#FreeViasna: агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.
Палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў"
8 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі старшыню "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва.
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16 ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183 ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 |
Арт-інсталяцыя “Нязломныя”, прысвечаная палітзняволеным правааабронцам "Вясны", адкрылася ў самым цэнтры Вільні
Металічная арт-інсталяцыя "Нязломныя" — гэта выявы твараў пяці зняволеных праваабаронцаў “Вясны”— Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
Арт-інсталяцыя будзе знаходзіцца на Лукішскай плошчы да 8 студзеня 2024 года.
"Нязломныя". У цэнтры Вільні з’явіліся твары палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Дэпутаты парламента Малдовы выйшлі з пікетам у падтрымку беларускіх палітвязняў
Акцыя была прысвечана Міжнароднаму дню салідарнасці з Беларуссю. Адбылася яна 1 снежня каля будынка амбасады Беларусі ў Кішынёве
Пікет быў арганізаваны дэпутатамі Парламэнцкай групы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі.
Адзін з плакатаў быў прысвечаны Алесю Бяляцкаму.
У швейцарскім Цюрыху прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Сярод удзельнікаў акцыі — былыя палітзняволеныя Вольга Класкоўска і Іван Андрушойць, Ларс Бюнгер з праваабарончай арганізацыі Libereco, сябры беларуска-швейцарскага аб'яднання RAZAM. Сярод плакатаў — выявы праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Наталля Пінчук распавяла амерыканскаму кангрэсмэну Крыстаферу Сміту аб сітуацыі з Алесем Бяляцкім
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук ў Вашынгтоне сустрэлася з амерыканскім кангрэсмэнам Крыстаферам Смітам. Папярэдняя іх сустрэча была ў 2012 годзе, калі Алесь адбываў першы тэрмін зняволення за праваабарончую дзейнасць.
"Я з удзячнасцю ўспамінаю нашу сустрэчу 10 гадоў таму. Алесь быў у турме па фальшывым крымінальным абвінавачанні першы раз, і Вы нас падтрымалі.
Беларускі народ здзівіў свет у 2020 годзе, калі мноства людзей выступіла супраць дыктатуры. Мірны пратэст брутальна задушылі пры падтрымцы Крамля. Улада трымаецца толькі на падтрымцы Пуціна і бясконцых рэпрэсіях, ад якіх ужо пацярпелі сотні тысяч.
Я вельмі спадзяюся, што нават у цяперашняй сітуацыі, калі зло падняло галаву, калі ідуць агрэсіўныя войны ўва ўсім свеце, дэмакратычны свет падтрымае беларусаў. Мой заклік — Свабоду Алесю! Свабоду ўсім палітвязням!".
Кампанія #FreeViasna ўзяла ўдзел у адвэнт-маркеце мерапрыемства "Беларусь у/і Еўропе"
Кампанія #FreeViasna узяла ўдзел у адвэнт-маркеце на пляцоўцы "Беларусь у/і Еўропе", які адбыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце 6 снежня. Падчас імпрэзы праваабаронцы прадставілі стэнд, на якім чарговы раз нагадалі грамадскасці пра палітзняволеных калегаў.
На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты, выкладчыкі ЕГУ, экспертная супольнасць Беларусі і Еўропы. Падчас подыумнай дыскусіі "Беларусь у/і Еўропе" з вядомымі еўрапейскімі і беларускіх экспертамі, палітыкамі і акадэмікамі прысутныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з беларуска-еўрапейскім супрацоўніцтвам і падзяліліся сваім досведам.
На адвэнт-маркеце, зладжаным пасля дыскусіі, былі прадстаўленыя дзясятак вядомых прадпрыемстваў, НДА, амбасадаў, праваабарончых і адукацыйных ініцыятываў і іншыя.
У Еўрапарламенце падчас еўрапейска-беларускага Межпартыйнага форуму "8+100" адбылася сумесная акцыя падтрымкі беларускіх палітвязняў
Сам форум праходзіў у Брусэлі. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках і плакаты з выявамі палітзняволеных вясноўцаў: Марфы Рабковай і Алеся Бяляцкага.
5 снежня адзначыўся Міжнародны Дзень валанцёра
Тым часам за кратамі застаюцца і двое валанцёраў-вясноўцаў — Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк. Яны былі затрыманыя ў 2020 годзе, а пазней асуджаныя на вялікія тэрміны.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20 |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org