viasna on patreon

Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, затрыманні і палітычныя звальненні: хроніка пераследу 11-12 студзеня

2024 2024-01-12T19:11:00+0300 2024-01-12T20:10:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aljaksandr-ilin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі жыхара Брэста за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту

"Пакаяльнае відэа" з затрыманым 12 студзеня апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" чарговую кнігу

viktar-suvorau_beru-svoi-slova-obratno-v
Кніга Віктара Суворава "Беру свои слова обратно: Вторая часть трилогии "Тень Победы"

Гаворка пра выданне Віктара Суворава "Беру свои слова обратно: Вторая часть трилогии "Тень Победы". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёна Мінска 29 снежня.

У рэцэнзіях да гэтай кнігі пішуць, што ў ёй паказана "пераканаўчая, неабвержная праўда першых дзён вайны на тэрыторыі СССР".


У Магілёве 10 студзеня другі раз запар асудзілі саліста гурта Nizkiz

Аляксандр Ільін
Аляксандр Ільін

Нагадаем, пра затрыманне траіх удзельнікаў гурта Nizkiz стала вядома 6 студзеня. Тады ў Магілёве былі затрыманыя вакаліст і аўтар песень Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зьміцер Халяўкін. Яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 8 студзеня над музыкамі адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 10 студзеня тая ж суддзя разглядзела другую запар справу супраць Аляксандра Ільіна. Яго зноў судзілі паводле арт. 19.11 КаАП, але вынік невядомы.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 3686 прозвішчаў

12 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволенага Аляксея Краснагіра, 65-гадовага Генадзя Дарожкіна і 21-гадовага Антона Кашаеда.


Таццяну Севярынец адпусцілі дадому да суда

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook распавяла 12 студзеня Ганна Севярынец.

"Мама дома да суда. Перадае ўсім добрым людзям дзякуй за клопат і падтрымку".


Затрымалі народнага майстра Беларусі Юрася Камандзірчыка

Народны майстар Юрась Камандзірчык
Народны майстар Юрась Камандзірчык

Як паведаміў "Позірк" 11 студзеня, майстар з'язджаў за мяжу на працу і вярнуўся ў Беларусь, каб аформіць пенсію.

62-гадовы Юрась — член Саюза народных майстроў, з 2021 года Народны майстар Беларусі. Ён адзін з аўтараў мемарыяльнага крыжа беларускаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Ягоныя работы размешчаныя ў розных месцах Беларусі.


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" сайт і сацсеткі медыя "Настоящее время"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёна Віцебска 5 студзеня.

Поўны пералік "экстрэмісцкіх" старонак "Настоящего времени" займае 5 старонак — сярод іх "Настоящее Время. Беларусь", "Настоящее Время. Азия" і нават dzen-старонка медыя.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Telegram-каналы і чаты "МЗКТ для жизни", "Наша Вiлейка", "Сiтуацыйна-аналiтычны цэнтр", "Честные учителя Беларуси", "МЫ НЕ ХОЛОПЫ".


На загад міністра інфармацыі ў Беларусі заблакавалі сайт "Мой Брест"

У Беларусі заблакавалі доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання "Мой Брест". Адпаведны загад выдаў 9 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, паведаміў БАЖ. 

Інфармацыйны сайт "Мой Брест" быў створаны больш за дзесяць гадоў таму і распавядаў галоўным чынам пра навіны, падзеі і людзей, якія маюць дачыненне да Брэста і яго наваколля.


З браслаўскага музея традыцыйнай культуры пасля "хапуна" звольнілі 7 чалавек

Як паведамліа "Віцебская Вясна" 11 студзеня, страцілі працу і тыя, хто адбываў адміністрацыйны арышт, у тым ліку цяпер ужо былая загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, і нават тыя, каму былі прызначаны штрафы.

Вызваленыя пасады пакуль не занятыя: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю — знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры.

Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем даследчыцкая і навуковая праца музея — ёй цяпер папросту няма каму займацца.


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — тэлеграм-канал "Андрей Суздальцев"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 11 студзеня.

Суздальцаў — расійскі палітолаг, палітычны каментатар па беларускай тэматыцы.

Ён нарадзіўся ва Уладзівастоку, у пачатку 1990-х гадоў пераехаў у Беларусь, дзе стаў разгортваць прарасійскую дзейнасць у асяродку дэмакратычнай апазіцыі. У 2006 годзе быў пазбаўлены віда на жыхарства і высланы з краіны. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Суздальцаў ставіў "пад пагрозу нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь".

Пасля дэпартацыі Суздальцаў асеў у Маскве, дзе стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства