viasna on patreon

Новыя затрыманні і адміністрацыйны арышт: хроніка пераследу 6-7 лютага Дапоўнена

2024 2024-02-07T10:50:00+0300 2024-02-08T10:40:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_intervju-onliner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі прымусілі жанчыну на камеру цалаваць чырвона-зялёны сцяг

"Пакаяльнае відэа" з жанчынай апублікаваў праўладны тэлеграм-канал 7 лютага. Паводле яго, затрыманая нібы ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і пісала паведамленні ў "экстрэмісцкіх" чатах.


Сілавікі затрымалі адміністратараў Telegram-чата "Общественный транспорт Гомеля" — у ім нібыта праводзілі "дыскрэдытацыю працы грамадскага транспарту"

Як паведаміў праўладны тэлеграм-канал 7 лютага, у Telegram-чаце публікаваліся "забароненыя экстрэмісцкія матэрыялы і арганізоўвалася накіраванне напісаных пад капірку спам-скаргаў у арганізацыі, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі ў Гомелі".

У чаце было крыху больш 100 удзельнікаў і ў апісанні было пазначана, што гэта чат аматараў грамадскага транспарту Гомеля. Напачатку лютага інфармацыйная прадукцыя чата была прызнаная "экстрэмісцкай".


У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ пяць беларусаў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 7 лютага абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.

Сярод іх фігурант "справы ЧКБ" Аляксандр Юшкевіч, 31-гадовы Мікалай Галалюк, 34-гадовы блогер Ілля Салянкоў, 48-гадовы музыка Уладзіслаў Наважылаў, 43-гадовы Уладзімір Марозаў.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1141 чалавек, з іх 412 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1180 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Сілавікі знялі цэлы баявік пра затрыманне пенсіянера за фотаздымак "экстрэмісцкаму фармаванню"

Маладзечанская раёнка 7 лютага апублікавала сюжэт пра затрыманне мужчыны — вялікая колькасць сілавікоў у поўным абмундзіраванні і са зброяй прыйшлі затрымліваць пенсіянера за тое, што ён нібыта даслаў адзін са сваіх фотаздымкаў "экстрэмісцкаму фармаванню" ex-press.livе.

Паведамляецца, што затрыманы — грамадзянін Расіі. Сілавікі пагражаюць яму пазбаўленнем волі ад 2 да 6 гадоў, а таксама дэпартацыяй.


За распаўсюд "экстрэмізму" аштрафавалі настаўніцу з Міёраў

Вольга Нарэйка
Вольга Нарэйка

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 25 студзеня за распаўсюд "экстрэмізму" ў "Аднакласніках" пакарала штрафам у памеры 1000 рублёў настаўніцу міёрскай сярэдняй школы №2 Вольгу Нарэйку.

Згодна з пратаколам, Вольга Феафанаўна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" размясціла інфармацыйную прадукцыю з суполак "Маланка Медыя" і "STOP LUKA", паведаміла "Віцебская Вясна".


Маці непаўнагадовага дзіця, затрыманую на мяжы, асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

У Воранаве 3 студзеня адбыўся суд над жанчынай, якая выхоўвае маленькае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, у пункце пропуска "Беняконі" падчас праверкі тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіску ў Instagram на "экстрэмісцкую" старонку.

Суд прызначыў ёй 25 базавых велічыняў штрафу (1 000 рублёў).


У Беларусі перастаў адкрывацца сайт pozirk.оnline

Пра гэта паведаміла 6 лютага каманда праекту.

Верагодна, ён заблакаваны на патрабаванне ўладаў. Афіцыйных паведамленняў аб абмежаванні доступу да рэсурсу Мінінфармам, як гэта звычайна адбываецца, не было. Доступ для карыстальнікаў унутры краіны магчымы праз сэрвісы VPN.

Кантэнт сайта pozirk.оnline быў прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі" судом Цэнтральнага раёна Мінска 5 снежня 2023 года.

"Позірк" створаны часткай былой каманды найстарэйшага беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і першай у краіне інтэрнет-газеты Naviny.bу.


Чацвёрты раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскай стачкі

aljaksandr-ljaszkou_1.jpg
Аляксандр Ляшкоў

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 25 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Telegram арыштавала на 15 сутак работніка ААТ "Нафтан" Аляксандра Ляшкова. Гэта чацвёрты запар адміністрацыйны арышт удзельніка стачкі 2020 года, які доўжыцца 59 сутак.

У судзе стала вядома, што Аляксандр выкарыстоўваючы акаўнт у мэсэнджэры Telegram ажыццявіў перасылку паведамлення з "экстрэмісцкага" канала з назвай "Беларусь галаўнога мозгу".

Мужчына ў судовым пасяджэнні віну не прызнаў, паведаміла "Віцебская Вясна".


"Затрымліваць прыйшлі пяць здаровых мужчын". У Бярозаўцы за падпіскі затрымалі завуча і сакратарку школы

Тэлеграм-канал "Задержания, суды в Лиде" 6 лютага паведаміў пра затрыманне 30 студзеня ў СШ №1 завуча Алы Чуйко і сакратаркі Святланы Козел. Прычына — "лайкі" і падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы.

Паведамляецца, што школьнікі былі ў шоку, калі затрымліваць жанчын у школу прыйшлі пяць здаровых мужчын. У выніку жанчынам прысудзілі па 30 б.в. (1200 рублёў).


Сілавікі затрымалі мужчыну і дзяўчыну, якія падчас пратэстаў у 2020 годзе далі інтэрв'ю Onliner

zatrymanne_intervju-onliner.jpg
Анастасія Анісько і Аляксандр Шпарло

Як паведаміла "Наша Ніва", затрыманыя — 32-гадовая Анастасія Анісько і 35-гадовы Аляксандр Шпарло. Аляксандр — мінчук, вучыўся ў БДУІР. Анастасія з Віцебшчыны, але ў апошнія гады жыла і працавала ў Мінску.

"Пакаяльнае відэа" з Аляксандрам апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы 6 лютага. Вечарам у той жа дзень сілавікі паведамілі, што Анастасію арыштавалі на 10 сутак. 


Чарговы "хапун" на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 7 чалавек

Пра гэта стала вядома 6 лютага з праўладанга тэлеграм-канала. Усіх іх вінавацяць у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".


Трансгендэрную дзяўчыну Кутузаву Вікторыю арыштавалі на 13 сутак

Кутузава Вікторыя
Кутузава Вікторыя

Інфармацыю аб гэтым парталу "TG HOUSE" паведаміў знаёмы дзяўчыны. Па словах хлопца, затрымалі яе ўвечары 31 студзеня. Калі адбылося пасяджэнне, і па якім артыкуле яе судзілі — невядома.

Нагадаем, пра затрыманне трансгендэрнай дзяўчыны стала вядома 3 лютага. На "пакаяльным відэа" затрыманая расказала, што ў чэрвені 2023 года яе збіў украінец за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТ+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленне з "экстрэмісцкага рэсурсу".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства