viasna on patreon

"Пагоня" на нумарным знаку, "экстрэмісцкія" падпіскі, "дробнае хуліганства": за што беларусаў судзілі ў лістападзе

2023 2023-12-08T17:27:05+0300 2023-12-08T18:23:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінулым месяцы сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў, якія пратэстуюць супраць дзеянняў улады, або проста чытаюць незалежныя СМІ. Па ўсёй краіне сілавікі больш за тры гады штодзённа затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з жудаснымі ўмовамі. У лістападзе праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра не менш за 465 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 69 арыштаў і 105 штрафаў. Таксама за мінулы месяц павялічылася колькасць выпадкаў пераследу родных актывістаў, якія з'ехалі за мяжу. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў лістападзе. 

Маці двух непаўнагадовых дзяцей, затрыманую па вяртанні з Літвы, адправілі на "суткі"

Ніну Аленіну затрымалі ноччу ў сярэдзіне лістапада ў пункце пропуску "Беняконі" на мяжы з Літвой. У ейным тэлефоне супрацоўнікі мытні знайшлі падпіску на "Люстэрка". Жанчына на судзе прызнала сваю віну. Вядома, што Ніна выхоўвае двух непаўнагадовых дзяцей.

Пры гэтым, згодна з КаАП, адміністрацыйны арышт не можа ўжывацца да жанчын з непаўнагадовымі дзецьмі. Іх нават не могуць затрымліваць больш, чым на тры гадзіны. Але насуперак закону суд арыштаваў жанчыну на сем сутак з канфіскацыяй тэлефона.

Жыхара Навагрудку аштрафавалі за "клас" пад пастом "палітычнай накіраванасці"

У сярэдзіне лістапада ў Навагрудку мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Паводле пратакола, мужчына паставіў "клас" пад публікацыяй з "інфармацыяй палітычнай накіраванасці". Суд аштрафаваў яго на 1 850 рублёў (50 базавых велічыняў).

Маці непаўнагадовага дзіця аштрафавалі за "Пагоню" на нумарным знаку аўтамабіля

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 11 лістапада адбыўся суд над жанчынай, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Яе прызналі вінаватай у "пікетаванні рамкай з выявай "Пагоні" на нумары аўтамабіля" (арт. 24.23 КаАП). Вынікам суда стаў штраф памерам у 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў).

Кіраўніцу ЗАГСу ў Іўі аштрафалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Аксану Фалькоўскую прызналі вінаватай у падпісках на "экстрэмісцкія" групы ў "ВКонтакте" паводле арт. 19.11 КаАП. Суд Іўеўскага раёна пакараў жанчыну штрафам у памеры 740 рублёў (20 базавых велічыняў).

Супрацоўніка чыгункі арыштавалі за падпіскі ў Instagram

Напачатку лістапада ў Оршы быў затрыманы прыёмшчык цягнікоў. На яго склалі пратакол паводле 19.11 КаАП за "экстрэмісцкія" падпіскі ў інстаграме, у тым ліку на праект "body_of_belarus" і "Люстэрку". 9 лістапада аршанскі суд прызначыў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Гомельскага актывіста Анатоля Паплаўнага аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Раней "Гомельская вясна" паведамляла, што 27 лістапада ў Буда-Кашалёўскім судзе над мужчынам адбыўся судовы працэс.

Стала вядома, што суддзя Канстанцін Скорын пакараў Анатоля 10 базавымі велічынямі штрафу паводле ч. 1 арт. 19.11 КаАП. Што канкрэтна стала падставай для пратакола — невядома.

Экс-палітзняволеную арыштавалі на сем сутак за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”

Па інфармацыі “Медыязоны”, 17 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна над былой палітзняволенай з Паставаў Ірынай Палянінай адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП. Яе арыштавалі на сем сутак за рэпосты з “Белсату”, “Хартыі-97”, “Nexta” і “Рэальнай Беларусі”.

Нагадаем, Ірыну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Вынікам стала працягненне яго на два гады.

Ірына — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі. Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.

Бацьку пісьменніка Сашы Філіпенкі арыштавалі на 13 сутак 

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яго, бацьку асудзілі за рэпост з "Люстэрка" (арт. 19.11 КаАП).

Нагадаем, 9 лістапада дома ў пісьменніка адбыўся ператрус, а ягонага бацьку затрымалі.

Пастара з Чашнікаў арыштавалі на 10 сутак

Пратэстанцкі святар, пастар царквы хрысціянаў веры евангельскай з Чашнікаў Аляксандр Плотнікаў быў затрыманы 6 лістапада. Як піша "Хрысціянская Візія", супраць Аляксандра склалі пратакол за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП.

Суд прызначыў яму 10 сутак арышту.

У Глыбоцкім раёне на 8 сутак арыштавалі грамадзянку Расіі за лайкі ў "Аднакласніках"

Алена Крыўко нарадзілася ў Прыморскім краі, але даўно жыве ў Беларусі.

На яе старонцы ў "Аднакласніках" нібыта знайшлі БЧБ-сцяг і некалькі лайкаў у "экстрэмісцкіх" суполках. Судовы працэс у дачыненні да 61-гадовай жанчыны разглядаў суддзя Аляксандр Алексяенка.

Маці дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву прызначылі 15 сутак арышту

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, суткі Інэсе Ворыхавай прызначылі ў якасці папярэджання за рассылкі і рэпосты — і што "калі яна не зразумее, то атрымае крыміналку".

Таксама яны пішуць, што жанчына можа размаўляць з дачкой "толькі па бытавых тэмах, і тое...".

Беларускую мастачку Ганну Крук арыштавалі на 13 сутак

Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай для затрымання стаў артыст-ток Ганны ў адной з кавярняў Мінска. Разам з Ганнай былі 30 лістапада затрыманы яшчэ хлопец і дзяўчына. Супрацоўнікі міліцыі склалі супраць іх пратаколы паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Ленінскага раёна Мінска пакараў Ганну і хлопца 13-сутачным арыштам, а яшчэ адну дзяўчыну арыштавалі на 12 сутак.

У Мёрах за "экстрэмізм" арыштавалі галоўнага ветэрынара раёна

Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч за падпіску ў сацыяльнай сетцы на "экстрэмісцкае" СМІ пастанавіла арыштаваць на трое сутак галоўнага ветэрынара раёна Аляксандра Кезіка.

У судовым пасяджэнні Аляксандр віну прызнаў і растлумачыў, што не аспрэчвае факта падпіскі ў сацыяльнай сетцы "Instagram" на інфармацыйны рэсурс "Люстэрка", які раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Глыбокім за "распаўсюд экстрэмізму" на 10 сутак арыштавалі начальніка гаспадарчага аддзела кадастравага агенцтва

Як стала вядома "Віцебская Вясне", 30 кастрычніка суддзя Глыбоцкага суда Аляксандр Аляксеенка пакараў 10 суткамі глыбачаніна Сяргея Троцкага, начальніка гаспадарчага аддзела Глыбоцкага філіяла РУП "Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Паведамляецца, што мужчына на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" размясціў "экстрэмісцкі матэрыял" і спасылку на "экстрэмісцкі" Youtube-канал.

У судзе Троцкі прызнаў сваю віну часткова, але ўсё адно суддзя Глыбоцкага суда пакараў яго 10 суткамі арышту. Мабільны тэлефон не быў канфіскаваны, яго вярнулі ўладальніку. Але пасады начальніка гаспадарчага аддзела Глыбоцкага філіяла РУП "Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" малады чалавек быў пазбаўлены.

Работніцу мёрскай бальніцы аштрафавалі за распаўсюд "экстрэмізму"

Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч 22 лістапада за падпіску ў сацыяльных сетках на "экстрэмісцкі" інфармацыйны рэсурс пакарала штрафам у памеры 740 рублёў работніцу мёрскай бальніцы Алену Шук.

У судзе стала вядома аб тым, што Алена ў сваім асабістым профілі ў Instagram "размясціла і захоўвала з мэтай распаўсюду публікацыі з інфарэсурса "Люстэрка"". Раней гэта інтэрнет-выданне ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Лекарку з Віцебска аштрафавалі на вялікі штраф

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 16 лістапада за захоўванне ў сацыяльнай сетцы "экстрэмісцкай" інфармацыйнай прадукцыі пакарала штрафам у памеры 925 рублёў лекарку з Віцебска Антонаву.

У судовым пасяджанні "правапарушальніца" паведаміла суду, што была зарэгістраваная ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" некалькі гадоў таму і ў асабістым акаўнце размясціла публікацыі суполкі "TUT.ВY" — на момант размяшчэння гэтая інфармацыйная прадукцыя не з'яўлялася "экстрэмісцкай".

Лекарку з Новалукомля аштрафавалі за падпіскі ў фэйсбуку

Суддзя суда Чашніцкага раёна Васіль Коваль 26 кастрычніка за распаўсюд у сацыяльнай сетцы "экстрэмісцкіх" публікацый пакараў штрафам у памеры 1110 рублёў лекарку-тэрапеўтку Новалукомльскай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціну Залескую.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, Валянціна размясціла і захоўвала ў свабодным доступе на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы "Facebook" інфармацыю з трох суполак, якія раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша "Віцебская Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства