 беларускіх рублёў.
Дапамога палітзняволенай, якая адна ўтрымлівае сваю пяцігадовую дачку і ўсю вялікую сям'ю
Дапамога былому палітвязню для ўладкавання жыцця ў Польшчы
Дапамога былой палітзняволенай з двума дзецьмі пачаць жыццё з нуля ў Польшчы
Жанчыне трэба афармляць дакументы, шукаць працу, адправіць дзяцей у школу.