viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 8-9 лістапада Дапоўнена

2023 2023-11-09T10:20:00+0300 2023-11-09T13:32:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ex-press.live.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8-9 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Суд Баранавіцкага раёну прызнаў "экстрэмісцкім" украінскі telegram-канал "Вільне Рівне"

Адпаведнае рашэнне было прынятае 3 лістапада.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты "Пастаўскія падзеі", "28 марта. Жгем", "Верхнедвинск за перемены livе";
  • Facebook-старонка "МАЯ Радзiма Беларусь";
  • Telegram-каналы і лагатыпы праектаў "Народная Амбасада Беларусi у Iзраiлi", "Народное посольство Беларуси в Литве", "Канал народного посольства Беларуси в Черногории";
  • Суполка ва "Укантакце" "Пошукі старога Гомеля";
  • TikTok-старонка "BIELARUSKI SAL".

"Чакайце. Мы заўтра прыедзем". Супрацоўнік "Белпола" Мацвей Купрэйчык распавёў пра пераслед сваёй сям'і ў Беларусі

macvei-kupreiczyk.jpg
Супрацоўнік "Белпола" Мацвей Купрэйчык

Як распавёў Мацвей "Нашай Ніве", у 2021 годзе да бабулі мужчыны прыйшлі з ператрусам, пасля — да маці і да сястры. У лістападзе 2022 года "да бацькоў у чарговы раз заявіліся. Яны сказалі, што супраць маці заяўленая крымінальная справа за ўдзел у плане "Перамога".

"Але самы цікавы момант у тым, што ў маёй мамы ніколі не стаяў тэлеграм на тэлефоне, які патрэбны для таго, каб устанавіць план "Перамога". Яны забралі яе тэлефон і тэлефон бацькі. Сказалі: "Чакайце. Мы заўтра прыедзем". У іх зламаўся "скрыпт", што трэба рабіць. Але яны забралі тэлефон. Як толькі яны зʼехалі, на мяне выйшаў бацька.

Ён патлумачыў сітуацыю, і я зразумеў, што чакаць нельга. Яны выехалі па пэўным маршруце ў трэцюю краіну. Цяпер яны жывуць у Польшчы".

Па словах Мацвея, сястра з мужам выехалі раней:

"Сястра таксама нармальна засвяцілася. Ёй пагражалі, што дзяцей забяруць. І ператрус у яе ў кватэры быў. Рэчы ламалі".


Дома ў пісьменніка Сашы Філіпенкі адбыўся ператрус — ягонага бацьку затрымалі

sasza-filipenka.jpg
Саша Філіпенка

Пра гэта ён напісаў 9 лістапада на сваёй старонцы ў Facebook.

"У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: "Скажыце дзякуй сыну". Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў еўрапейскай прэсе".


У Брэсце затрымалі айцішніка, які жыве і працуе ў Польшчы

zatrymanne_brest_aicisznik.jpg
Затрыманы ў Брэсце за каментары супрацоўнік сферы IT

Пра затрыманне стала вядома 9 лістапада. Паведамляецца, што мужчына нібыта напісаў больш за 5 тысяч паведамленняў у "экстрэмісцкіх" каналах і чатах. На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што працуе на амерыканскую кампанію і жыве ў Познані — верагодна, яго затрымалі падчас паездкі ў Беларусь.


Быў затрыманы вядомы шоўмэн Дзяніс Кур'ян

dzjanis-kurjan.jpg
Дзяніс Кур'ян

Як стала вядома 8 лістапада "Нашай Ніве", быў затрыманы тэлевядоўца і шоўмэн Дзяніс Кур'ян.

Ці адбыў ён адміністрацыйны арышт, ці затрыманне было кароткатэрміновым — невядома.

Раней паведамлялася пра затрыманне блогеркі і тэлевядоўцы Ганны Бонд і спявачкі Ларысы Грыбалёвай.

Пазней у інтэрв'ю выданню "Точка" Дзяніс абверг інфармацыю аб сваім затрыманні:

"Нічога падобнага не было. Са мной усё ў парадку. Я дома ў Беларусі. Працуем, як і раней".


У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта "ex-press.livе" і "Гомель за Никиту Золоторева", прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі" КДБ 24 кастрычніка.

Адзначым, што ў "ex-press.livе" пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да СМІ — "ураджэнцы Расіі: Паляк
Міла Анатольеўна, Баброўская Анастасія Аляксандраўна, Мацкевіч Алег Георгіевіч, грамадзяне Рэспублікі Беларусь: Сляпухін Павел Віктаравіч, Кульбякіна Алена Уладзіміраўна".

У сітуацыі з "Гомель за Никиту Золоторева" пазначана, што гаворка ідзе пра закрыты Telegram-чат, дачыненне да якога, як сцвярджаецца, мае бацька палітзняволенага Мікіты ЗалатароваМіхаіл Лапуноў.

Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы. Мікіта Залатароў адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.


Магілёўца арыштавалі за "сябра" ў VK з "экстрэмісцкай" аватаркай

Згодна з пратаколам, "мужчына з дапамогай свайго акаўнта, у адкрытым доступе ва ўкладцы "сябры" размясціў візуальны матэрыял у выглядзе тэксту "Belsat", размешчаны на "аватарцы" карыстальніка электроннай анкеты сацыяльнай сеткі "Укантакце" пад назвай "Belsat TV".


У наваполацкай калоніі ціснуць на палітвязня Максіма Зіневіча 

Палітвязня затрымалі яго 19 жніўня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). У Ленінскім судзе Брэста 21 траўня 2021 года Зіневічу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Максім падчас акцыі пратэсту 10 жніўня ў Брэсце быў паранены гумовай куляй у нагу.

Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калоніі № 1. Вядома, што там на яго цісне адміністрацыя ўстановы. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, у Максіма вынялі кнігі, цыгарэты і нават прадукты харчавання. Апроч гэтага, палітвязня перыядычна змяшчаюць у ШІЗА.

Таксама паведамляецца, што ўсіх палітвязняў, якія стаяць на прафулік як схільныя "да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці", пазбавілі тэлефанаванняў на ўвесь лістапад.


У журналіста Алеся Любенчука за кратамі пачаліся праблемы з хрыбетнікам

Алесь Любянчук у судзе Першамайскага раёна 19 красавіка.
Алесь Любенчук

Журналіста затрымалі 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. 27 кастрычніка суд прызначыў палітвязню тры гады калоніі.

У пачатку лютага палітвязня накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але па прыбыцці адміністрацыя калоніі пазбавіла яго пасылак, перадач і спатканняў тэрмінам на тры месяцы.

Яшчэ ў 2022 годзе ў палітвязня абвастрылася хвароба хрыбетніка, расказала "Радыё Свабода" пра Любенчука дасведчаная крыніца:

"Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго заўважна засмучае".

Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі.


ГУБАЗіК затрымаў беларуса, які ў 2020-ым годзе расфарбаваў свой аўтамабіль у бел-чырвона-белыя колеры

Пра гэта 8 лістапада паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.


Хапун у Рэчыцы

reczyca_khapun_.jpg
Затрыманыя ў Рэчыцы і Рэчыцкім раёне. Скрыншот з "пакаяльнага відэа"

У Рэчыцы і Рэчыцкім раёне затрымалі як мінімум 6 чалавек нібы за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў і падпіскі на адпаведныя сайты і сацсеткі.

"Пакаяльнае відэа" з затрыманымі 8 лістапада з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Адзін з рэчычанаў кажа, што быў выключаны з калегіі адвакатаў — гэта адвакат Павел Кулажэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства