viasna on patreon

"Тое, што зрабіў Раман Бандарэнка — гэта выбар асобы". Сведчанні ўдзельнікаў акцыі памяці на Плошчы Пераменаў

2023 2023-11-12T17:20:00+0300 2023-11-13T16:29:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ploszcza-peramen_jauhen-atcecki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тры гады таму, 12 лістапада 2020 года, загінуў жыхар Плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка. Увечары 11 лістапада ён выйшаў у свой двор спыніць незнаёмых людзей, якія зрэзалі з агароджы бел-чырвона-белыя стужкі. Рамана моцна збілі, пасля чаго ён з цяжкімі траўмамі і ацёкам мозгу трапіў у лякарню. На наступны дзень не прыходзячы ў прытомнасць мужчына загінуў.

Сведкі тагачасных падзей, удзельнікі Маршу і акцыі памяці па загінулым Рамане ўспамінаюць пра жорсткія затрыманні на акцыі 15 лістапада 2020 года, распавядаюць, як з'явілася Плошча Пераменаў і як цяпер жыве дваровая супольнасць.

ploszcza-peramen_jauhen-atcecki.jpg
Плошча Пераменаў. Фота: Яўген Атцецкі

Жудасная гісторыя адважнай дзяўчыны

Л. жыве ў трох хвілінах хады ад Плошчы Пераменаў. Яна, як і многія менчукі, 15 лістапада 2020 года прыйшла ў двор, дзе жыў Раман Бандарэнка, каб ушанаваць яго памяць.

Праз некаторы час кола сілавікоў у шлемах і са шчытамі пачало сціскацца вакол мемарыяла і ўдзельнікаў акцыі. Дзяўчына зразумела, што хутка пачнуць затрымліваць. Л. вырашыла, што будзе больш карыснай, калі пойдзе да дому і будзе трымаць адкрытымі дзверы пад'езду, каб пратэстоўцы падчас хапуна маглі там схавацца. Зрэшты так і адбылося. Сілавікі пачалі разганяць менчукоў, якія ўрассыпную пабеглі ў бліжэйшыя двары.

"Правальвайце з нашага двара"

Стоячы на балконе, дзяўчына пільнавала, каб суседзі не зачынілі дзверы ў патрэбны момант. Раптам з вуліцы пачалі даносіцца крыкі, што пранізвалі ўвесь двор. З-за вугла на сцежку выбег мужчына ў акулярах, сталага веку, за якім несліся маладыя хлопцы ў спартовай вопратцы, красоўках, бронекамізэльках і са зброяй у руках. Л. вырашыла адцягнуць увагу сілавікоў, каб мужчына змог збегчы. Яна скінула з балкона пусты пластыкавы гаршчок для кветак, а сілавікам крыкнула, каб сыходзілі з яе двара. Гаршчок аднесла ветрам у бок, і ён не трапіў па людзях. Паміж сілавікамі і дзяўчынай завязалася спрэчка. Адзін хлопец у бронекамізэльцы крыкнуў: "Дзяўчынка, ты не за тых ваюеш!" Другі прапанаваў "е*ануць са стрэльбы" па дзяўчыне на балконе. Урэшце сілавікі скарысталіся адкрытымі дзвярыма ў пад'езд, падняліся на паверх і пачалі ламацца ў кватэру. Па словах Л., яна разгубілася і ад страху не ведала, што ў такой сітуацыі рабіць. Напісала ў рэдакцыю аднаго з незалежных медыя. Там ёй параілі хіба што весці стрым у сацсетках, які, магчыма, трохі стрымаў бы сілавікоў.

Зачыстка

Так працягвалася каля дваццаці хвілін. Урэшце Л. праз дзверы пачула, як камандзір па рацыі загадаў сілавікам "зачышчаць пад'езд". Грукат каля дзвярэй Л. сціх. Але неўзабаве сілавікі пачалі выломваць дзверы ў кватэрах ужо ў дамах Плошчы Пераменаў.


Пётр Маркелаў, актывіст "Моладзевага блока"

У той дзень Пётр быў у Мінску. Акцыя памяці 15 лістапада была адной з апошніх буйных акцый пратэсту, на якую людзі прыйшлі з усяго горада, узгадвае хлопец. У пэўны час амапаўцаў значна стала больш, прыехала падмацаванне. Сілавікі сталі ў шэраг, а пратэстоўцы чакалі іх далейшых дзеянняў.

"Мы стаялі на Плошчы разам з сябрамі. Як толькі ўбачылі, што сілавікі набліжаюцца, вырашылі сыходзіць. Нас было пяць чалавек. Але мы занадта рана расслабіліся і перасталі сачыць. Не схаваліся ў двары, а пайшлі шырокай вуліцай уздоўж праезнай часткі. Даволі хутка ззаду да нас пад'ехаў аўтазак, адкуль выбеглі сілавікі. Нас пяцярых змясцілі ў двухмесную камеру аўтазака і адвезлі на Акрэсціна".

"Пеця, трымайся!" Сустрэча з Кацярынай Андрэевай у ізалятары

Пётр распавядае, што ў калідоры ізалятара сустрэў журналістку Кацярыну Андрэеву, якую сілавікі затрымалі проста падчас анлайн-стрыму ў кватэры аднаго з жыхароў Плошчы Пераменаў.

"Тады ў ізалятары затрыманыя стаялі ў два шэрагі тварамі да сцяны. Калі мы пабачыліся з Кацяй у калідоры, яна па-прыяцельску пастукала мяне па плячы і сказала: "Пеця, трымайся!" Яна як звычайна была вельмі смелая і актыўная".

"Магчыма, я б сядзеў дагэтуль"

Адбываць суткі Пятра павезлі ў Баранавічы. Ён кажа, што яму пашанцавала, бо ў ІЧУ на Акрэсціна ён раней адбываў арышт, яго там ужо ведалі як актывіста і маглі б арыштаваць на значна большы тэрмін або завесці крымінальную справу.

"У Баранавічах ніхто не ведаў менскіх актывістаў. А калі я прыехаў на Акрэсціна, мне з парога сказалі: "О, Маркелаў прыехаў".

Пятра арыштавалі на 15 сутак. Разам з ім у камеры былі пераважна ўдзельнікі акцыі памяці, якіх затрымалі пазней падчас зачысткі Плошчы.

ploszcza-peramen_jauhen-atcecki_3.jpg
Плошча Пераменаў. Фота: Яўген Атцецкі

Максім Кавалёў, сябра "Згуртавання беларускіх студэнтаў", за тое, што прыйшоў ушанаваць памяць забітага Рамана, сутыкнуўся з гвалтам сілавікоў і бесчалавечным стаўленнем.

"Ён толькі што памёр"

"Я даведаўся пра смерць Рамана ад знаёмай. 12 лістапада я ведаў з навін, што напярэдадні на Плошчы Пераменаў кагосьці моцна збілі і адвезлі ў лякарню. У той лякарні працавала сяброўка маёй знаёмай. На наша пытанне, што цяпер з тым чалавекам, яна напісала: "Ён толькі што памёр".

Максім кажа, што для яго гэта быў вельмі сумны дзень, бо тады ж затрымалі і ягоных сяброў і знаёмых па справе студэнтаў. На той момант Максім ужо некалькі месяцаў не хадзіў ні на якія акцыі. Але тыя падзеі вельмі ўзрушылі хлопца.

"Я тады спытаў сябе, калі яшчэ выходзіць, як не цяпер", – успамінае тыя падзеі Максім.

Плошча Пераменаў, мемарыял, зачыстка

Максім — каталік. На выпадак затрымання ён узяў разам з рэчамі першай неабходнасці і беларускі малітоўнік. Падчас затрымання сілавікі знайшлі ў Максіма гэтую кнігу.

"Змагар я*аны! Пі*арас", — пракаментавалі сілавікі знаходку.

Аўтазак, РУУС, ІЧУ на Акрэсціна

Затрыманых спачатку саджалі на лавы ў аўтазаку. Потым зайшоў сілавік, загадаў усім устаць, а затым стаць на калені. Максім кажа, што месца зусім не было і даводзілася станавіцца проста на іншых затрыманых.

"Сілавік адразу сказаў нам, хто рыпнецца на супрацоўніка, таго вынесуць наперад нагамі".

У ізалятары Максіма збівалі.

"Нас паставілі ў шэраг. Ногі шырока расстаўленыя, рукі трымаць на сцяне і галаву ўніз. За тое, што я нібыта недастаткова нізка трымаў галаву, сілавік выпісаў мне ўдар з нагі".

15_dvor_peremen_bondarenko_20201112_zam_
Мемарыял у памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку на Плошчы Пераменаў. Фота: TUT.BY

Распавядае фатограф Яўген Атцецкі, жыхар Плошчы Пераменаў, які ўвесь час з пачатку салідарызацыі двара і станаўлення мясцовай супольнасці рабіў фотадакументацыю тагачасных падзей, а пасля выпусціў аднайменную фотакнігу.

"Двары, уцёкі, беганіна"

"15 лістапада для мяне амаль адразу пачалося з выбухаў і страляніны. Раніцай я паехаў да сяброў на станцыю метро Спартыўная. Адтуль раніцай пачынаўся Марш, пасля якога людзі пайшлі на акцыю памяці на ПП. Не паспеўшы як след пачацца, на Маршы адразу пачаўся жорсткі хапун. Двары, уцёкі, беганіна. Я дайшоў да вуліцы Чагладзэ і стаў на ўзгорку каля крамы "Азарэнне".

Там Яўгена затрымалі. Ён вырашыў не ўцякаць ад сілавікоў, бо для яго гэта было пытанне годнасці.

"Ты павінен хоць раз сутыкнуцца са страхам тварам да твару. Вядома, цяпер у бяспецы мне лёгка казаць такія гучныя словы. Спачатку я прыняў гэтае рашэнне, а потым мне стала яшчэ ў два разы страшней. У апошні момант я драпануў, але не паспеў. Мяне схапілі, скруцілі і кінулі ў аўтазак, дзе людзей укладвалі проста адзін на аднаго, нібы цэглу".

"Усе выбухі, якія там адбываліся, мы чулі праз акно"

Мужчыну адвезлі ў Цэнтральны РУУС, адкуль ён чуў усё, што адбывалася на Плошчы Пераменаў.

"Я там прасядзеў да пятай гадзіны раніцы. Бясконца прывозілі затрыманых. Усе выбухі, якія адбываліся на ПП, мы чулі праз акно. Калі раніцай да нас дайшла чарга афармляцца, напэўна, ужо не было месцаў у ізалятарах, бо нас дзесяцёх вырашылі адпусціць да суда".

Яўген распавядае, што ў РУУС супрацоўнікі ставіліся да затрыманых вельмі паблажліва і звязвае гэта з памяншэннем пратэснай актыўнасці.

"У пастарунку падчас затрымання мы маглі хадзіць па калідоры, размаўляць, нас вадзілі ў прыбіральню. Мяркую, было такое лагоднае стаўленне, бо асноўнае напружанне ў грамадстве на той момант ужо скончылася".

З мужчынам сядзела шмат суседзяў па Плошчы Пераменаў. Сярод затрыманых быў і бацька гераіні фотакнігі Яўгена.

Яўген ішоў на судовае пасяджэнне з торбай рэчаў, рыхтуючыся да арышту. Але ўсё абышлося штрафам.

"Нягледзячы на затрыманне і штраф я лічу, што зрабіў усё правільна. Але на сёння я б, вядома, не хацеў зноў быць затрыманым. На гэта сыходзіць занадта шмат рэсурсаў. Тады я хацеў сабе нешта даказаць. Але далёка не кожны вопыт патрэбны чалавеку".

"Мы дамовіліся, што не выходзім. Але Рома напісаў у чаце: "Я выходжу"

"Калі я аналізую тыя падзеі, то падзяляю дзеянні, якія мы павінны былі прадпрымаць як супольнасць і нашы дзеянні як асобаў. Тое, што зрабіў Раман — гэта быў яго выбар як асобы. Ты не можаш загадаць людзям не выходзіць на вуліцу. Мы тады бачылі і абмяркоўвалі з суседзямі, што ў двары стаяць бусікі, што гэта "нагода" і калі мы выйдзем, то гэта скончыцца для нас праблемай. Мы дамовіліся, што не выходзім. Але Рома напісаў у чаце: "Я выходжу". Для яго гэта было прынцыповае пытанне".

Як кажа Яўген, ніхто тады з суседзяў не мог падумаць, што дойдзе да забойства. Меркавалі, што будзе хіба толькі штраф або арышт.

Пасля забойства Рамана на Плошчы Пераменаў паўстаў стыхійны мемарыял. Людзі прыносілі шмат кветак, для якіх ледзь паспявалі даносіць цэбрыкі. Было шмат здымкаў Рамана і самаробных плакатаў. Адразу з'явіліся намёты з гарбатай і ежай. Гэта быў адзін з наймацнейшых прыкладаў салідарызацыі беларусаў. Яўген распавядае, што падзеі пасля 12 лістапада супольнасць ПП ужо не кантралявала.

"Там дзейнічала шмат розных нізавых ініцыятыў. Усё адбывалася вельмі стыхійна".

"Гэта была эйфарыя". Пра супольнасць Плошчы Пераменаў

Мужчына распавядае, як нарадзілася супольнасць і як жыве цяпер.

"Мы вельмі лёгка аб'ядноўваліся, вельмі хутка збіраліся, гатовыя былі выдаткоўваць шмат энергіі на агульную справу, імгненна прымалі рашэнні. Гэта была эйфарыя. А пасля пачаўся адкат. У нас скончылася энергія і мы адчулі паразу. Удзельнікі супольнасці выпрабавалі на сабе шмат негатыўных наступстваў, частка з'ехала. Супольнасць трапіла ў крызіс і гэта цалкам натуральна. Зараз мы праходзім этап асэнсавання тых падзей і выхаду з крызісу. Гэта вельмі цяжка і балюча, але калі мы гэта зробім, то станем мацней".

Зараз супольнасць займаецца захаваннем памяці пра Рамана Бандарэнку і падзеі 2020 года. А фотакніга "Плошча Пераменаў" – адзін з вынікаў гэтай дзейнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства