viasna on patreon

"Справа Каардынацыйнай рады" — новы напад на грамадзянскую супольнасць Беларусі

2023 2023-12-04T13:40:00+0300 2023-12-04T14:46:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kr-chaly-pieratrus-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Наступ беларускіх сілавікоў на сябраў “Каардынацыйнай рады” па сваім масштабе нагадвае падзеі 2021 года. Пачынаючы з 28 лістапада ў краіне прайшло больш за сто ператрусаў па месцы жыхарства і рэгістрацыі яе ўдзельнікаў, была ўзбуджаная крымінальная справа. 

Раніцай 28 лістапада праваабаронцы “Вясны” сталі фіксаваць інфармацыю пра масавыя ператрусы ў Мінску і іншых гарадах. Пра пераслед людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, паведамлялі і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта "папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у "Каардынацыйную раду".

У чым абвінавачваюць асноўны на сёння прадстаўнічы орган беларускага грамадства? 

Пастановы на ператрус у сябраў КС былі выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
• змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
• заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
• стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
• фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК);
• садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).

Што вядома пра масштаб рэпрэсій?

Напачатку Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ў якасці падазраваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" прыцягнутыя звыш ста асоб. Гэтая лічба цягам тыдня мянялася некалькі разоў. Так, адзін з праўладных каналаў, па “справе Каардынацыйнай рады” паведаміў, што праведзена каля 200 ператрусаў па ўсёй краіне.

Але намеснік міністра ўнутраных спраў-начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у нядзелю ў эфіры АНТ паведаміў, што па справе Каардынацыйнай рады было праведзена больш за 130 ператрусаў.

“За апошні тыдзень мы правялі больш за 130 ператрусаў і 145 накладанняў арышту на маёмасць у чальцоў так званай Каардынацыйнай рады, створанай Ціханоўскай”, — распавёў Казакевіч.

Пастановы на ператрусы былі падпісаныя пракуратурай за тыдзень да падзей

Пастановы на ператрусы па "справе Каардынацыйнай рады" падпісаў намеснік генпракурора Сяргей Хмарук.

hmaruk-2.jpg
Сяргей Хмарук

Адзначым, што зрабіў ён гэта 20 лістапада — за 8 дзён да пачатку ператрусаў.

Хмарук — ураджэнец Украіны, які з 1994 года працуе ў сістэме органаў пракуратуры. У 2021 годзе ён быў прызначаны на пасаду намесніка генпракурора. Некалькі год працаваў у органах пракуратуры ў Оршы.

Інфармацыі праваабаронцам пакуль бракуе

Сёння праваабаронцам вядомыя толькі некалькі прозвішчаў тых, у каго прайшлі ператрусы па гэтай справе. Гэта:

  • Павел Латушка;
  • Сяргей Чалы;
  • Юрась Губарэвіч;
  • Артур Фінькевіч;
  • Міхаіл Таўбе;
  • Ганна Красуліна;
  • Раман Кісляк;
  •  Роза Турарбекава;
  • Павел Церашковіч.

Паведамляйце праваабаронцам пра затрыманні і ператрусы па "справе Каардынацыйнай Рады" — мы збіраем і захоўваем факты пераследу, што асабліва важна ў цяперашніх умовах. Па жаданні, ваша інфармацыя можа застацца непублічнай і не будзе апублікаваная ў адкрытых крыніцах.

Не маўчыце пра рэпрэсіі — дапамажыце паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі! (@viasnainfo, @viasna_bot, @ViasnaSOS)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства