Пяць год калоніі прысудзілі жыхару Магілёва за фінансаванне дзейнасці беларускіх дабраахвотнікаў
Магілёўскі абласны суд 22 лістапада разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Бараноўскага, абвінавачанага ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-2 КК) і "ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце, альбо фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет злачынства" (ч. 2 арт. 361-3 КК).
Справу ў закрытым судовым пасяджэнні разглядала суддзя Ірына Цяплова.
Падрабязнай інфармацыі пра сутнасць справы і асобу Бараноўкага пакуль няма.
Па матэрыялах абвінавачання, 38-гадовы Аляксандр Бараноўскі нібыта прадастаўляў грашовыя сродкі для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама для фінансаванне дзейнасці па выкарыстанні грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні і ваенных дзеяннях.
У студзені 2022 года, знаходзячыся па месцы жыхарства ў Магілёве і маючы адкрыты на сваё імя разліковы рахунак у банку, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона і наладжанай на ім электроннай плацежнай сістэмай пералічыў грошы ў безнаяўнай форме для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці групы грамадзян, прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем.
Ён жа ў красавіку 2022 года аналагічным спосабам для фінансавання дзейнасці групы грамадзян, якія ўдзельнічаюць у адным з узброеных фармаванняў на тэрыторыі Украіны пералічыў грошы на іх банкаўскі рахунак.
Суд прызначыў Бараноўскаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.