"Раздзел беларускай турэмнай літаратуры яшчэ не згорнуты": Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні
15 лістапада – Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў і пісьменніц з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі.
З моманту пачатку выбарчай кампаніі 2020 года праз СІЗА і калоніі праходзяць тысячы беларусаў, на сённяшні дзень за кратамі ўтрымліваецца амаль 1500 палітзняволеных. Некаторыя з іх — пісьменнікі, мастакі, музыкі, некаторыя толькі за кратамі вынайшлі ў сабе талент пісаць вершы, казкі ды апавяданні.
У гэты дзень узгадваем творы, якія беларускія палітвязні ствараюць за кратамі.
Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
Пакуль палітвязень Андрэй Скурко знаходзіўся за кратамі, у беларускім выдавецтве "Тэхналогія" выйшла кніга "Пра сланоў і барсучкоў", куды ўвайшлі вершы аўтарства палітзняволенага журналіста, кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы». Кніга ўтрымлівае 65 вершыкаў, якія мужчына стаў пісаць пару год таму, на патрэбу дзіцячага часопіса "Дуду". А пасля працягнуў пісаць для сына Тамашыка, каб захоўваць сувязь з ім на адлегласці. Пасля кнігу агучылі беларускія акторы і акторкі.
Аляксандр Васілевіч. "Папа и пингвин".
Палітвязень Аляксандр Васілевіч ужо на волі, але за кратамі ў мінскім СІЗА ён напісаў казкі пра ўнутраную свабоду. Сябры сузаснавальніка The Village Беларусь выпусцілі ў фармаце самвыду кнігу казак, якія ён напісаў для сваёй сямігадовай дачкі. Спампаваць кнігу можна тут.
Максім Знак. "Зэкамерон".
"Зэкамерон" — гэта зборнік ста апавяданняў пра жыццё ў зняволенні, якія Максім Знак напісаў ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пераклад кнігі на англійскую трапіў у спіс лаўрэатаў прэміі PEN Translates Awards. Фрагменты кнігі па-руску.
Алег Груздзіловіч. "Мае турэмныя муры".
Кніга “Мае турэмныя муры” Алега Груздзіловіча выйшла ў Бібліятэцы Свабоды — серыі выданняў Радыё Свабоды.
“Калі мяне яшчэ везлі на Валадарку, я ўжо тады падумаў — прыйдзецца збіраць матэрыял для новай кнігі, — успамінае Алег Груздзіловіч. — Не хацелася б, але давядзецца. І потым усе працягвалася: я пабываў у двух СІЗА, калоніі… і матэрыял назапашваўся. Неадмыслова, а само сабой, вакол людзі, падзеі, пакуты, слёзы, іншае, тое, што чуеш. Напрыклад, на Валадарцы ў калідоры я пачуў грукат, а потым сказалі, што гэта Алеся Пушкіна валаклі ў карцар… То бок кніга склалася з гукаў, карцінак, пахаў, уражанняў… А калі я вызваліўся, то Аляксандр Лукашук, дырэктар “Бібліятэкі свабоды”, прапанаваў пісаць гэтую кнігу”.
"Мае турэмныя муры"
Кнігу цалкам можна спампаваць тут.
Голас волі з-за кратаў
Анталогiя твораў беларускiх палiтзняволеных, сярод іх як вядомыя паэты, журналісты, палітычныя дзеячы, так і аўтары, якія раней не публікаваліся. У кнізе можна прачытаць тэксты тых, хто быў палітвязнем раней і з'яўляецца цяпер: Анджэя Пачобута, Змітра Дашкевіча, Ігара Аліневіча, Алеся Бяляцкага, Аляксандра Фядуты, Паўла Севярынца ды іншых. Спампаваць кнігу.
Больш вершаў з-за кратаў можна знайсці на адмысловым сайце. Гэта сумесны праект ініцыятывы «Вольныя паштоўкі» і Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі. У межах праекта каманда збірае вершы беларускіх палітзняволеных і перакладае іх на розныя мовы.
"Беларуская турэмная літаратура"
Напрыканцы 2017 году стала выходзіць серыя "Беларуская турэмная літаратура". Яна была запачаткаваная і апякуецца Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Серыя ўключае ў сябе літаратурныя творы, напісаныя з ўласнага турэмнага досведу: прозу, вершы, дзённікі, успаміны. Ідэя выпуска кніг палітвязняў у адной выдавецкай серыі прыйшла Алесю Бяляцкаму, які ў 2011-2014 гадах адбыў па палітычнай справе тры гады калоніі, напісаў "Турэмныя сшыткі", якія ў тым ліку і ўвайшлі ў серыю "Беларускай турэмнай літаратуры".
Рэдактарка серыі Алена Лапцёнак адзначала:
"Для беларускіх праваабаронцаў, як і для ўсяго беларускага грамадства, установы адбыцця пакарання і па крымінальных справах, і па адміністратыўных, практычна цалкам закрытыя, даследваць іх можна хіба праз асабісты вопыт знаходжання ў іх, альбо праз сведчанні тых, хто аказаўся “па той бок плоту”. Ні дзяржаўная прэса, ні афіцыйныя структуры МУС, ні Дэпартамент выканання пакаранняў вам такой інфармацыі не прадставяць. Такім чынам, дзённікі палітвязняў наўпрост з’яўляюцца дакументальнымі занатоўкамі тых умоваў, у якіх рэальна праходзіць жыццё зняволеных, а таксама фактаў ўздзеяння ці ціску менавіта на палітычных апанентаў дзеючай улады – найкаштоўным у сваёй важнасці гістарычным матэрыялам".
