У Жлобіне не спыняюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У Жлобіне чацверты год працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі масавай паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. Чарговае судзілішча адбылося 27 снежня 2023 года. За арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо удзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 КК) судзілі Данілу Яроцкага. Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Яроцкага затрымалі 16 жніўня 2023 года, аднак па прычыне хваробы змясцілі ў шпіталь да 6 кастрычніка, пасля чаго да суда вызвалілі пад асабістае паручальніцтва.
Па матэрыялах абвінавачання, Даніла Яроцкі, “прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак у Жлобіне, разам з іншымі выходзіў на праезную частку аўтамабільнай дарогі, перашкаджаючы руху грамадскага і іншага транспарту”.
Пры гэтым, удзельнікі акцыі “пляскалі ў ладкі, гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі розныя лозунгі, дэманстратыўна-грэбліва, адкрыта адмаўляліся ад выканання вышэйзгаданых законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, выказвалі заклікі да спынення выканання супрацоўнікамі АУС сваіх службовых паўнамоцтваў”.
Суд прызначыў Яроцкаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
Першы ў гэтым годзе суд па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса адбыўся ў Жлобіне 11 студзеня над Юляй Сіроткінай. Вынікі яго пакуль невядомыя.