viasna on patreon

Жыхара Лёзненскага раёна асудзілі да трох гадоў калоніі нібыта за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады

2024 2024-01-26T14:26:31+0300 2024-01-26T14:26:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lisica.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 снежня 2023 году у судзе Лёзненскага раёна асудзілі Уладзіміра Лісіцу.  Паводле выраку суддзі Лёзненскага раёна Аляксея Лапушанскага, мужчына мае адбыць тры гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама сплаціць 7 400 рублёў штрафу і  кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам – генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь А. Шведу і дэпутату Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў І. Мядзведскаму – па 3 000 рублёў кожнаму

Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.

Паводле следства, Уладзімір Лісіца выказваўся на адрас яшчэ некалькі вядомых у Беларусі асобаў: «публічна непрыстойныя каментары прагучалі на адрас ваеннага камісара Гомельскай вобласці А.У. Крываносава, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.С. Гайдукевіча, старшыні Глыбоцкага райвыканкама А.М. Шубскага, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі». Пра гэта паведамляе лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі».

«Раёнка» апісвае асуджанага як хулігана, які «мог бы і далей спакойна працаваць у вёсцы вартаўніком», але пісаў каментары «ў непрыстойнай, грубай, зняважлівай, абразлівай форме з ненарматыўнай лексікай. І такія свае меркаванні выказваў у дачыненні да службовых асоб». У судзе гэтых фактаў мужчына не аспрэчваў, а вось з заяўленай кампенсацыяй маральнай шкоды не пагадзіўся, заявіўшы, што дэпутат Наваполацкага гарсавета Мядзведскі  «не панёс ніякіх перажыванняў», а сума, якую пажадаў атрымаць генеральны пракурор Швед,  «завышана».

Лёзненская «раёнка» так падрабязна апісвае дэталі суду, бо Ўладзімір Лісіца – былы «афганец»  і чалавек с прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй, а яго жонка Аксана Лісіца – дырэктарка Высачанскай базавай школы і дэпутатка райсавета 28-га склікання. Уладзімір Лісіца нарадзіўся ва Украіне, у Сумскай вобласці, і замест аватаркі на ягонай старонцы ў «Одноклассниках» — украінскі сцяг. Змест гэтай старонкі, які цяпер па большай частцы выдалены, вывучала Лёзненская раённая пракуратура, і яна  вырашыла, што «інфармацыйная прадукцыя на персанальнай старонцы "Владимир Лисица" ў сацыяльнай сетцы  «Одноклассники» змяшчае прыкметы дзейнасці, накіраванай на садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці, праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў такой дзейнасці. У гэтых мэтах ажыццяўляецца распаўсюджванне заведама ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь; распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка такіх матэрыялаў у мэтах распаўсюджвання».

Паводле заявы пракуратуры раёна, рашэннем суда Лёзненскага раёна ад 28.09.2023 г. інфармацыйная прадукцыя персанальная старонка «Владимир Лисица» ў «Одноклассниках» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства