viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: 22 палітвязні ў лістападзе выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну

2023 2023-12-06T12:30:34+0300 2023-12-06T13:34:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gerasimovic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1451 палітвязень, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію") ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у лістападзе на волю выйшлі мінімум 25 палітвязняволеныя: 22 чалавекі цалкам адбылі свае тэрміны, а два чалавекі былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. Яшчэ адной палітзняволенай Вярхоўны суд адтэрмінаваў пакаранне, таму яе вызвалілі са следчага ізалятара. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

22 палітвязні цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю

Публікуем гісторыі некаторых з іх (спіс няпоўны).

Палітвязень Арцём Андрасюк — 1 год, 11 месяцаў і 28 дзён у зняволенні

Арцёма асудзілі па берасцейскай "справе карагодаў", распачатай паводле падзеяў 13 верасня 2020 года ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. У судзе Маскоўскага раёна Брэста 4 жніўня 2021 года палітвязня асудзілі да двух гадоў "хіміі" паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

З 11 лістапада 2021 года берасцеец адбываў тэрмін у круглянскай ПУАТ-46. Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", 8 лістапада Арцём выйшаў на волю.

Палітвязень Андрэй Герасімовіч — 2 гады, 4 месяцы і 21 дзень у зняволенні 

Андрэй — жыхар Гродна, былы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён прызнаў сябе вінаватым часткова. 18 чэрвеня 2021 года яму прысудзілі два з паловай гады калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда.

Тэрмін хлопец адбываў ў бабруйскай калоніі № 2, адміністрацыя якой часта змяшчала палітвязня ў штрафны ізалятар. Нядаўна яго перавялі ў ПКТ тэрмінам на 5 месяцаў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Андрэй 8 лістапада выйшаў на волю. Перад вызваленнем апошнія восем сутак яго ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Палітвязень Сяргей Непагода — 2 гады, 7 месяцаў і 18 дзён у зняволенні

Сяргей  — трэці асуджаны фігурант справы за патасоўку з сілавікамі 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечне пасля акцыі салідарнасці, калі пратэстоўцы адбівалі затрыманага, а амапавец дастаў пісталет. Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева асудзілі да трох гадоў калоніі напрыканцы верасня 2020 года.

Непагода быў прызнаны падазраваным, але з'ехаў за мяжу і ў судзе не ўдзельнічаў. Яго затрымалі 17 сакавіка 2021 года ў Санкт-Пецярбургу, змясцілі ў расійскае СІЗА на паўгода, а калі скончыўся тэрмін утрымання пад вартай, то па прычыне парушэння міграцыйнага рэжыму выправадзілі ў Беларусь.

Непагоду асудзілі па ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з прымяненнем гвалту) да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцам стала вядома, што 4 лістапада Сяргей выйшаў на волю з ПК-15.

Палітвязень Андрэй Мацонка — прыкладна адзін год у зняволенні 

У снежні мінулага года ў Кастрычніцкім судзе Гродна Андрэя асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Кедаль прызначыў мужчыну адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Андрэя абвінавацілі ў тым, што ён з мабільнага тэлефона ў сацсетцы "Аднакласнікі" пакінуў публікацыю з выявай і тэкстам, якія "прыніжаюць гонар і годнасць асобы, утрымліваюць абразлівую інфармацыю і негатыўную ацэнку" Лукашэнкі. Публікацыі Андрэя на старонцы заўважыў супрацоўнік міліцыі падчас маніторынгу сацыяльных сетак.

У Андрэя ёсць непаўналетняе дзіця. Нядаўна ён выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2.

Трое палітзняволеных берасцейцаў выйшлі на волю, адбыўшы ў зняволенні амаль тры гады

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", гэта Павел Мазько, Раман Паўленка і Вадзім Чапялевіч. Іх асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) за ўдзел у акцый пратэсту ў Брэсце ў жніўні 2020 года.

Паўла асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, а Рамана і Вадзіма — да трох гадоў калоніі.

Мазько і Паўленка па заканчэнні тэрмінаў у лістападзе выйшлі на волю з наваполацкай калоніі № 1, Чапялевіч — з віцебскай калоніі № 3.

Палітвязень Павел Бабчанок — 1 год, 9 месяцаў і 20 дзён у зняволенні 

Павел Бабчанок

Павел — уладальнік гомельскай сеткі крам касметыкі "Красуня". Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Паводле афіцыйнай інфармацыі, у верасні 2020 года Бабчанок выклаў у сацсетцы скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў у жніўні 2020 года на вуліцы Савецкай у Гомелі. Свой допіс ён суправадзіў тэкстам, у якім назваў сілавікоў "недалюдзьмі" і выказаў надзею, што яны "адкажуць за злачынствы супраць свайго народа".

У жніўні 2022 года суд пакараў яго пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", Павел 28 лістапада выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3.

Палітзняволеная Таццяна Пыцько — 5 месяцаў і 18 дзён у зняволенні 

Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяны Пыцько і Вячаслава Лазарава, якіх асудзілі да трох і пяці з паловай гадоў зняволення адпаведна. У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. 

Таццяну маглі выпусціць на волю ў той самы дзень, але ў віцебскім СІЗА чакалі дакументаў з Вярхоўнага суда, таму вызвалілі яе толькі 24 лістапада.

Вызваліць і зменшыць тэрмін. Па выніках апеляцыі палітзняволеным сужэнцам змянілі прысуд

Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава.

Двое палітзняволеных выйшлі на волю пасля суда

У лістападзе беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі два чалавекі ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:


Каму з былых палітвязняў цяпер патрэбна фінансавая дапамога?

Фінансавая дапамога былому палітвязню Веташкіну Глебу

Ён шукае працу і жыллё, але на гэта патрабуецца час і грошы, а зберажэнняў у яго няма, таму што ён з'яжджаў вельмі хутка і не быў гатовы да гэтага.

Дапамога былому палітвязню аплаціць курсы для новай прафесіі

Мужчына запісаўся на дарагія курсы, каб засвоіць новую прафесію і знайсці працу ў IT сферы.

Дапамога былому палітвязню, асуджанаму за абразу Лукашэнкі

Яму трэба пагасіць запазычанасць памерам 5400 беларускіх рублёў.

Дапамога былому палітвязню для ўладкавання жыцця ў Польшчы

Праз тое, што яму давялося тэрмінова з'яжджаць з краіны, у яго няма грошай, каб купіць сабе нармальны кампутар, які неабходны для будучай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства