viasna on patreon

У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні

2023 2023-12-07T20:41:23+0300 2023-12-07T21:18:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchynski-pavel-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні амаль два гады. У чэрвені мінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі зменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Павел Кучынскі

Павел — каталіцкі вернік, скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, працаваў на "Інтэграле" ў Мінску.

Дыягназ палітвязню паставілі ў сакавіку 2021 года, але прыкметы хваробы з'явіліся яшчэ восенню 2020 года. Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі.

Паўла затрымалі 26 студзеня 2022 года. Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.

Сваякам удалося дамагчыся, каб Паўла звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога стала вядома, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следчай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя "гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс".

У выніку Паўла выставілі абвінавачванне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары ў інтэрнэце. Працэс над ім у закрытым рэжыме распачаўся 2 чэрвеня 2022-га ў судзе Вілейскага раёна. Суддзя Канстанцін Калядаў асудзіў Кучынскага да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была інваліднасць другой групы.

У Мінскім абласным судзе 2 верасня была разгледжана апеляцыйная скарга палітвязня, па выніках якой яму скарацілі тэрмін на тры месяцы — з пяці гадоў зняволення да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічыняў (3 840 рублёў).

Вынесены суровы прысуд жыхару Маладэчна з анкалагічным захворваннем чацвёртай стадыі

У судзе Вілейскага раёна 7 чэрвеня вынесены прысуд жыхару Маладэчна, палітвязню Паўлу Кучынскаму, якога абвінавацілі ў абразах прэзідэнта, прадстаўніка ўлады, суддзі, а таксама ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Палітвязня мусілі накіраваць у папраўчую калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але праз анкалагічнае захворванне змясцілі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах. Там яго ўтрымліваць для правядзення дыягностыкі для анкахворых (ПЭТ/КТ). У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэб.

Як стала вядома "Вясне", курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але палітвязню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі наконт перасадкі касцявога мозга, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма.

Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.


Падтрымайце Паўла лістамі і паштоўкамі:

АРБ ТА, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, палата № 7

Павел Андрэевіч Кучынскі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства