viasna on patreon

Мінчука асудзілі за ўдзел у адной акцыі пратэсту. У якасці доказа выкарысталі яго "аператыўнае апытанне"

2023 2023-12-13T13:00:42+0300 2023-12-13T13:00:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 24 лістапада за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзіў да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" Андрэя Бараноўскага. Такі прысуд вынесла Алена Бушава на падставе ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). У аснову прысуду як доказ віны Бараноўскага было пакладзена "аператыўнае апытанне" падчас агляду тэлефону, у выніку якога былі знойдзеныя падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы і фотаздымкі з акцыі пратэсту. 

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота

Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Андрэю Бараноўскаму паставілі ў віну тое, што ён нібыта блакаваў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго гэтыя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якія выявіліся ў прыпынку транспарту на тэрыторыі горада Мінска, што пацягнула матэрыяльную шкоду на суму 5 839 рублёў 65 капеек.

На працэсе Андрэй віну прызнаў, але ад дачы паказанняў адмовіўся.

З абвешчаных у судовым пасяджэнні паказанняў Бараноўскім, дадзеных у ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што "пад уздзеяннем тэлеграм-каналаў прымаў удзел у масавым мерапрыемстве". Там далучыўся да іншых грамадзян і рухаўся ў натоўпе, у тым ліку, і па праезнай частцы. На той момант у яго карыстанні знаходзіўся мабільны тэлефон, які быў канфіскаваны падчас асабістага вобшуку. Пра месца правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў даведваўся з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызнаныя "экстрэмісцкімі". На тэлефон здымаў сябе і іншых удзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Цікава, што на судзе агучылі пратакол аператыўна-вышуковага мерапрыемства "аператыўнае апытанне" ад 31 жніўня 2023 года, у якім Бараноўскі распавядае пра "абставіны здзяйснення злачынства". Гэты пратакол складае дзве старонкі. Таксама гэтую гутарку запісвалі, а потым праслухоўвалі ў зале суда.

Згодна з даведкай аператыўна-вышуковага мерапрыемства "даследаванне прадметаў і дакументаў, камп'ютарнай інфармацыі" ад 31 жніўня 2023 года і пратакола агляду камп'ютарнай інфармацыі вынікае, што аб'ектам агляду з'яўляўся мабільны тэлефон, які знаходзіўся ў карыстанні Бараноўскага. У ходзе яго агляду ўстаноўлены падпіскі на телеграм-каналы, якія ў цяперашні час прызнаныя "экстрэмісцкімі". У ходзе агляду тэлефона гэтак жа выяўленыя фотаздымкі з акцый пратэсту. Пасля гэтага Бараноўскага затрымалі на падставе арт. 108 КПК па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК.

Таксама падчас папярэдняга следства былі запытаны звесткі аб тэлефонных злучэннях абаненцкага нумара, які знаходзіцца ў карыстанні Бараноўскага за перыяд з 1 жніўня 2020 года па 24 лістапада 2020 года. 

Да суда Андрэй быў пад закладам у памеры 3 700 рублёў. Яны былі на рахунку Упраўлення Следчага камітэта, і па рашэнні суда яны мусяць быць вернутыя на рахунак асуджанага. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства