viasna on patreon

Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год

2024 2024-01-11T09:57:55+0300 2024-01-12T13:19:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fernandocobelo.com.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле праваабаронцаў "Вясны", у 2023 годзе пасля праверак на мяжы былі затрыманы не менш за 207 чалавек. Сярод іх, акрамя беларусаў, былі грамадзяне Украіны, Літвы і Расіі. Амаль усіх затрыманых асудзілі да "сутак" і штрафаў за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, "дробнае хуліганства" або за "пікетаванне" нацыянальнай сімволікай. А мінімум 18 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з якіх — да калоніі. "Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.

Ілюстрацыя fernandocobelo.com
Ілюстрацыя fernandocobelo.com

Каго і за што пераследуюць па вяртанні ў краіну

Пасля перасячэння мяжы з Беларуссю, па падліках праваабаронцаў "Вясны", затрымалі не менш за 207 чалавек па палітычных матывах. Але адзначым, што гэтая лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак. 

Прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, "экстрэмісцкія" рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, і нават фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы.

Вядома, што часцей за ўсё людзей затрымліваюць пасля вяртання з Літвы, але праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх працуючых прапускных пунктах, у тым ліку і на мяжы з Расіяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання. Калі затрыманне адбываецца наўпрост у пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у бліжэйшы РАУС, дзе супраць яго складаюць пратакол.

Пры гэтым кожны дзень апроч затрыманняў адбываюцца і допыты тых, хто заязджае ў краіну. Праваабаронцам вядома, што пытанні ў супрацоўнікаў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Таксама праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў "БЕСпорядки" — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.

"Камісія па вяртанні": як людзі прыязджаюць дадому па дамоўленасці з сілавікамі, а ў выніку трапляюць за краты

Летась Лукашэнка заявіў пра "прынцыповае рашэнне" стварыць міжведамасную камісію для працы з беларускімі эмігрантамі, якую ўзначаліць генеральны пракурор Андрэй Швед. Паводле Шведа, камісія распавядзе ахвотнікам вярнуцца ў Беларусь пра наяўнасць прэтэнзіяў з боку дзяржорганаў і магчымасць вярнуцца, не трапіўшы за краты. Нібыта камісія будзе старанна вывучаць кожнага з таго, хто звярнуўся, каб не прапусціць у Беларусь "экстрэмістаў і тэрарыстаў". Праверка будзе праходзіць "у рамках тых інфармацыйных рэсурсаў і масіваў, якія ёсць у праваахоўнай сістэме". Камісія спыніла сваю працу напрыканцы 2023 года.

Напрыканцы 2021 года сілавікамі была створана праграма "Дарога дадому", якая нібыта "дазваляе тым, хто з'ехаў, вярнуцца без наступстваў". Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, па якім яны могуць гэта зрабіць. Гэта праграма дзейнічала да канца 2022 года. 

Але праваабаронцам вядомыя мінімум тры выпадкі, калі нягледзячы на "дамоўленасці" супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы.

Магчымасцю праграмы "Дарога дадому", напрыклад, скарысталася адміністратарка пратэсных чатаў Таццяна Курыліна. Але ў выніку яе асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Таксама ў лістападзе 2023 года асудзілі 30-гадовага берасцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у "камісію па вяртанні". Яму прызначылі адзін год калоніі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Пры гэтым суд не прызнаў зварот у камісію "безумоўнай падставай для вываду аб яго раскаянні". 

А ў снежні 2023 года прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз "камісію". Жанчыну прымусілі распавесці пра тое, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, "паддаўшыся ўплыву", удзельнічала ў пратэстах у 2020-ым годзе. У выніку Таццяну чакае суд — ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК. Яна знаходзіцца на волі пад закладам.


Важна! Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодзённа цягам ужо трох з паловай гадоў. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп Naviband, размешчаны на “Радыё Свабодзе”, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайце пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў, могуць знайсці ў вашым тэлефоне.


Хто з затрыманых цяпер у зняволенні і як іх можна падтрымаць

Публікуем гісторыі некаторых з іх.

Кацярына Бруханава — два гады і шэсць месяцаў калоніі

Кацярына Бруханава

Кацярына — грамадзянка Украіны, родам з горада Херсон. Яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там універсітэт у 2015 годзе, а ў 2016 пераехала ў Беларусь, дзе працавала перакладчыцай з кітайскай.

25 ліпеня 2023 года Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Сілавікі нібыта ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі "Зеркало"з перасоўваннем расейскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам.

Падтрымайце палітзняволеную лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Кацярына Андрэеўна Бруханава

Кірыл Гняздзілаў — восем гадоў калоніі 

gniazdzilau.jpeg

Кірыл з 2007 года працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у сферу IT. Берасцейца затрымалі проста на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей. 

Справу ў закрытым рэжыме разглядалі цягам шасці судовых пасяджэнняў. Вядома, што яна звязаная з "Чорнай кнігай Беларусі". У Брэсцкім абласным судзе 3 жніўня 2023 года яго асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба

Кірыл Віктаравіч Гняздзілаў

Аляксандра Каско — 10 гадоў калоніі

Аляксандра Каско

У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня палітзняволеную асудзілі да дзесяці гадоў калоніі. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага 2023 года.

Яе асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Яшчэ да суда Аляксандру ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў" і "спіс экстрэмістаў". 

Падтрымайце палітзняволеную пасылкамі, лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Аляксандра Віктараўна Каско

Анастасія Петрачэнка — тры гады калоніі

Анастасія Петрачэнка

Анастасія пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Знаходзячыся ў суседняй краіне яна паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 даляраў ЗША, аднак транзакцыя не прайшла.

Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая.

Падтрымайце палітзняволеную лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Анастасія Алегаўна Петрачэнка

Аляксандр Кулікоў — чатыры гады і шэсць месяцаў

Аляксандр Кулікоў у прапагандысцкім фільме

Магілёвец летась з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. У выніку палітвязня затрымалі ў чэрвені 2023 года па вяртанні з Польшы наўпрост на мяжы і змясцілі ў СІЗА.

Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А нядаўна Аляксандра асудзілі зноў — за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці". 

Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці:

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Аляксандр Уладзіміравіч Кулікоў

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч — шэсць гадоў калоніі

pavel-mazheika_julija-jurhilevicz.jpg

Палітзняволеных абвінавацілі па ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове". Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў.

Паводле матрыялаў справы, Юлія перадала Паўлу інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, а таксама звесткі пра разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Абвінавачванне было ўпэўненае, што Мажэйка перадаў гэтыя звесткі для публікацыі на "Белсат".

Падтрымайце Юлію лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Юлія Пятроўна Юргілевіч

Канстанцін Саламіюк — утрымліваецца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы

salamiuk.jpg

Канстанцін — праграміст з Брэста, які апошнім часам жыў у Польшы. Яго затрымалі ў кастрычніку 2023 году паводлеарт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.

У лістападзе 2023 з палітвязнем выйшла "пакаяннае відэа" з мужчынам, дзе ён казаў, што затрыманы за "шматлікія абразлівыя каментары".

Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці:

СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Канстанцін Сяргеевіч Саламіюк





Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства