viasna on patreon

Манекен на дарожным знаку, катафот, бранзалет, парасон: за што беларусаў судзілі ў кастрычніку

2023 2023-11-08T16:37:33+0300 2023-11-08T18:39:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. Паводле праваабаронцаў "Вясны", у мінулым месяцы было разгледжана мінімум 394 адміністрацыйныя справыСуддзямі было прызначана не менш за 105 адміністрацыйных арыштаў і 87 штрафаў. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў кастрычніку. 

У Глуску мужчыну арыштавалі за пікет манекенам са зваротам да старшыні мясцовага райвыканкаму 

Старшыня Глускага раённага выканаўчага камітэту Уладзімір Кніга
Старшыня Глускага раённага выканаўчага камітэту Уладзімір Кніга

Згодна з матэрыяламі справы, на дарожным знаку быў выяўлены манекен у форме чалавечага цела, на якім быў аркуш паперы фармату А4 з надпісамі "Не спяшайцеся Кніга".

Такі зварот да старшыні раённага выканаўчага камітэту Уладзіміра Кнігі быў расцэнены як пікетаванне, таму супраць мужчыны склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Суд прызначыў мясцоваму жыхару пяць сутак арышту, а манекен і аркушы паперы пастанавіў знішчыць.

Жыхара Рагачова аштрафавалі за серабрыста-чырвоныя катафоты на ровары

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", Пётр Русак некалькі год таму на сваім ровары ўсталяваў святлоадбівальнік у выглядзе паласы срэбнага і чырвонага колераў. Міліцыянты ў Рагачове ўгледзелі ў гэтым бел-чырвона-белы сцяг і склалі супраць мужчыны пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. 2 кастрычніка суддзя Вольга Пакроўская аштрафавала Пётра на 15 базавых велічыняў (555 рублёў).

За бел-чырвона-белы вымпел кіроўцу-дальнабойшчыка прызначылі вялікі штраф

Суд Ленінскага раёна Брэста 3 кастрычніка разглядзеў справу супраць кіроўцы, які нібыта "пікетаваў" на мяжы ў пункце пропуску "Казловічы" на беларуска-польскай мяжы. Падставай для пратакола паводле арт. 24.23 КаАП стаў бел-чырвона-белы вымпел на шкле аўтамабіля, які супрацоўнікі беларускай мытні заўважылі падчас агляду машыны. Вынікам стаў штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1 850 рублёў).

Па двух адміністрацыйных артыкулах судзілі евангельскую верніцу з Лепеля

Вольга Мадатова — сябра евангельскай царквы, у 2015 годзе яе ўзгадавалі як адміністратарку царквы. Вольга вядомая ў Лепелі як валанцёрка, разам з сям'ёй яна ўдзельнічала ў многіх мерапрыемствах па дапамозе нямоглым і старым мясцовым.

21 кастрычніка, а праз два дні арыштавалі на 11 сутак, піша "Хрысціянская візія". Справу разглядаў суддзя Васюк Дзмітрый.

У пастанове суда ёй ставяць у віну пікетаванне праз падпіску на групу ў "Аднакласніках", лагатып якой змяшчае Пагоню і нацыянальны сцяг Беларусі, а таксама "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" праз падабайку публікацыі "Радыё Свабода".

Жыхара Наваполацка пакаралі арыштам за хэштэг са словамі "Жыве Беларусь" 

Справу прадпрымальніка Дзмітрыя Сторажава 27 кастрычніка разглядзела суддзя Зінаіда Балаболава. Паводле пастановы суда, Сторажаў падчас судовага працэсу прызнаў, што ў 2021 годзе апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram фотаздымак з хэштэгам "#жывебеларусь Собрались!" На фотаздымку быў ён з сябрамі, ніякай "апазіцыйнай" атрыбутыкі пры іх не было.

У судзе зачыталі міліцэйскі рапарт ад 26 кастрычніка пра тое, што 20 кастрычніка гэты фотаздымак яшчэ быў на старонцы Сторажава, але праз тры дні ён быў выдалены. Міліцыянты паспелі зрабіць скрыншот, і ён стаў галоўным доказам супраць Сторажава. Суддзя Балаболава прызнала мужчыну вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і прызначыла яму 13 сутак арышту.

У Наваполацку мужчыну арыштавалі на 30 сутак за "экстрэмісцкія" падпіскі і фота з БЧБ-сцягам

Дальнабойшчыка Дзмітрыя Тарбеева затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу 10 кастрычніка ў Наваполацку. У ягоным тэлефоне на старонцы ў Instagram сілавікі знайшлі падпіскі на "Радыё Свабоду", "Белсат" і "Краіну для жыцця", а таксама фота з бел-чырвона-белымі сцягамі.

За гэта супраць яго склалі адразу два адміністрацыйныя пратаколы: паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а таксама арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). 11 кастрычніка над Тарбеевым адбыўся суд. Дзмітрый сваю віну прызнаў, але адмовіўся даваць паказанні.

Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Тарбеева вінаватым і асудзіла да 30 сутак арышту.

Беларуса затрымалі на пагранпераходзе ў Брэсце: у яго была бірулька з "Пагоняй"

У Брэсце на памежным пункце пропуску "Варшаўскі мост" у сярэдзіне кастрычніка затрымалі беларуса, на сумцы якога заўважылі бел-чырвона-белую бірульку з гербам "Пагоня". Пра гэта стала вядома з пастановы суда Маскоўскага раёна Брэста, піша "Люстэрка".

"Правёў масавае мерапрыемства — адзіночнае пікетаванне без дазволу Брэсцкага гарвыканкама шляхам размяшчэння на дарожнай сумцы бірулькі з металу жоўтага колеру з выявай у выглядзе "бел-чырвона-белага" сцяга з гербам "Пагоня", які знаходзіцца на ім", — гаворыцца ў пратаколе.

Справа разглядалася 16 кастрычніка. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП. Той не адмаўляў віну. У выніку яму прызначылі штраф памерам 30 базавых велічыняў — 1110 рублёў.

У Пінску пажылога мужчыну аштрафавалі за "пікет" у лесе з дапамогай нашыўкі на куртцы

Напачатку кастрычніка ў Пінскім раёне затрымалі пажылога мужчыну, які пайшоў на паляванне ў куртцы з бел-чырвона-белай нашыўкай. Гэта расцанілі як "несанкцыянаваны пікет" і склалі супраць яго пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Згодна з пратаколам, раніцай у лесе мужчына "пры правядзенні палявання на дзікіх жывёлаў з мэтай выказаць пратэст супраць дзейнай улады, зладзіў адзіночны пікет з выкарыстаннем пратэставай сімволікі, а менавіта, зладзіў паляванне з эмблемай у выглядзе бел-чырвона-белага сцяга на правым рукаве курткі".

Паляўнічы на судзе прызнаў віну. У выніку суд прызначыў яму штраф памерам 40 базавых велічыняў (1 480 рублёў).

Былому палітвязню Андрэю Кудзіку прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok 

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook

Пра гэта актывіст паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

Яго справу 19 кастрычніка ў судзе Вілейскага раёну разглядала суддзя Алена Ахметава. Андрэя абвінавацілі ў тым, што 24 жніўня ён размясціў у сваім TikTok свае фотаздымкі з подпісам "З Днём Незалежнасці, Украіна". Гэта палічылі "несанкцыянаваным пікетаваннем".

Кудзік на судзе віну не прызнаў і распавёў, што ўбачыў 24 жніўня віншаванне Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Украіны і таксама вырашыў павіншаваць суседні народ.

У выніку, суддзя Ахметава прызначыла былому палітвязню 15 сутак арышту.

У Слоніме настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне "экстрэмісцкай" кнігі па гісторыі

У судовым пасяджэнні жанчына распавяла, што прыкладна ў 2018 годзе набыла кароткі курс гісторыі Беларусі ў адной з кнігарняў для патрэб дачкі-школьніцы. Улетку яна прыбіралася ў кватэры і, убачыўшы гэтую кнігу ў добрым стане, вырашыла яе прадаць, як непатрэбную. Аб'ява было актыўна на працягу двух месяцаў.

Пакупнікоў не знайшлося, у сувязі з чым кнігу яна хутчэй за ўсё здала ў макулатуру. Пра тое, што кніга прызнана "экстрэмісцкім матэрыялам", нават не падазравала, адзначыла сланімчанка ў судзе.

Згодна з пастановай суда ёй прызначаны штраф у памеры 10 базавых велічыняў (370 рублёў) з канфіскацыяй персанальнага кампутара.

Ахоўніка крамы "Білд" у Оршы арыштавалі ўжо чатыры разы запар

Аршанца Сяргея Вальковіча затрымалі 3 кастрычніка на працоўным месцы. На яго склалі адразу пяць адміністрацыйных пратаколаў за падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы (арт. 19.11 КаАП). Вядома, што Сяргей — былы супрацоўнік міліцыі.

Першы суд над мужчынам адбыўся 4 кастрычніка. Тады бацьку непаўнагадовага дзіця асудзілі на сем сутак арышту. Ужо праз два дні яго зноў арыштавалі на 10 сутак. У трэці раз Вальковічу прызначылі пяць сутак арышту за падпіску на "Хартыю" ў Аднакласніках.

Чацвёрты суд над Сяргеем адбыўся 12 кастрычніка. Гэтым разам яго абвінавацілі ў падпісках на "Мая Краіна Беларусь", "Радыё Свабода" і "Белсат". Суддзя Святлана Кузьмічонак арыштавала яго яшчэ на 15 сутак. Агульны тэрмін арышту склаў 37 сутак.

Берасцейку аштрафавалі за пікетаванне бранзалетам з арнаментам

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 5 кастрычніка адбыўся суд над мясцовай жыхаркай, якую абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з пастановай суда, жанчына ўвечары 6 верасня ў Брэсце правяла пікет, размясціўшы на правай руцэ бранзалет з выявай бел-чырвона-белага сцяга з арнаментам.

На судзе берасцейка прызнала сваю віну. У выніку суд пастанавіў аштрафаваць яе на 10 базавых велічыняў (370 рублёў).

Бабруйчан асудзілі за кветкі і свечкі каля помніка ахвярам рэпрэсій

У сярэдзіне кастрычніка ў Бабруйску былі затрыманы былая лекарка Данута Дзьячэнка і выкладчык з мясцовага каледжу Віктар Схаба. Бабруйчан затрымалі ў нядзелю пасля ўскладання кветак і запальвання свечак да помніку "ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій" каля плошчы Перамогі.

Праваабаронцам стала вядома, што пасля затрымання іх адвезлі дадому на вобшукі, пасля якіх была канфіскавана тэхніка.

У панядзелак над імі адбыліся суды паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). У выніку Дануце прызначылі штраф памерам 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а Віктару — дзве базавыя велічыні (74 рублі).

Нагадаем, у летась таксама асудзілі бабруйчаніна за блакітна-жоўтыя лампадкі каля гэтага помніка — яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Тады мужчыну арыштавалі за "пікет" на 15 сутак.

У Мінску цяжарную жанчыну аштрафавалі за "пікет" бел-чырвона-белым парасонам

Суд Партызанскага раёна Мінска 20 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйную справу супраць мясцовай жыхаркі. Паводле пастановы суда, жанчына "з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў ішла з бел-чырвона-белым парасонам". За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП, заўважыла "Люстэрка".

Да матэрыялаў справы далучылі фота, на якім мінчанка ідзе з раскрытым парасонам, а побач з ёй знаходзяцца пажылая жанчына і "асоба, якая ажыццяўляла фатаграфаванне".

Жанчына на судзе прызнала віну часткова і заявіла, што проста хавалася пад парасонам ад дажджу, але "ў цяперашні момант разумее, што яе дзеянні маглі выклікаць рэакцыю з боку грамадзян, якія бачылі яе".

Праз тое, што мінчанка выхоўвае дваіх дзяцей, у тым ліку аднаго малалетняга, і знаходзіцца ў стане цяжарнасці, яе не маглі адправіць на "суткі", таму прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1 850 рублёў).

Актывіста Васіля Палякова арыштавалі на 15 сутак

Нагадаем, Васіля затрымалі ў Гомелі 1 лістапада — яго спачатку выклікалі па позве, але потым у кайданках прывезлі дадому, каб правесці вобшук.

Паводле праваабаронцаў, суд над актывістам адбыўся 3 лістапада ў Гомелі. Па папярэдняй інфармацыі, яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Вынік — 15 сутак арышту.

Васіль — былы настаўнік гісторыі, звольнены па палітычных матывах. Шматразова ўдзельнічаў у розных палітычных кампаніях, нейкі перыяд узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Палітзняволенага Міхаіла Лапунова арыштавалі сёмы раз запар. У ІЧУ яго ўтрымліваюць ужо тры месяцы

Міхаіл Лупанаў

Міхаіл Лапуноў — бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова — днямі мусіў выйсці на волю, але гэтага не адбудзецца, бо яго зноў арыштавалі. Трэцяга лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прайшоў чарговы суд над ім паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя Віктар Казачок прызначыў яму чарговыя 15 сутак, піша "Гомельская Вясна".

Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы.

Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства