viasna on patreon

Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка рэпрэсій 22-23 снежня Дапоўнена

2023 2023-12-23T13:58:31+0300 2023-12-23T19:09:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/safarau_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Разам з жонкай затрыманы былы пракурор, палкоўнік юстыцыі Эльдар Сафараў

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося на мінулым тыдні — ім інкрымінаваны арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту. Таксама затрымалі і жонку Эльдара — адвакатку Юлію Станкевіч

Эльдар Сафараў вядомы сваёй працай на шэрагу гучных судовых працэсах. У 2010 годзе ён быў пракурорам на судовым працэсе па палітычна матываванай справе прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча.

Сафараў сыйшоў з органаў восенню 2020-га. У каментары журналістам ён тады сказаў:

"Так, мой сыход звязаны з падзеямі лета і восені. Але ў сістэме застаецца шмат выдатных людзей, і кіраўнікоў, і падначаленых, таму гэтым каментаром я і абмяжуюся — не хачу супрацьпастаўляць сябе ім, не хачу, каб хоць адно слова было выкарыстана супраць іх".


Затрыманыя супрацоўнікі Музею традыцыйнай культуры Браслава

У дамах усіх супрацоўнікаў быў праведзены ператрус. Адбылося гэта 22 снежня. "Белсат" стала вядома, што сярод затрыманых — загадчыца музею Элеанора Зінкевіч, ейны муж, а таксама іншыя супрацоўнікі ўстановы. Падчас ператрусу знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі і стары дакумент з пячаткай, на якой выяўленая "Пагоня".


З'явілася інфармацыя пра масавыя раптоўныя пераводы палітвязняў, асуджаных па цяжкіх артыкулах у іншыя калоніі

Вядома пра такія выпадкі ў івацэвіцкай ПК № 22 і магілёўскай ПК № 15. Паводле папярэдняй інфармацыі, раптоўна пераводзяць у іншыя месцы палітвязняў, асуджаных паводле цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а таксама тых, хто знаходзіцца ў "спісе тэрарыстаў".

Прычыны пераводаў палітвязняў і іх новыя месцы адбыцця тэрмінаў высвятляюцца.


Палітвязня Артура Жвірыдоўскага, які нядаўна адбыў у ПКТ некалькі месяцаў, змясцілі ў ШІЗА

Артур — жыхар Астраўца, асуджаны на тры гады калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў). Яго абвінавацілі ў тым, што ён уначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры БЧБ-паласы. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынку адной з дзяржаўных установаў раённага цэнтру.

Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі летам змясціла палітвязня ў ПКТ на 4 месяцы. Нядаўна Артура зноў перавялі ў атрад, але амаль адразу адправілі ў ШІЗА. Паведамляецца, што яго збіраюцца ўтрымліваць у штрафным ізалятары ажно 4 месяцы — наўпрост да заканчэння тэрміну. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Адрас для падтрымкі: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Артур Анатольевіч Жвірыдоўскі


На гэтым тыдні ў Мінску адбылося затрыманне наведвальнікаў "Вечара незнятага кіно"

Гаворка пра культурную падзею, якую 21 снежня ладзілі арганізатары фестывалю "Нефільтраванае кіно" ў мінскім чайным клубе на Гікала 7а-7. Па інфармацыі "Священный Белавуд", затрымалі некалькі чалавек. Затрыманым прысудзілі суткі арышту, яны знаходзяцца цяпер на Акрэсціна. У чым прычына арышту, і сілавікі з якога падраздзялення працавалі — пакуль невядома. Пазней аўтары канала выдалілі пост пра затрыманне людзей, патлумачыўшы гэта тым, "каб не ствараць людзям, якія і так знаходзяцца ў небяспецы, яшчэ горш".


Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава перавялі ў гродзенскую турму

Павел Вінаградаў

У судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Мікалая Сяргейкі, Паўла перавялі на турэмны рэжым у Гродна. Пра гэта ў сваіх сацсетках распавяла ягоная жонка.

Нагадаем, Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні Павел перахварэў на сухоты.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Падтрымайце Паўла: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Юр'евіч Вінаградаў


КДБ зможа складаць адміністрацыйныя пратаколы

Старшыня КДБ Іван Церцель падпісаў пастанову, якая дае спецслужбам новыя паўнамоцтвы. Цяпер супрацоўнікі КДБ змогуць складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і рыхтаваць такія справы да разгляду.

Гэта тычыцца пэўнага шэрагу артыкулаў. Сярод іх — 13.3 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), 19.10 (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі), 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 19.13 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), 25.5 (адмова ці ўхіленне сведкі ці пацярпелага ад дачы тлумачэнняў), 26.3 (парушэнне абавязкаў па воінскім уліку) і шмат іншых.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 3641 прозвішча

22 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Сярод іншых, у спіс дадалі байкера Андрэя Іванюшына, аршанскага прадпрымальніка Аляксея Цыпілёва, асуджанага за грашовы перавод "Палку імя Кастуся Каліноўскага" Аляксандра Ганчарова.


Пастара ліквідаванай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку выклікалі ў Следчы Камітэт

Пра гэта стала вядома ў Facebook. Пазней стала вядома, што яго адпусцілі пасля допыту.

Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Царквы "Новае Жыццё" 12 снежня. Да гэтага Ганчарэнку неаднаразова затрымлівалі — яму прызначалі штрафы і суткі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства