viasna on patreon

Агляд навінаў палітвязняў з 5 па 13 снежня

2023 2023-12-13T15:58:03+0300 2023-12-13T16:00:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ekstremisty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі за мінулы тыдзень былі прызнаныя 33 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1473 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 10 палітвязняў: Генадзь Смірноў, Міхаіл Лапенас, Артур Панчанка, Дзмітрый Паўловіч, Сяргей Алейнік, Андрэй Сяргеенкаў, Алег Крычкоўскі, Дзмітрый Грышчанка, Уладзімір Казека, Дзяніс Лазоўскі .

У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні 

Павел Кучынскі

Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні амаль 2 гады.

Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне на памілаванне на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.

У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарн

З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Палітвязня Віктара Барушку збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Віктар — прадпрымальнік, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. Барушку абвінавацілі у нападзе на супрацоўніка АМАПу і прычыненні яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў (п. 5 ч. 2 арт. 147 КК). Сваю віну Віктар не прызнаў. Яму прысудзілі пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.

Улетку 2021-га Віктара судзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) на тэрыторыі магілёўскай ПК-15, дзе ён на той момант адбываў тэрмін. У выніку яму прысудзілі яшчэ два гады зняволення.

Стала вядома, што 15 снежня ў Горках адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Алены Вараб’ёвай Віктара могуць перавесці ў турму.

Пасля доўгага перапынку аднавіўся суд над палітвязнем Яраславам Саковічам

Яраслаў быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.

У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Але ў жніўні Яраслава пачалі судзіць ужо за "здраду дзяржаве" паводле арт. 356 КК. Меркавана, з 11 верасня ў судзе быў абвешчаны перапынак, але сёння судовыя пасяджэнні аднавіліся.

Былога палітвязня, які цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, затрымалі па новай крымінальнай справе 

Аляксандр Жук — фігурант так званай "справы карагодаў", якая датычыцца акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Яму прызначылі паўтара года "хіміі", якія ён цалкам адбыў і выйшаў на волю 23 ліпеня 2022 году.

Як паведамляе "Берасцейская Вясна", сёння праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі "пакаяльнае відэа", у якім Аляксандр "прызнаецца" ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020-га году — ён нібыта "стаяў першым шэрагу ў счэпцы па вуліцы Савецкай і выкрыкваў розныя пратэсныя лозунгі".

Палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў" 

Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч

8 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі старшыню "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва.

У магілёўскай турме палітзняволены Уладзімір Гундар сутыкнуўся з рэдкай для арыштантаў праблемай 

Уладзімір Гундар

Як паведаміла "Свабодзе" дасведчаная крыніца, трымаюць палітвязня, якія мае інваліднасць, у адзіночнай камеры. Паводле суразмоўца, у пачатку свайго знаходжання ў магілёўскай турме Гундара выводзілі на прагулкі на мыліцах, але потым гэта стала немагчыма.

"Аказалася, што ў яго сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх там няма чым. Такая сітуацыя не прадугледжана. Уладзімір зьвярнуўся да сваякоў, тыя сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома.

Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя", — сказала крыніца.

Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава хочуць перавесці на турэмны рэжым

Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net

У судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Мікалая Сяргейкі, Паўла могуць перавесці на турэмны рэжым.

Нагадаем, Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні Павел перахварэў на сухоты.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Палітзняволеную Яну Пінчук этапавалі ў гомельскую калонію

Яна Пінчук

Суд над Янай распачаўся 10 красавіка ў Мінгарсудзе. Дзяўчыну ў жніўні 2022-га этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Яе абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — у "стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй". Справу разглядалі два месяцы ў закрытым рэжыме. 6 чэрвеня суд прызначыў палітзняволенай 12 гадоў калоніі.

Паводле матэрыялаў следства, "Пінчук больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту".

Нядаўна дзяўчыну КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў". Палітзняволеная ўжо пачала адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 4.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства