viasna on patreon

Мінімум 55 фігурантаў. Распавядаем, каго і як у Беларусі пераследуюць за "здраду дзяржаве"

2024 2024-02-08T09:22:00+0300 2024-02-08T11:48:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_palitviazen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па стане на 8 лютага 2024 года па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) пераследуюцца дзясяткі беларусаў і беларусак па палітычных матывах. Улады яго актыўна выкарыстоўваюць у барацьбе з тымі, хто выступае супраць палітыкі Лукашэнкі. Калі два гады таму налічвалася 12 палітзняволеных, якіх пераследавалі за "здраду дзяржаве", то цяпер — 39. За гэты час адбылося значнае пашырэнне артыкула і яго прымяненне. Агулам на дадзены момант налічваецца мінімум 55 фігуранты справаў аб "зрадзе дзяржаве". Гэта асуджаныя, у тым ліку завочна, і тыя, хто ўтрымліваецца пад вартай у чаканні суда ці ўжо пад судом."Вясна" распавядае, каго ў Беларусі пераследуюць паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе, як гэты артыкул наўпрост цяпер ператвараецца ў "штодзённы інструмент рэпрэсій".

sud_palitviazen.jpg
Ілюстрацыйнае фота

Хто пераследуецца па "здрадніцкім" артыкуле?

Незалежныя журналісты, фігуранты справы "Рабочага руху", святар, музыка, медыяменеджар, бізнесмен, айцішнік, культурніцкі менеджар, былыя сілавікі і вайскоўцы — гэта невялікі пералік, каго ў Беларусі пераследуюць за "здраду дзяржаве".

Праваабаронцам вядома, што ў Беларусі асудзілі мінімум 44 чалавекі паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса. З іх два — завочна. Яшчэ мінімум дзесяць беларусаў утрымліваюцца пад вартай у чаканні суда ці ўжо пад судом. Але гэтая лічба можа быць большай, бо справы аб "здрадзе дзяржаве" знаходзяцца пад заслонай сакрэтнасці, а суды ў сваёй пераважнай большасці праходзяць у закрытых рэжымах. Так, напрыклад, суд над журналістам Дзянісам Івашынам суд закрыў па прычыне таго, што працэсе "разглядалі дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу". Але, нягледзячы на гэта, часам падрабязнасці некаторых справаў могуць паведамляць дзяржаўныя і прапагандысцкія медыя і прэс-службы ведамстваў. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка звяртае ўвагу, што асуджаныя ў завочных працэсах былі пазбаўленыя нават фармальных магчымасцяў крымінальнага працэсу — даведацца сутнасць абвінавачвання і выказаць да яго сваё стаўленне, не кажучы аб праве на абарону і іншых правоў, абавязковых у сілу Канстытуцыі, асноўных палажэнняў нацыянальнага права і якія маюць абавязковую сілу міжнародных дагавораў.

Каго ў Беларусі лічаць "здраднікамі дзяржаве"?

Паводле артыкула "здрада дзяржаве" ў Беларусі ўжо асуджаныя і адпраўленыя ў калоніі, у тым ліку:

Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху".

Не ўсе прычыны пераследу палітзняволеных вядомы праваабаронцам. Але вось што, напрыклад, гаварылася ў абвінавачванні Паўлу Белавусу:

"Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. <...>

Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы". 

Утрымліваюцца ў следчых ізалятарах

Такіх беларусаў і беларусак праваабаронцам вядомы мінімум дзесяць чалавек. Распавядаем пра з іх.

З сакавіка 2023 года пад вартай у СІЗА КДБ паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса ўтрымліваецца палітолаг і аналітык Андрэй Паротнікаў. Таксама паводле за "здраду дзяржаве" пад вартай у тым жа ізалятары ўтрымліваецца ксёндз з Валожыну Генрых Акалатовіч. Мужчыну затрымалі ў лістападзе 2023 года. Сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая. 

Намесніка камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе гвардыі падпалкоўніка Антона Чарамных пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе 15 лютага. Яго абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага" (ч. 2 арт. 356 КК) і "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК). Па гэтых артыкулах яму пагражае ад 10 да 20 гадоў зняволення. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар

Антон Чарамных

Таксама 15 лютага ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс над 28-гадовым жыхаром Петрыкава Іванам Сухамеравым. Яго абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – "здрада дзяржаве". Падрабязнасці абвінавачвання невядомыя. Суд таксама будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Верагодна, пад вартай ён утрымліваецца з сярэдзіны чэрвеня 2023 года – тады ў яго быў суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

suhamerau_90.jpeg
Іван Сухамераў

У Мінскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка 2023 года па гэты час ідзе закрытае пасяджэнне ў дачыненні да трох супрацоўніках мытнай службы Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага.

photo_2024-02-07-11.14.26.jpeg
Яўген Гурыновіч, Уладзімір Журомскі, Віктар Новік

Агулам іх судзяць па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Апроч іншага, іх абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "перавышэнне службовых паўнамоцтваў", "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні". Падрабязнасці справы і прычыны пераследу праваабаронцам невядомыя. Адразу працэс вяла Дзіна Кучук, а потым яе замяніў Сяргей Хрыпач.

У Брэсцкім абласным судзе ідзе ў закрытым рэжыме суд паводле арт. 356 КК над Аляксандрам Скараходам. Справу разглядае Сяргей Беразюк.

У Гродзенскім абласным судзе 18 снежня за "здраду дзяржаве" пачалі судзіць айцішніка Аляксея Навагродскага. Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь. Сутнасць справы, абставіны затрымання і вынікі суда праваабаронцам невядомыя. 

Аляксей Навагродскі
Аляксей Навагродскі

Таксама ў Гомельскім абласным судзе ідзе працэс над Ягорам Краўчэнем. Апроч усяго іншага, яму ставіцца ў віну "здрада дзяржаве". Справу разглядае Анатоль Сотнікаў.

Завочныя суды 

svjatlana-cikhanouskaja.jpg
Святлана Ціханоўская

Завочна ў парадку спецыяльнай вытворчасці ў Беларусі асудзілі двух чалавек і яшчэ над адным суд ідзе цяпер. Першымі, каго завочна асудзілі за "здраду дзяржаве" была лідарка дэмакратычных сілаў — Святлана Ціханоўская. Па сукупнасці з іншымі артыкуламі ёй прызначылі 15 гадоў зняволення завочна. Таксама па гэтым артыкуле асудзілі былога афіцэра ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава — да 18 гадоў. Цяпер па "справе BYPOL" судзяць, у тым ліку за "здраду дзяржаве" Аляксандра Азарава.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае:

"Сярод тых, каму выстаўленыя абвінавачанні ў здрадзе, ёсць людзі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Небяспекі для іх у выніку асуджэння не так відавочныя, але іх не варта ігнараваць: улады неаднаразова транслявалі пагрозы ў дачыненні да завочна асуджаных. Няма ўпэўненасці ў тым, што яны не распачнуць спробаў замаху на іх або выкрадання кагосьці з фігурантаў такіх спраў — дыктатуру, напрыклад, не спыніла разуменне відавочна тэрарыстычнага характару дзеянняў па захопу самалёта з Соф'яй Сапегай і Раманам Пратасевічам на борце. Таксама можа запрацаваць інстытут пазбаўлення грамадзянства — юрыдычныя механізмы ўжо створаны, няма пакуль толькі практыкі іх прымянення".

Смяротнае пакаранне за "здраду дзяржаве"

Важна адзначыць, што год таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі праект закона, які прадугледжвае ў тым ліку ўвядзенне смяротнага пакарання для службовых асоб за здзяйсненне здрады дзяржаве.

Цяпер згодна ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса "здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца", караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.

"Для таго, каб абвінавачаным пагражалі выключныя меры пакарання — пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне, дзеянні павінны быць здзейснены пасля 25 сакавіка 2023 года – дня ўступлення ў сілу адпаведных змяненняў, якія былі закліканы ўзмацніць атмасферу страху", — звяртае ўвагу Павел Сапелка.

Праваабаронца: "Улады імкнуцца зрабіць гэты склад злачынства штодзённым інструментам рэпрэсій"

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка зазначае, што і ў ранейшым, і ў цяперашнім Крымінальным кодэксе гэты склад злачынства "здрада дзяржаве" ("здрада Радзіме" — у КК БССР 1960-га года) змяняўся ў залежнасці ад палітычнага становішча.

"Цяперашняя фармулёўка пазбавілася ад розных атавізмаў у выглядзе адказнасці за ўцёкі за мяжу, але стала надзвычай расплывістай і не дае дакладнага ўяўлення пра тое, якая дзейнасць будзе пераследвацца паводле арт. 356 КК. У адрозненне ад першапачатковай ідэі пераследу за здраду "сваёй" дзяржаве ў інтарэсах іншай дзяржавы, цяпер законам дапускаецца самы шырокі спектр "выгаданабытчыкаў" — ад замежнай дзяржавы да міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці нават іх прадстаўнікоў. А гэта ўжо адкрывае шлях злоўжыванням з боку дзяржавы. І ўлады Беларусі гэтыя злоўжыванні здзяйсняюць паўсюдна, шырока і ў асноўным па палітычных матывах, караючы ў тым ліку за "іншае аказанне дапамогі "пералічаным суб'ектам", накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" — яшчэ аднаму неабсяжнаму паняццю. Пад пагрозай нацыянальнай бяспекі разумеецца патэнцыйная або рэальна існуючая магчымасць нанясення шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, нацыянальныя інтарэсы — сукупнасць патрэбаў дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, якія дазваляюць забяспечваць канстытуцыйныя правы, свабоды, высокую якасць жыцця грамадзян, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь – і ўжо пад гэтыя паняцці можна падвесці практычна любога".

Два гады таму Павел Сапелка спрагназаваў, што дадзены артыкул КК не толькі зробіцца дзейсным інструментам пераследу беларусаў па палітычных матывах, але ўлады пойдуць на пашырэнне гэтага артыкула дзеля пераследу іншадумцаў. Да гэтага мы прыйшлі цяпер:

"Выглядае так, што ўлады імкнуцца зрабіць гэты асабліва цяжкі склад злачынства штодзённым інструментам рэпрэсій. На практыцы гэта выльецца ў прызначэнне неверагодна жорсткіх пакаранняў — да 15 гадоў пазбаўлення волі, а для службовых асоб, якія займаюць адказнае становішча або якія займаюць дзяржаўную пасаду, для асоб, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвага пазбаўлення волі, або смяротнага пакарання".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства