viasna on patreon

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-01-23T12:10:00+0300 2024-02-19T12:53:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

23 студзеня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі дзеля ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, што крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

  1. Ксенія Ходырава ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
  2. Віталь Максімчук утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-1 КК па абвінавачванні ў арганізацыі экстрэмісцкага фармавання – адміністраванне пратэснага тэлеграм-чата;
  3. Галіна Краснянская асуджаная паводле ч. 2 арт. 361-3 КК паводле абвінавачвання ў фінансаванні вярбоўкі, навучання, іншай падрыхтоўкі альбо выкарыстання грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях – за ахвяраванні беларускім вайсковым фармаванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі, да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Ірына Бандарэнка ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
  5. Надзея Каранкевіч утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
  6. Аляксандр Зянкоў утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ва ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне за супрацоўніцтва з суб'ектам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкім фармаваннем;
  7. Аляксандр Бойка ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт.361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за перасылку відэа пратэснай тэлеграм-групе; абвешчанай уладамі экстрэмісцкім фармаваннем.

Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Ксенію Ходыраву, Віталя Максімчука, Галіну Краснянскую, Ірыну Бандарэнку, Надзею Каранкевіч, Аляксандра Зянкова, Аляксандра Бойку;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Human Constanta;

Прававая ініцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства