viasna on patreon

Паўторныя суды і новыя затрыманні: хроніка пераследу 6 снежня Дапоўнена

2023 2023-12-06T13:32:00+0300 2023-12-06T20:39:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhuk_alexander.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У глыбоцкай кватэры журналіста Змітра Лупача сілавікі правялі ператрус

Паводле сведчанняў відавочцаў, 6 снежня па абедзе ў кватэру Лупача пачалі званіць міліцыянты. Калі пераканаліся, што ўнутры нікога няма, выклікалі выратавальнікаў з МНС, якія ўзламалі дзверы. Праз пэўны час міліцыянты выйшлі, а кватэру журналіста апячаталі, піша @bajby.

Зміцер Лупач у судзе. Фота БАЖ

«У кватэры няма нічога асаблівага. Хіба што засталіся дарагія для мяне рэчы, у тым ліку кнігі. Не ведаю, ці знайшлі сярод іх нешта «экстрэмісцкае». Каштоўнай маёмасці, кшталту дарагой бытавой тэхнікі, футраў і брыльянтаў у нас ніколі не было, таму злодзеям асабліва ўзяць там няма чаго», — пракаментаваў здарэнне журналіст, які пасля ад’езду з радзімы цяпер жыве ў Варшаве.

Дачку Змітра — палітзняволеную Святлану Лупач — пачалі судзіць у кастрычніку. Падрабязнасці судовага працэсу невядомыя.

У незалежнага журналіста Барыса Вырвіча прайшоў ператрус

Па месцы жыхарства незалежнага журналіста і былога шэф-рэдактара партала 6ТV.by Барыса Вырвіча ў Бялыніцкім раёне прайшоў вобшук. У выніку была канфіскаваная ўся тэхніка і мабільныя тэлефоны, Барыса адвезлі на допыт, але потым адпусцілі. Пры затрыманні не білі, але ўзялі жорстка.


Жыхара Віцебска затрымалі за "абразу прадстаўнікоў улады"

Паводле сілавікоў, 32-гадовы Раман Дудкін, нібыта "размясціў мноства каментароў, якія змяшчаюць абразы Лукашэнкі і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі".

Сцвярджаецца, што ў адносінах да яго распачаты шэраг крымінальных спраў.


У Барысаве затрымалі пенсіянерку Наталлю Лаўрову

Жанчыну, 1962 года нараджэння, выклікалі ў РАУС яшчэ 2 снежня, але на волю дагэтуль яна не выйшла.


Работніцу міёрскай бальніцы аштрафавалі за распаўсюд "экстрэмізму"

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 22 лістапада за падпіску ў сацыяльных сетках на «экстрэмісцкі» інфармацыйны рэсурс пакарала штрафам у памеры 740 рублёў работніцу міёрскай бальніцы Алену Шук, піша "Віцебская вясна".

У судзе стала вядома аб тым, што Алена ў сваім асабістым профілі ў Instagram «размясціла і захоўвала з мэтай распаўсюду публікацыі з інфарэсурса "Люстэрка". Раней гэта інтэрнет-выданне ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Блогера Паўла Вінаградава зноў будуць судзіць

Раней яго ўжо асуджвалі на 5 гадоў калоніі за адзін пост у фэйсбуку. За час зняволення ён схуднеў на 36 кг, яго амаль 6 месяцаў трымалі ў ШЫЗА і пераводзілі ў спецпалату для хворых.

Павел Вінаградаў

Цяпер яму хочуць змяніць умовы рэжыму ўтрымання (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Пасяджэнне  пройдзе 6 снежня ў судзе Ваўкавыскага раёну.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў


Былога палітвязня, які цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, затрымалі па новай крымінальнай справе

Аляксандр Жук — фігурант так званай «справы карагодаў», якая датычыцца акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Яму прызначылі 1,5 года «хіміі», якія ён цалкам адбыў і выйшаў на волю 23 ліпеня 2022 году.

Як паведамляе "Берасцейская вясна", сёння праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа», у якім Аляксандр «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020-га году — ён нібыта «стаяў першым шэрагу ў счэпцы па вуліцы Савецкай і выкрыкваў розныя пратэсныя лозунгі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства