Маці дваіх дзяцей асудзілі ў Гомелі па шэрагу пратэсных артыкулаў
У Гомельскім абласным судзе 18 кастрычніка вынесены прысуд палітзняволенай Жанне Волкавай. Жанчыну абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суд вынес жанчыне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Алег Харошка.
Жанну Волкаву затрымалі 11 траўня 2023 года ў школе № 63, куды жанчына прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці. Па паведамленнях СМІ, падчас пратэстаў 2020 года міліцыя затрымлівала Волкаву па адміністрацыйных артыкулах. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, а на волі засталіся двое непаўнагадовых дзяцей.
Вядома, што гамельчанку перашапачаткова затрымалі за каментар пад артыкулам пра забойства супрацоўніка КДБ (“справа Зэльцэра”).
“Гомельская вясна” даведалася, што пасля прысуду палітзняволеная Жанна Волкава напісала скаргу ў Вярхоўны суд.
Падтрымайце Жанну грашовымі пераводамі, бандэролькамі і лістамі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Жанна Пятроўна Волкава.