Патрабуем рэабілітацыі 14 асуджаных удзельнікаў мірных сходаў
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
17 студзеня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:
- свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; гэта свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асоб;
- улады Беларусі адвольна змяшчалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць праследаваць у крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту; пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі;
- улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна праследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, паражаць іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці;
- праваабарончай супольнасцю за названы перыяд былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі больш за 1 000 удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў той час, калі тыя былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра амаль 2 000 асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту;
У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было ўжытае выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было ўжытае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.
Асуджаныя выключна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.
Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія адвольна, у пакаранне за ажыццяўленне права на мірныя сходы былі пазбаўленыя волі: былі заключаныя пад варту, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, і адбывалі пакаранне, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:
Міхаіл Багуцкі, Васіль Дамарад, Дзіяна Лаўрыновіч, Міхаіл Купрэенка, Уладзіслаў Лагуценка, Ілля Лубянаў, Вольга Маліноўская, Вадзім Мірончык, Аляксей Махнач, Яўген Невяроўскі, Яўген Аўчыннікаў, Раман Рафеенка, Ірына Серажонак, Аляксей Цыганоў.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў па брутальным падаўленні мірных акцый пратэсту і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня 2020 года на ўлады Рэспублікі Беларусь. Далейшыя пратэсныя выступы таксама мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.
У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Lawtrend.