viasna on patreon

Рыгор Кастусёў – у ПКТ, вядомы ксёндз затрыманы: хроніка пераследу 18-19 лістапада

2023 2023-11-19T08:20:00+0300 2023-11-19T15:16:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akalatovich-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва змясцілі ў ПКТ 

Экс-лідар Партыі БНФ, асуджаны на 10 гадоў зняволення палітвязень Рыгор Кастусёў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, паведаміў у фэйсбуку Дзмітрый Антончык.

Рыгор Кастусёў.

"Пацвердзілася інфармацыя. Рыгор Кастусёў змешчаны ў ПКТ(((( Хутчэй за ўсё 11 лістапада", напісаў ён.

Рыгору Кастусёву зараз 66 гадоў. Яго затрымалі 12 красавіка 2021 года па "справе аб захопе ўлады" разам з Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зянковічам.


Ксяндза Генрыха Акалатовіча магчыма затрымалі па крымінальнай справе

Пра затрыманне пробашча касцёла св. Юзафа ў Валожыне Генрыха Акалатовіча стала вядома 17 лістапада.

Крыніцы "Хрысціянскай візіі" сцвярджаюць, што затрыманне адбывалася ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 356 КК "Здрада дзяржаве". Санкцыя па дадзеным артыкуле прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Занепакоенасць выклікае стан здароўя ксяндза Генрыха Акалатовіча — святару пад 70 гадоў, ён перанёс інфаркт і нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.


Затрыманы жыхар Серабранкі — яму пагражае крымінальная справа

Губазікаўцы сцвярджаюць, што яго імя - Павел Калеснік, а затрымалі нібыта за дробны крадзеж, але ў тэлефоне адшукалі фота з беларускім нацыянальным сцягам і адно фота з удзелу ў пратэстах, піша "Наша Ніва".


Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Цялепуна адпусцілі з ІЧУ

Вызваленне стала такім жа нечаканым, як і затрыманне. Пра гэта паведаміла праваабаронцам крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Ад моманту затрымання прайшло акурат трое сутак і Уладзіміра Целяпуна выпусцілі без суду. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна”.

Уладзімір Целяпун

Такім чынам можна зрабіць выснову, што мазырскія ўлады зрабілі ўсё, каб мужчына не змог патрапіць на прыём да старшыні Канстытуцыйнага Cуду, на які быў дамоўлены. Нагадаем, Уладзіміра Целяпуна затрымалі 15 лістапада. На наступны дзень стала вядома, што праваабаронца знаходзіцца ў ІЧУ.


Аршанцу прысудзілі 15 сутак за "экстрэмісцкія" падпіскі

Беспрацоўнага жыхара Аршанскага раёна асудзілі на 15 сутак за “экстрэмісцкія” падпіскі ў Instagram і Telegram. Пра арышт аршанца стала вядома толькі пасля ягонага выхаду на волю. Як піша "Віцебская вясна", Ягор Маціенка, зарэгістраваны ў садаводчым таварыстве «Аўтамабіліст», быў асуджаны 2 лістапада: суддзя суду горада Оршы і Аршанскага раёну Юлія Вяршыніна прызнала яго вінаватым паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзеянасць».

Суд вырашыў канфіскаваць у жыхара Аршаншчыны і мабільны тэлефон, як сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства