Зьліквідаваны беларускамоўны дзіцячы часопіс “Бярозка” (Радыё Свабода)
Беларускамоўны дзіцячы часапіс “Бярозка” ад пачатку красавіка спыняе існаваньне, як самастойная адзінка. Загадам міністэрства інфармацыі калектыў рэдакцыі звольнены, а юрыдычныя правы на выданьне “Бярозкі” цяпер належаць “Настаўніцкай газэце”.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта робіцца дзеля эканоміі бюджэтных сродкаў, аднак рэдакцыйны калектыў перакананы, што гэтак званая рэарганізацыя адбылася паводле ідэялягічных меркаваньняў.
Рэарганізацыя распачалася пасьля загаду аб пераводзе “Бярозкі” ў склад холдынгу “Літаратура і Мастацтва”. Але ў абарону выданьня выступілі літаратары й дзеячы культуры, якія накіравалі ліст пратэсту ўраду і ў Міністэрства інфармацыі.
Адказам высокіх чыноўнікаў стаўся перавод часапісу ў падпарадкаваньне “Настаўніцкай газэце”, што не зьмяніла сутнасьці – “Бярозка” пазбаўляецца юрыдычных правоў, а рэдакцыйны калектыў звальняецца ў поўным складзе.
Сярод іншых – Алесь Наварыч, які ёсьць сёлетнім намінантам прэміі Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўнікі ня верыць у эканамічную падставу гэтых зьменаў і мяркуюць, што сапраўднай прычынай ёсьць рэдакцыйная палітыка “Бярозкі”, скіраваная на прапаганду не дзяржаўнай ідэялёгіі, а беларускасьці.
“Бярозка” – адзін зь нямногіх беларускамоўных дзіцячых часопісаў. Сёлета яму спаўняецца 80 гадоў. За гэты час супрацоўнікамі й аўтарамі выданьня былі многія вядомыя ў краіне, пісьменьнікі й паэты. Да прыкладу, Рыгор Барадулін, Уладзімер Ягоўдзік, Адам Глёбус.
Рэдакцыйны калектыў “Бярозкі” накіраваў ліст пратэсту супраць свайго звальненьня на адрас Міністэрства інфармацыі й там, нібыта, паабяцалі паклапаціцца пра далейшы лёс супрацоўнікаў. Аднак пра сапраўднае стаўленьне да былых выдаўцоў “Бярозкі” сьведчыць такі факт: у часе ліквідацыі рэдакцыя падрыхтавала чарговы, трэці нумар “Бярозкі”.