На дадзены момант у серыі выдадзена дзесяць кніг. Чацвёртага лістапада 2023 году ў Катавіцах на адным з найбуйнейшых кніжных кірмашоў у Польшы праваабаронца Алена Лапцёнак прэзентавала выдавецкую серыю "Беларуская турэмная літаратура". Амаль усе кнігі серыі можна знайсці ў электроннай бібліятэцы "Камунікат".
Беларуская турэмная літаратура
Сярод кніг серыі — “Турэмны альбом” палітвязня Алеся Пушкіна, які11 ліпеня 2023 года памёр у рэанімацыі праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве. Гэта малюнкі і занатоўкі, зробленыя ў ізалятарах Смаргоні і Акрэсціна падчас адбыцця арышту за правядзенне акцый ушанавання памяці змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. На прэзентацыю Пушкін прыйшоў з пафарбаванымі ў чырвоны колер рукамі. Сваім перформансам мастак хацеў прыцягнуць увагу да крымінальнай справы маладофрантаўца Філіпа Шаўрова за тое, што ён пафарбаў чырвоным рукі помніку рускаму пісьменніку Аляксандру Пушкіну.
"Раздзел беларускай турэмнай літаратуры яшчэ не згорнуты"
Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мемуарыстыкі і прыпавесцей за кратамі ўжо стварылі і працягваюць працаваць Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, якія ўжо з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Аляхновіча.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначаў, што Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні важны і надзённы для ўсёй беларускай літаратуры, таму што на працягу ўсяго існавання новай беларускай літаратуры нашыя літаратары займалі актыўную грамадскую і палітычную пазіцыю. Яны бралі ўдзел у драматычных падзеях нашай гісторыі як грамадзяне, жадалі беларусам волі і годнага жыцця, змагаліся за тое, каб беларусы маглі “людзьмі звацца”. Дастаткова паглядзець на знакамітыя асобы ў беларускай літаратуры 19 стагоддзя (В. Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф. Багушэвіч), каб ўбачыць, што кожны з іх ці прайшоў праз турму, ці выпадковым чынам пазбегнуў яе.
“Важна вельмі, каб тое, што было напісана палітычнымі зняволенымі і грамадска актыўнымі людзьмі, якія пацярпелі рэпрэсіі, бачыла свет, каб друкавалася. І я думаю, важна думаць пра нейкую бібліятэчку беларускай турэмнай літаратуры, дзе мы маглі б сабраць творы тых пісьменнікаў, якія пісалі ў турме і пра турму. Гэтая бібліятэчка магла бы быць такой маральнай школай і маральным прыкладам для многіх беларусаў і наступных пакаленняў, як у вельмі цяжкіх умовах людзі ўсё ж такі захоўваюць здольнасць мысліць, сваю годнасць і чалавечае “Я”. Таму асэнсаванне гэтай спадчыны мусіць у нас ячшэ адбыцца.
І што самае сумнае ў сёняшней сітуацыі грамадскай і палітычнай нестабільнасці, фактычна такой ціхай вайны, якую дзяржава праводзіць з беларускай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю, нельга гарантаваць таго, што ў нас зноў не з’явяцца палітвязні, якія зноў жа будуць пісаць літаратурныя творы, знаходзячыся ў зняволенні. Раздзел беларускай турэмнай літаратуры пры сённяшней аўтарытарнай уладзе яшчэ не згорнуты”, — казаў ён.
"Не загнаць мяне ў роспач"
За амаль тры гады, якія Алесь Бяляцкі правёў у зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, ён напісаў некалькі соцень старонак розных тэкстаў. Пісаў эсэістыку – успаміны пра грамадскае жыццё ў перыяд новага адраджэння (80-я – 90-я гады), у якіх ён браў актыўны ўдзел, і літаратуразнаўчыя артыкулы, эсэ, прысвечаныя беларускай літаратуры і месцу Беларусі ў свеце. Некаторыя з гэтых тэкстаў з’явіліся ў інтэрнэце, друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”, газеце “Новы час”. За гэты ж час, дзякуючы сябрам Алеся Бяляцкага, былі выдадзены тры ягоныя кнігі, у якія ўвайшлі і творы, напісаныя ў турме.
Дзень пісьменнікаў у зняволені пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменнікі ў зняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клубу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 году ў свеце было забіта больш за 35 пісьменнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэту «Пісьменьнікі ў зняволеньні», адзначаў:
"Пісьменьнікі павінны мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не павінны трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім свеце ў турмах сядзяць сотні пісьменнікаў, і многія цярпяць пераслед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нервуюць урад. Пісьменнікі — гэта сумленне грамадства, яны павінны заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкавальнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў аднагалосна пацвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі".