У Мінску пачынаецца суд над барысаўскім фатографам Аляксандрам Зянковым
Разгляд крымінальнай справы барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова распачнецца а 10-й раніцы 12 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе, суддзёй прызначана Жанна Брысіна. Фатографа вінавацяць па ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага Кодэкса РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Паводле санкцый гэтай часткі артыкула, Аляксаандру можа пагражаць ад двух да шасці гадоў абмежавання ці пазбаўлення волі.
Фатографа Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі ў жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку, піша baj.media.
Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.
Раней Аляксандра Зянкова затрымлівалі міліцыянты, але да адміністрацыйнага, тым больш крымінальнага пераследу не даходзіла. Так, ён быў затрыманы ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня 2019 ў Менску на плошчы Якуба Коласа. Прыкладам, у ліпені 2020 года ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, затрыманых у Мінску і адпушчаных пасля праверкі дакументаў. Пасля гэтага, у верасні 2020-га, да барысаўскага фатографа прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.
Аляксандр Зянкоў працуе фатографам-фрылансерам з 1998 года: ён зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працы і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі. Потым захапіўся відэаздымкамі, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла яго творчую працу пра адбудаванне царквы ў вёсцы Зэмбін.
Падтрымайце Аляксандра: СІЗА №1,220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандр Аляксандравіч Зянкоў.