viasna on patreon

Распачаўся завочны суд па "справе BYPOL". Фігурантаў абвінавачваюць па 12 артыкулах

2024 2024-01-22T12:25:00+0300 2024-01-22T12:31:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bypol_kalazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 22 студзеня распачаўся завочны разгляд крымінальнай справы супраць кіраўнікоў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL, у якую уваходзіць Сітуацыйна-аналітычны цэнтр і Мабілізацыйны план "Перамога". Арганізацыя займаецца зборам доказаў злачынстваў супраць мірных пратэстоўцаў. Па справе, якая налічвае больш за 60 тамоў, праходзяць Аляксандр Азараў, Матвей Купрэйчык, Ігар Лобан, Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар і Алег Талерчык. Ім ставяць у віну 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх здрада дзяржаве і акт тэрарызму. Справу вядзе суддзя Дзіна Кучук.

Кіраўнікі BYPOL. У верхнім шэрагу злева направа: Аляксандр Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар. У ніжнім шэрагу злева направа: Алег Талерчык, Ігар Лобан, Мацвей Купрэйчык
Кіраўнікі BYPOL. У верхнім шэрагу злева направа: Аляксандр Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар. У ніжнім шэрагу злева направа: Алег Талерчык, Ігар Лобан, Мацвей Купрэйчык

Былых сілавікоў абвінавачваюць у парадку спецыяльнай вытворчасці паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 і 2 арт. 361-1 – Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;

ч. 1 арт. 357 – Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтах захопу дзяржаўнай улады;

ч. 1 і 3 арт. 130 – Распальванне іншай сацыяльнай варожасці;

ч. 2 арт. 367 – Паклёп у дачыненні Лукашэнкі;

ч. 3 арт. 203-1 – Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных;

ч. 1 арт. 361-4 – Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

ч. 3 арт. 361 – Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі;

ч. 1 арт. 356 – Здрада дзяржаве;

ч. 4 арт. 309 – Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродка або шляхоў зносін;

ч. 3 арт. 289 – Акт тэрарызму;

арт. 188 – Паклёп;

ч. 2 арт. 368 – Абраза Лукашэнкі.

Завочны разгляд крымінальнай справы праводзіцца ў адсутнасць абвінавачанага, якога прадстаўляюць адвакаты. У цяперашняй сітуацыі, калі ў Беларусі амаль не засталося незалежных медыя, завочныя судовыя працэсы асвятляюць дзяржаўныя СМІ, якія неаб'ектыўна падаюць інфармацыю і хутчэй выконваюць функцыю прапаганды. 

Нагадаем, шостага сакавіка 2021 года на Алега Талерчыка, Ігара Лобана і “іншых асобаў” завялі крымінальную справу за “распальванне іншай сацыяльнай варожасці” (арт. 130 КК).

У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі “экстрэмісцкім фармаваннем”, а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю “тэрарыстычнай”.

ІнІцыятыва BYPOL была створана ў кастрычніку 2020 года былымі сілавікамі, якія выступаюць супраць рэпрэсій і гвалту і не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. Арганізацыя займаецца стварэннем незалежнага прафсаюза сілавых структур, распрацоўкай праекту рэформаў праваахоўных органаў, зборам доказаў злачынстваў сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў 

Таксама ініцыятыва BYPOL 9 жніўня 2021 года абвясціла аб стварэнні мабілізацыйнага плана “Перамога” для “аднаўлення законнасці і правапарадку ў Беларусі, а таксама вяртанне ўлады ў краіне народу”. Неўзабаве план “Перамога” быў прызнаны ўладамі “экстрэмісцкім”. За рэгістрацыю ў чат-боце плана актыўна затрымліваюць і судзяць беларусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства