viasna on patreon

Заява аб прызнанні 15 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-01-30T12:29:20+0300 2024-01-30T16:33:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akcia_protesta_30.08.2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

30 студзеня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права ў час разгляду любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў, разбіральніцтва мусіць быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

  1. Рамана Шчарбакова паводле арт. 130 КК і арт. 361-3, па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" і ўдзеле або падрыхтоўцы да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Дзмітрыя Жунусава паводле арт. 361-3 КК, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на баку легітымных уладаў Украіны — да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі;
  3. Сяргея Зайцава паводле артыкула 369 КК, якога абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады — да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафу, а канчаткова, шляхам складання гэтага прысуду і прысуду за крымінальнае злачынства — да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Дзмітрыя Гуліна паводле арт. 361, 367, 368, 366, 130 КК, па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе, пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы — да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Міхаіла Бабошкі паводле ч. 3 арт. 130 КК, па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы — да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Паўла Кучынскага паводле арт. 293, 295, 356, 309,295-3, 289, 290-4, 290 КК, якога абвінавачваюць у навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, незаконных дзеяннях у дачыненні да боепрыпасаў, здрадзе дзяржаве, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін, незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў; акце тэрарызму, стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзелу ў ёй, пагрозе здзяйсненнем акта тэрарызму — да дзевятнаццаці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Уладзіміра Мазурава ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 356 КК, па надуманым абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Ігара Казубава ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 130, 367, 368 КК, па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Надзеі Лапцёнак паводле арт. 361, 369, 368, 391, 130 КК, якую абвінавачваюць у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый), абразе прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі і суддзі, распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы;
  10. Алега Кацапава ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 130, 368 КК, па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы, абразе А. Лукашэнкі — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  11. Яўгена Емяльянава паводле арт. 130, 368, 361-4 КК, па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы, абразе А. Лукашэнкі і дапамаганні экстрэмісцкай дзейнасці — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  12. Дзмітрыя Сінюты ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 130, 368, 361-4 КК, па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы, абразе А. Лукашэнкі і дапамаганні экстрэмісцкай дзейнасці — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  13. Аляксандра Яшкіна паводле арт. 342, 367, 368, 130, 361-2 КК, па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе, распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы, фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  14. Паўла Яраша паводле ч. 3 арт. 130 КК, якога абвінавачваюць у распальванні "іншай сацыяльнай" варожасці або варажнечы — да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору па крымінальным абвінавачванні, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... Дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту Генрыха (Генадзя) Акалатовіча, святара рымскай каталіцкай царквы, паводле арт. 356 КК, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • асоба пазбаўлена волі абіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Рамана Шчарбакова, Дзмітрыя Жунусава, Сяргея Зайцава, Дзмітрыя Гуліна, Міхаіла Бабошкі, Паўла Кучынскага, Уладзіміра Мазурава, Ігара Казубава, Надзеі Лапцёнак, Алега Кацапава, Яўгена Емяльянава, Дзмітрыя Сінюты, Аляксандра Яшкіна, Паўла Яраша, Генрыха (Генадзя) Акалатовіча – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Human Constanta;

Прававая ініцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства