viasna on patreon

ГУБАЗ лютуе па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 14 лістапада Дапоўнена

2023 2023-11-14T14:40:00+0300 2023-11-15T09:34:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-zatrymanne-2023-11-14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку фітнэс-клуба

На "пакаяльным відэа" жанчына кажа, што нібыта пакідала негатыўныя і абразлівыя каментары ў дачыненні да сілавікоў. Таксама ў відэа сілавікоў дэманструюцца і каментары ў падтрымку Украіны, якія нібыта пакідала жанчына.

Яна нібыта пакінула больш за 700 "абразлівых" каментароў.

Затрыманай Раісе Шчарбін 37 гадоў. Яна працуе ў адным са сталічных фітнэс-клубаў. А таксама займаецца бодзіфітнэсам — гэта від бодзібілдынгу, дзе асаблівая ўвага надаецца гарманічнаму развіццю ўсяго цела. Удзельнічае ў конкурсах.


Сілавікі затрымалі жыхара Брэста за ўдзел у акцыі пратэсту 3 гады таму

На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што быў затрыманы за ўдзел у мітынгах 10 жніўня 2020 года, дзе ён "бегаў з палкай па праезнай частцы і махаў ёй".

Аднак на відэа бачна, што на падлозе ляжаць двое мужчын.


ГУБАЗ жорстка затрымаў віцебскага тэхнолага

ГУБАЗ затрымаў віцябляніна, які “ў Еўропе прайшоў падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Украіны ў шэрагах тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фармаванняў”. Відэа затрымання апублікаваў праўладны тэлеграм-канал з Віцебска.

У відэа паказваюць скрыншот паведамлення, напісанага затрыманым. З яго вынікае, што віцяблянін — тэхнік-тэхнолаг станкоў, без вайсковага досведу, на момант перапіскі знаходзіўся ў Даніі.

На кадрах затрымання відаць, як трое чалавек без апазнавальных знакаў кідаюцца на затрыманага і валяць яго на дарогу. Пазней да іх падыходзіць чалавек з тэлефонам у руках, затрыманага адцягваюць на траву. Далей мужчыну заводзяць у будынак, скруціўшы рукі за спіну.


Збор твораў класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча прызнаны "экстрэмісцкім"

Суд Жыткавічскага раёну 8 лістапада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі:

• Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2007. – 494 с.: [16] л. iл.;

• Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесцi i апавяданнi, вершы, публiцыстыка, лiсты i пасланнi, пераклады, Dubia / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер/ Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2008. – 598 с.: [16] л. iл.

У жніўні «экстрэмісцкімі» прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання творчаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і вершы Дуніна-Марцінкевіча «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» ад 1861 года.


"Информ-прогулка" ў сацсетцы "ВКонтакте" прызнаная экстрэмісцкай

Адпаведнае рашэнне прыняў 9 лістапада суд Лунінецкага раёна, суддзя Святлана Братанава.

Міністэрства інфармацыі Беларусі 14 лістапада дадало ў так званы "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" старонку ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте» пад назвай "Информ-Прогулка Лунінец". Рэсурс афіляваны з незалежным рэгіянальным інтэрнэт-выданнем "Информ-Прогулка".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства