viasna on patreon

Палітзняволеную ўраджэнку Украіны асудзілі па "справе карагодаў" у Брэсце

2023 2023-11-21T20:45:22+0300 2023-11-21T20:45:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitryeva_alena.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Брэсцкага раёна 20 лістапада асудзіў да трох гадоў "хатняй хіміі" 51-гадовую палітзняволеную ўраджэнку Украіны Алену Дзмітрыеву. Як піша "Берасцейская Вясна", жанчыну прызналі вінатай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) па масавай палітычна-матываванай "справе карагодаў". Алену затрымалі пры перасячэнні польска-беларускай мяжы і змясцілі да суда пад варту. Прысуд вынесла Вольга Сухадольская.

Верагодна, Алена Дзмітрыева. Крыніца: СК
Верагодна, Алена Дзмітрыева. Крыніца: СК

Алена Дзмітрыева нарадзілася ва Украіне, мае беларускае грамадзянства, доўгія гады пражывала ў Брэсце. Яе затрымалі напачатку жніўня 2023 года пасля паездкі ў Польшчу па закупы. На пашпартным кантролі памежнікі зацікавіліся, тым, што жанчына нарадзілася ва Украіне. Яе перадалі невядомым людзям у цывільным, якія запатрабавалі тэлефон. Там знайшлі рэпосты з "экстрэмісцкіх" крыніц. Адразу жанчыну асудзілі на 15 сутак паводле ч. 2 арт. 19. 11 КаАП. А пасля гэтага ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК па "карагоднай справе" і змясцілі ў СІЗА-7.

У кастрычніку 2023 года Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз пра фігурантку "карагоднай справы", апісанне якой падыходзіць пад Дзмітрыеву. Ведамства сцвярджала, што жанчына 13 верасня 2020 "выбягала на дарогу, танчыла і здымала тое, што адбываецца на мабільны тэлефон", тым самым "прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак".

У выніку, Алене 20 лістапада Вольга Сухадольская прызначыла тры гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Пасля абвяшчэння прысуду жанчыну вызвалілі ў зале суда пасля трох з паловай месяцаў за кратамі. З улікам часу, які яна правяла ў СІЗА, ёй застанецца адбыць каля двух з паловай гадоў "хатняй хіміі".


Як нагадвае "Брэсцкая Вясна", "карагодная справа" — адна з самых масавых рэпрэсіўных крымінальных спраў пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі. За ўдзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 13 верасня 2020 года ў Брэсце, ужо асуджана больш за 130 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства