Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 15 снежня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Магілёве затрымалі выкладчыкаў і журналістаў, сярод іх — кандыдат навук і экс-дырэктар музея
Прапагандысты 15 снежня распавялі аб нядаўніх затрыманнях магілёўскіх журналістаў і выкладчыкаў.
У сюжэце паказалі затрыманне былога дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова. Таксама сярод затрыманых аказаліся журналіст Барыс Вырвіч, экс-выкладчык МДУ Аляксандр Агееў і кандыдат педагагічных навук Ігар Шаруха.
Вядучая перадачы звязала затрыманне жыхароў гораду з дзейнасцю рэсурсаў 6ТV.bу і «Магілёў Медыя», прызнаных "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Бацюкова прапагандыстка назвала "змоўшчыкам" Зміцера Салаўёва, кіраўніка магілёўскіх выданняў, прызнаных "экстрэмісцкімі", напісала "Медыязона".
У гомельскай кватэры Леаніда Судаленкі адбыўся ператрус
"У гэтыя хвіліны ў Гомелі скончыўся ператрус кватэры, дзе жыве мая сям'я. Што шукаюць — не кажуць, нічога не забралі. Стала вядома пра аб'яву мяне ў Беларусі ў вышук.
Нагадаю, пасля вызвалення з турмы асабістыя дадзеныя патрапілі ў рэспубліканскі спіс экстрэмістаў, а аддзяленне праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Гомелі, якім я кіраваў, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
Супраць мяне ўзбудзілі новую крымінальную справу па артыкуле 361-4 КК "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Раней ператрус прайшоў па месцы маёй рэгістрацыі ў прыватным доме пад Гомелем, на зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным валоданні накладзены арышт", — 15 снежня напісаў Леанід у сацсетках.
У лістападзе 2021-га году яго асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.
Сілавікі затрымалі супрацоўніка "Беларусбанка"
На "пакаяльным відэа" 15 снежня мужчына кажа, што нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога" і з 2015 года ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама яго прымусілі сказаць, што ён быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы" і дасылаў інфармацыю ў чат-боты Nexta, "Голас", "Беларусь галаўнога мозгу".
Паводле інфармацыі "Медыязона" затрыманы — 35-гадовы Артур Філіпаў.
ГУБАЗіК затрымаў дацэнта БДУ
Ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы", а таксама распавядаў сваім сябрам з Расіі пра сітуацыю ў Беларусі — на "пакаяльным відэа", якое з'явілася 15 снежня ў праўладным тэлеграм-канале, яго прымусілі сказаць, што гэтым самым ён распаўсюджваў фэйкі.
Як паведаміла "Наша Ніва", затрыманага завуць Аляксей Семянцоў.
Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў ПКТ
Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.
27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.
Як паведаміла 14 снежня "Рэальная Беларусь", палітыка ў лістападзе змясцілі ў ПКТ на 2 месяцы. Меркавана, яго плануюць перавесці на турэмны рэжым.
Падтрымайце Мікалая: ПК № 15. 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Мікалай Георгіевіч Казлоў
Telegram-чат «Белорусско-грузинско-украинский чат "Россия это зло"» прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 12 снежня. У ім таксама пазначаны людзі, якія нібыта маюць дачыненне да чату: Павел Турчанінаў, Станіслаў Лупаносаў, Ева Рамазанава, Міхаіл Майсак, Дзмітрый Няўгеня, Вольга Сінялёва, Руслан Зубков.
У чаце ўсяго 119 чалавек, а ў яго апісанні пазначана, што "дадзены чат быў створаны ў сувязі з засіллем маскалёў сярод адміністратараў рускамоўных чатаў у Грузіі. Тут жа адміністратар — беларус".
У Наваполацку працягваюцца затрыманні, падчас якіх людзей апытваюць пра Сяргея Ерамеева і правяраюць на паліграфе
Як паведаміла 14 снежня "Віцебская Вясна", агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасля шматгадзіннай гутаркі пра знаёмства з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ нібыта за дыверсію на БАМе, кагосьці вязуць адразу ў суд і судзяць па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП — калі ў тэлефоне знаходзяць "экстрэмісцкія" падпіскі.
Пра крымінальныя справы распачатыя супраць кагосьці з затрыманых апошнімі днямі, пакуль інфармацыі няма. Затрыманні і допыты працягваюцца з 8 снежня.
Пад затрыманні найперш трапляюць тыя, хто, як і Сяргей, меў дачыненне да агульнабеларускага страйку ў 2020 годзе. Затрыманых распытваюць, ці былі яны знаёмыя з былым "нафтанаўцам", якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМу 29 і 30 лістапада, ці казаў ён раней пра падобныя намеры.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 33 чалавекі — цяпер у ім 3628 прозвішчаў
15 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву, асуджанага за данат беларускім добраахвотнікам праграміста Леаніда Райчонка, прадпрымальніка Валянціна Штэрмера.