Праваабаронцам у лістападзе сталі вядомыя не менш за 22 прысуды па палітычных матывах
У Беларусі працягваецца ўстойлівая тэндэнцыя крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. Па звестках, якія ўдалося сабраць праваабаронцам "Вясны", за лістапад маглі быць асуджаныя не менш чым 101 чалавекі. Праваабаронцы маюць звесткі пра не менш чым 22 пацверджаныя факты асуджэння, з якіх 18 складаюць мужчыны і чатыры жанчыны. Расказваем пра асаблівасці крымінальнага пераследу беларусаў і беларусак у лістападзе.
Таемныя суды
Па-ранейшаму фіксуюцца факты істотнага абмежавання галоснасці судовых разглядаў у выглядзе несвоечасовага інфармавання грамадскасці пра дату і час пачатку іх разгляду з дапамогай размяшчэння інфармацыі ў раздзеле "Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў". ПЦ "Вясна" зафіксаваў такія факты ў судах Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Мінска, дзе разглядаліся справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Аляксандры Козел і Максіма Берастава, а таксама Паўла Сакевіча, Надзеі Бядунькі і Святланы Крывіцкай адпаведна.
Варта адзначыць, што фіксуюцца факты апублікавання інфармацыі аб працягу такіх справаў ужо пасля аднаўлення слуханняў па іх – прыкладам такой сітуацыі з'яўляецца разгледжаная Віцебскім абласным судом справа аб наўмысным разгалашэнні службовай таямніцы (арт. 375 КК) у дачыненні да Аляксея Баранава. Інфармацыя пра дату і час абвяшчэння прысуду ў дачыненні да Алены Дзмітрыевай, фігуранткі берасцейскай "карагоднай" справы, з'явілася ўжо пасля таго, як Берасцейскі раённы суд пастанавіў у дачыненні да яе абвінаваўчы прысуд паводле "народнага" 342 артыкула КК у выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Выязныя судовыя пасяджэнні
Праваабаронцы зафіксавалі не менш за тры факты, калі раздзел "Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў" на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда не змяшчаў інфармацыю аб месцы судовых разглядаў. Так, не мелася інфармацыі ў графе "нумар залы" па крымінальнай справе ў дачыненні да Уладзіміра Цыгановіча, які абвінавачваецца ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК), крымінальная справа ў дачыненні да якога разглядалася ў судзе Ваўкавыскага раёна. У гэтай графе мелася толькі абрэвіятура — "ВСП", што азначае выязное судовае пасяджэнне, і не больш за тое.
Не ўтрымлівалася ў прынцыпе ніякай інфармацыі аб тым, што крымінальная справа па абвінавачванні Ігара Неміровіча будзе слухацца ў выязным рэжыме, вынікам разгляду якога стала вынясенне судом Маскоўскага раёна Брэста ў памяшканні ўстановы "СІЗА №7" УДВП МУС па Брэсцкай вобласці ў горадзе Брэсце прысуду ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Падобная сітуацыя мела месца з прыцягненнем да крымінальнай адказнасці Валерыя Тацына, якога суд Баранавіцкага раёна асудзіў па арт. 368 КК да года пазбаўлення волі ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці.
Змякчэнне прысуду ў выніку апеляцыі
У лістападзе Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько на прысуд Віцебскага абласнога суда, якім яны былі асуджаныя да пяці з паловай і трох гадоў пазбаўлення волі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". У выніку разгляду скаргі абвінавачванне Вячаслава было перакваліфікавана на "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні", у выніку чаго тэрмін пакарання яму быў зніжаны да пяці гадоў пазбаўлення волі, а Таццяне пакаранне заменена на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання тэрмінам на тры гады.
Варта адзначыць, што за тры гады рэпрэсій пакаранне, звязанае з адтэрміноўкай выканання пакарання альбо яго ўмоўным неўжываннем, па палітычна матываваных крымінальных справах фіксавалася праваабаронцамі "Вясны" тройчы ў дачыненні да Алега Корбана, Дзіяны Гушчы і Арцёма Сарокіна.
Пераслед цэлых сем'яў
Па-ранейшаму пад каток рэпрэсій трапляюць цэлыя сем'і і групы сваякоў. У лістападзе стала вядома пра асуджэнне 58-гадовага Юрыя Юрэні, якому Мінскі гарадскі суд прысудзіў пяць гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". Сваёй віны мужчына не прызнаў, спаслаўшыся на тое, што ён пераводзіў грашовыя сродкі на адрас дабрачынных арганізацый. Чатыры месяцы таму па гэтым жа артыкуле быў рэпрэсаваны яго сын — Віталь Юрэня. Мінскі гарадскі суд прызначыў яму тры гады пазбаўлення волі.
Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Кірыла і Вікторыю Пракопавых да двух з паловай гадоў хатняй хіміі за ўдзел у маршах трохгадовай даўніны паводле "народнага" артыкула 342 КК. Да такога ж пакарання паводле гэтага артыкула суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Вячаслава і Надзею Янушкевіч. Вынікі судовых разглядаў па артыкуле 342 КК у дачыненні да Аляксея і Аляксандра Чарных, Сяргея і Ларысы Касцючэнка, справы якіх разглядалі суды Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска адпаведна, а таксама Дзмітрыя і Вольгі Емяльянавых, Арцёма і Кацярыны Ліпіных, якіх судзілі ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, на момант размяшчэння публікацыі яшчэ высвятляюцца праваабаронцамі.
Акрамя пратэстаў, яшчэ і "нявыплата падаткаў"
У структуры палітычна матываваных крымінальных спраў варта вылучыць некалькі судовых разглядаў, дзе разам з абвінавачваннямі па "народным" 342 артыкуле ў фігурантаў маецца яшчэ і "ўхіленне ад выплаты падаткаў" па частках 2 і 3 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Суд Круглянскага раёна асудзіў да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі Аляксандра Каліна па сукупнасці злачынстваў за ўдзел у стыхійных мірных сходах у жніўні 2020 года на тэрыторыі Мінска і за тое, што ён "з'яўляючыся заснавальнікам і дырэктарам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, даваў незаконныя ўказанні падначаленым супрацоўнікам аб рэалізацыі тавараў і прыёме аплаты за іх наяўнымі сродкамі без касавага абсталявання. Пры гэтым ініцыяваў рэгістрацыю і камерцыйную дзейнасць падкантрольнага індывідуальнага прадпрымальніка, што дазволіла яму незаконна выкарыстоўваць перавагі спецыяльных рэжымаў падаткаабкладання і знізіць падатковую базу". Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Аляксандра Каліна палітычным зняволеным.
Цягам некалькіх месяцаў у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна ідзе судовы працэс у дачыненні да ўладальніка крамы аўтазапчастак Віктара Рукшы, якога абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК), а таксама злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 УУ). Паводле інфармацыі выдання HRODNA.LIFE, падставай да крымінальнага пераследу паслужыла яго скарга на дзеянні сілавікоў, якія затрымалі 11 жніўня 2020 года аўтара HRODNA.LIFE Руслана Кулевіча і двух супрацоўнікаў яго крамы падчас масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў непасрэдна ў памяшканні гандлёвага аб'екта. Пасля гэтага інцыдэнту ў краму прыйшлі з праверкай з упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, апячаталі яго, а падатковая падала пазоў аб ліквідацыі фірмы.
На працягу лістапада ў Мінскім раённым судзе слухалася справа па абвінавачванні Наталлі Буракоўскай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 342 і ч. 2 і арт. 243 Крымінальнага кодэкса. Абставіны справы ў дачыненні да жанчыны пакуль невядомыя праваабаронцам. З верасня ў судзе Заводскага раёна Мінска ідзе судовае разбіральніцтва ў дачыненні да шасцярых фігурантаў справы па "народным" арт. 342 і па ч.2 арт. 243 КК, якая прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Абставіны справы ў дачыненні да Алега Хоміча, Андрэя Сідарэнкі, Таццяны Дзеравянкінай, Аляксандра Койпіша, Валерыя Бабіцкага і Ірыны Кучынскай пакуль не вядомыя праваабаронцам, маюцца звесткі пра тое, што ўсе фігуранты не знаходзяцца пад вартай. Разгляд крымінальных справаў у дачыненні да Віктара Рукшы, Наталлі Буракоўскай, Алега Хоміча, Андрэя Сідарэнкі, Таццяны Дзеравянкінай, Аляксандра Койпіша, Валерыя Бабіцкага і Ірыны Кучынскай працягнецца ў снежні.
Рэзанансны суд над журналістам
У лістападзе шырокую грамадскую агалоску мела крымінальная справа па артыкуле аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК) у дачыненні да галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты", 65-гадовага Аляксандра Манцэвіча. Падставай да крымінальнага пераследу, па версіі боку абвінавачвання, паслужыла нібыта тое, што ў "артыкулах утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб незахаванні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян".
Аляксандр Манцэвіч віну на працэсе не прызнаў. Галоўнага рэдактара асудзілі за прафесійнае і добрасумленнае выкананне сваіх журналісцкіх абавязкаў да максімальна суровага віду і памеру пакарання, прадугледжанага санкцыяй, – чатыры гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў.
Аляксандр Манцэвіч увайшоў у шорт-ліст Прэміі праваабарончай супольнасці за абарону і прасоўванне правоў чалавека ў 2023 годзе ў намінацыі "Журналіст года".
Асуджэнню Аляксандра Манцэвіча папярэднічалі масавыя ператрусы ў журналістаў і рэдактараў выдання, а таксама ў самога Аляксандра Манцэвіча ў ліпені 2021 года, пасля якіх іх павезлі на допыты, дзе ўзялі падпіскі аб неразгалошванні і канфіскавалі тэхніку. Затым па незалежных ад рэдакцыі прычынах перастала выходзіць друкаваная версія медыя-рэсурсу. У студзені 2022 года суд Маладзечанскага раёна прызнаў сайт і тэлеграм-канал выдання "Рэгіянальная газета" "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Варта адзначыць, што артыкул у Крымінальным кодэксе, які прадугледжвае адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, выключае любую публічную крытычную ацэнку таго, што адбываецца ў Беларусі і парушае свабоду выказвання меркавання і свабоду перакананняў. Дыспазіцыя гэтага артыкула дазваляе на практыцы тлумачыць яе самым шырокім чынам, пакідаючы канчатковае рашэнне за дзяржавай адносна таго, якія перакананні можна ацэньваць у якасці правільных, а якія – у якасці няправільных. У пэўнай ступені гэты артыкул абмяжоўвае свабоду сходаў, паколькі грамадзяне пазбаўляюцца магчымасці збірацца, праводзіць публічныя мерапрыемствы з патрабаваннямі і лозунгамі, якія дзяржава можа расцаніць як дыскрэдытацыю. Па сутнасці артыкул аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь утрымлівае ў сабе перадумову да дыскрымінацыі людзей з альтэрнатыўным меркаваннем і дазваляе трымаць у страху амаль кожнага, хто можа быць пакараны за выказванне свайго меркавання па грамадска значных пытаннях.
Не менш за 45 чалавек у кастрычніку асуджаныя па палітычных матывах