Папаўняецца спіс "экстрэмістаў", новыя затрыманні: хроніка пераследу 9 -10 лютага
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Гомельскага актывіста Васіля Палякова асудзілі другі раз
Праваабаронцам "Гомельскай вясны" стала вядома, што 9 лютага адбыўся суд над Васілём паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі).
Вырак, на жаль, пакуль што невядомы, але вядома, што пасля хвалі затрыманняў і ператрусаў сваякоў палітзняволеных Васіль быў пакараны 15-суткавым арыштам.
У Шчучыне затрымалі юрыста
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання юрыста аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Шчучына за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Роўна год таму знікла сувязь з палітзняволеным Міколам Статкевічам
Нагадаем, Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады і 8 месяцы. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз «другія рукі» атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання. За апошні год ягоныя родныя ніатрымалі ніводнай вестачкі ад Мікалая.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда на сваякоў палітвязняў. Яе асудзілі за "дробнае хулігнаства" да 15 сутак арышту. Днямі яна выйшла на волю.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек — цяпер у ім 3765 прозвішчаў
У пятніцу, 9 лютага, МУС Беларусі зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага за «здзек над дзяржаўным сімвалам» Вадзіма Барысава, асуджанага за «абразу Лукашэнкі» Уладзіміра Раманоўскага, асуджанага за відэа ў TikTok Дзмітрыя Пашына.
Бабруйскія сілавікі ходзяць па людзях, якія «засвяціліся» ў 2020-ым годзе
Паведамляецца, што прыходзяць да людзей, якія былі затрыманыя пасля выбараў ці былі на іх назіральнікамі.
У бабруйчан глядзяць тэлефоны і правяраюць падпіскі ў сацсетках. Праваабаронцам вядома пра як мінімум 15 чалавек, да якіх прыходзілі міліцыянты.