viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 16-17 студзеня Дапоўнена

2024 2024-01-17T11:00:00+0300 2024-01-17T11:56:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitryi-harelik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-17 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі за "экстрэмізм" асудзілі дырэктара лялечнага тэатру Дзмітрыя Гарэліка

Дырэктар Гомельскага лялечнага тэатру Дзмітрый Гарэлік
Дырэктар Гомельскага лялечнага тэатру Дзмітрый Гарэлік

Адміністрацыйную справу Дзмітрыя Гарэліка паводле ч.2 арт.19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядала ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля суддзя Сакалова Ганна.

Праваабаронцам пакуль не вядома, што стала падставай для абвінавачанняў і які вырак вынесла Сакалова. Але з сайту Гомельскага лялечнага тэатру прозвішча Гарэліка пакуль не знікла — ён усё яшчэ пазначаны як дырэктар.

Варта адзначыць, што мужчына кіруе тэатрам з 1 чэрвеня 1992 года. У 2023 годзе тэатр адзначыў сваё 60-годдзе, напісала "Гомельская Вясна".


Тэлеграм-канал беларускага мастака-акцыяніста Уладзіслава Бохана прызнаны "экстрэмісцкім"

Уладзіслаў Бохан. Фота: Наша Ніва
Уладзіслаў Бохан. Фота: Наша Ніва

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 12 студзеня.

Былы настаўнік гісторыі з Беларусі Уладзіслаў Бохан, вядомы сваімі пранкерскімі акцыямі ў беларускіх і расійскіх школах.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты "Солигорская игра", "Нация лидеров", "Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці/BSSF", "Беларусы ў ЗША", "ШОС";
  • Instagram старонкі "belarus tv", "karina.jр";
  • Старонкі ва "Укантакце" "Partizan | orchestra", "Першы Рэгiён", "Вячеслав Шевяко";
  • Facebook старонка "BG.Media";
  • Старонка ў "Аднакласніках" "ЕЛЕНА БОРСУК";
  • TikTok-старонкі "nil_la", "POLINA_DOZOR", "Belarus", "BelarusyWarszawa", "Жыве Беларусь!".

Сілавікі затрымалі жыхара Баранавічаў з-за каментароў у чатах — раней яго судзілі за паведамленне пад пастом

vital-korszun.jpg
Віталь Коршун

Праўладныя тэлеграм-каналы 16 студзеня паведамілі пра затрыманне Віталя Коршуна. На "пакаяльным" відэа мужчына кажа, што "заклікаў учыняць гвалт над супрацоўнікамі АМАПа, проста на эмоцыях". Перад камерай ён стаіць у кайданках, напісала "Медыязона"

У верасні 2021 года суд ужо адпраўляў Віталя пад арышт на два месяцы з-за паведамлення пад пастом пра вайскоўца.


У Мінску 18 студзеня пачнуць судзіць вядомага мінскага фатографа  

Анонс судовага пасяджэння ў дачыненні да Аляксандра Васюковіча праваабаронцы "Вясны" заўважылі ў раскладзе судоў.

Яго справу ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска будзе разглядаць суддзя Юлія Крэпская. Аляксандру інкрымінаваны "народны" арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

Аляксандр — вядомы беларускі фатограф-фрылансер. За прафесійную кар'еру ён атрымаў безліч узнагарод за свае працы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Васюковіч знаходзіцца ў СІЗА-1.

Падтрымайце Аляксандра: СІЗА №1,220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандр Алегавіч Васюковіч


Палітзняволенага Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым

Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў

Пра гэта ў Facebook напісаў 16 студзеня зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

"Пасяджэнне праходзіла па відэасувязі. Куды і калі пераводзяць пакуль не вядома", — напісаў ён.

Па інфармацыі праваабаронцаў, адпаведнае рашэнне ў судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня прыняў суддзя Сяргей Кухацкавальц.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.


У Мінску на этапе мантажу забаранілі выставу мастака Уладзіміра Кандрусевіча

Як паведаміў  16 студзеня "Reform", адкрыццё выставы Уладзіміра Кандрусевіча было запланаванае на 16 студзеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. На ёй мастак меркаваў паказаць творы апошніх гадоў.

У сваіх сацсетках Уладзімір Кандрусевіч паведаміў, што выстава прайшла ўсе этапы ўзгаднення. Падчас мантажу выстава была адменена. Прычыны забароны не вядомыя.

Уладзімір Кандрусевіч – беларускі жывапісец, манументаліст. Вядомы ў тым ліку роспісамі касцёлаў. Пра свае жывапісныя творы аўтар піша:

"Мастак-фігуратывіст з Беларусі. Узнаўляе свет да грэхападзення, дзе на першы план выходзіць чалавечае цела – поўнае жыцця, непрыхаванае, не скаванае вузамі ханжаства і крывадушнасці".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства