viasna on patreon

Чарговы хапун у Гомелі, рэпрэсіі супраць святароў: хроніка пераследу 23 лістапада Дапоўнена

2023 2023-11-23T11:35:00+0300 2023-11-26T11:33:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pialinak-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне святароў працягваецца

22 лістапада стала вядома пра затрыманне ксяндза Вячаслава Пялінака. Святару 48 гадоў, у святарстве 21 год. Ён з'яўляецца святаром Віцебскай дыяцэзіі, але цяпер служыць у парафіі Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце, піша «Хрысціянская візія».


Паводле інфармацыі вернікаў парафіі, дзе служыць ксёндз Вячаслаў Пялінак, ён быў затрыманы пасля ранішняга набажэнства, ягоныя тэлефон і ноўтбук былі адабраныя сілавікамі.

Прычыны затрымання святара невядомыя, паведамляе "Наша Ніва".

Ксёндз Вячаслаў Пялінак быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.


На Іллю Міронава завялі яшчэ адну крымінальную справу

Пра гэта на сваёй Facebook-старонцы распавяла маці Іллі Валянціна Міронава.

"Добры вечар, сябры. Мяне пачалі наведваць яшчэ актыўней, а ўчора выклікалі ў РАУС. Там зноў давялося сутыкнуцца з супрацоўнікам, якому, мне здаецца, пазайздросціць любы шавец... А цяпер пра сур'ёзнае. Заўтра мяне выклікаюць у СК у якасці сведкі. На Іллю завялі новую крымінальную справу. Не бяруся публікаваць артыкулы, паколькі дакладнай інфармацыяй не валодаю" – напісала жанчына.

Нагадаем, пасля года крымінальнага пераследу ў СІЗА і суду па так званай «справе Зельцара», вынікам якога стаў прысуд у выглядзе года пазбаўлення волі, Ілля Міронаў пастанавіў зʼехаць за мяжу.


Чарговы хапун у Гомелі

Сілавікі затрымалі мінімум 6 чалавек за інтэрнэт-каментары і падпіскі ў сацсетках на "экстрэмісцкія" старонкі.

"Пакаяльнае" відэа з імі з'явілася ў праўладным тг-канале.


Мінюст пазбавіў ліцэнзіі яшчэ двух адвакатаў

Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ двух адвакатаў, гаворка ідзе пра Юлію Карачун і Аксану Пучкоўскую, якія раней працавалі ў складзе Менскай абласной калегіі адвакатаў, піша "Медыязона".

Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце спыніла дзеянне ліцэнзій адвакатак»у сувязі са здзяйсненнем правін, не сумяшчальных са званнем адваката".

У чым менавіта прычына пазбаўлення ліцэнзій — прэс-служба Міністэрства юстыцыі не паведамляе. Пры гэтым Юлія Крачун у 2021 годзе была сярод адвакатаў па палітычных справах, якіх выклікалі на пераатэстацыю. Тады яна яе прайшла.


Затрыманне ў Гродне

Сілавікі апублікавалі пакаяннае відэа з Ігарам Cоладавым, сузаснавальнік фірмы па гарадскіх маршрутных перавозках.

На камеру ён кажа, што быў затрыманы за каментары ў Telegram-каналах пра беларускіх і расейскіх вайскоўцаў, паведамляе Grodno_grab.


У Карэлічах затрымалі мясцовага экскурсавода Юрыя Красоўскага

Як стала вядома MAYDAY TEAM, 15 лістапада сілавікі забралі мужчыну з дому. Суд пастанавіў арыштаваць Красоўскага паводле арт.19.11 КаАП РБ на 15 дзён.

Гэта ўжо як мінімум чацвёртае затрыманне для яго-раней Юрыя Красоўскага арыштоўвалі ў 2020, 2021 і 2022 гадах.


Папаўненне спіса "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

23 лістапада 2023 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:

Суполку ў Facebook “Письма солидарности Беларусь 2020”. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Брэста 20 лістапада 2023 года;

Сацсеткі і сайт штаба Віктара Бабарыкі і партыі “Разам” прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыяламі Такое рашэнне прыняў Ленінскі суд Гродна 21 лістапада.

Таксама прызналі “экстрэмісцкім” сайт пра палітвязняў politzek.me  і іnstagram-акаўнт "za_svabodu" (каля 600 падпісчыкаў);

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства